Лукашэнка — пра Бабарыку: хай падумае, дзе ён будзе працаваць пасля выбараў

Лукашэнка — пра Бабарыку: хай падумае, дзе ён будзе працаваць пасля выбараў

Падчас наведвання МТЗ Аляксандр Лукашэнка нечакана выказаўся пра патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку, былога кіраўніка "Белгазпрамбанка". Праўда, пры гэтым не назваў яго прозвішча, а называў "банкірам". А пачалося ўсё з пытання нейкага рабочага, які пацікавіўся, ці праўда, што аднаму з альтэрнатыўных кандыдатаў прапаноўвалі пасаду прэм'ер-міністра? Днямі Бабарыка заявіў, што яму прапаноўвалі пасаду прэм'ер-міністра за зняцце з выбараў. Але не сказаў, хто прапаноўваў. Такая прапанова магла быць не з выбарчага штаба дзейнага кіраўніка дзяржавы.

"Я нікому нічога не прапаноўваў, тым больш яму, цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Які вопыт у яго, каб быць прэм'ер-міністрам?"
 
І дадаў, што "гэтаму банкіру час падумаць, дзе ён будзе працаваць пасля выбараў".

Аляксандр Лукашэнка нядаўна заяўляў, што абновіць да выбараў урад. На МТЗ ён падкрэсліў, што паводле Канстытуцыі толькі ён мае права прапанаваць пасаду прэм'ера. Але нікому прапаноў не рабіў.

"У бліжэйшы час вы пабачыце, — гаварыў Лукашэнка. — Я прызначу выканаўцу абавязкаў у гэтым урадзе, і пасля выбараў, калі ён будзе добра працаваць, мы яго зацвердзім". Кіраўнік дзяржавы гаварыў так нібыта ўпэўнены ў сваёй перамозе.

Прэм'ер-міністрам з лета 2018-га з'яўляецца Сяргей Румас.

Пасля Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да Віктара Бабарыкі. "Магчыма, гэтаму чалавеку прапаноўвалі пасаду прэм'ер-міністра ў іншай краіне, — сказаў ён. — Але я так прыкінуў, думаю: у адной [краіне, у Расіі] нядаўна прызначылі [прэм'ер-міністра Міхаіла] Мішусціна. Там маглі яму прапанаваць. Вы ведаеце, на чые грошы ён балатуецца".

Лукашэнка назваў "дробным блефам і падманам" заяву пра прапанову пасады прэм'ера.

Лукашэнка — пра Бабарыку: хай падумае, дзе ён будзе працаваць пасля выбараў
Віктар Бабарыка / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі