Лукашэнка праехаў на машыне 600 км — правяраў дарогі ва ўсходняй Беларусі

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з навучэнцамі-пераможцамі міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў, са студэнтамі і таленавітай моладзю. Ён пажадаў выпускнікам паспяхова здаць экзамены, а астатнім — цікава правесці вакацыі. Лукашэнка параіў бліжэй пазнаёміцца з нашай краінай, паглядзець на прыгажосць яе прыроды.





"Учора я праехаў сам 600 кіламетраў на ўсход і назад, правяраючы нашыя дарогі, як яны эксплуатуюцца, і з задавальненнем для сябе адзначыў, што наша прырода, калі едзеш на аўтамабілі ці выходзіш — нейкі лясок, рэчка — яна зусім іншая, чым калі глядзіш на яе зверху", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.





Лукашэнка звярнуўся да моладзі і заклікаў яе любіць Беларусь, цаніць яе і ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай, берагчы яе незалежнасць і суверэнітэт. "Яна перадаецца ў вашыя рукі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вучыцеся заўважаць тое добрае, што ёсць вакол вас. Гэта паслужыць вам крыніцай натхнення для новых адкрыццяў і перамог. І хай побач з вамі заўсёды будуць надзейныя сябры, клапатлівыя настаўнікі і бацькі, цікавыя і разумныя кнігі".

 

Фота — ria.ru