“Лукашэнка не сыдзе без крыві”: галоўнае з інтэрв’ю Алексіевіч "Выборчай"

“Лукашэнка не сыдзе без крыві”: галоўнае з інтэрв’ю Алексіевіч "Выборчай"

Святлана Алексіевіч дала вялікае інтэрв’ю польскай Gazeta Wyborcza. У ім шмат цікавага, а не толькі фраза пра каханне да жанчын. Збіраем і перакладаем важныя выказванні беларускай набеліяткі.

Пра наступную кнігу

“Я пішу кнігу пра каханне. Спачатку хацела зрабіць 50 жаночых і 50 мужчынскіх маналогаў, але праз тры гады зразумела, што не здолею прабіцца да мужчын. Тое, што я пра іх напішу, будзе, можа, і цікавым, але павярхоўным і банальным. Гэта не будзе літаратурай высокага класу, бо я не здолею ў іх распытаць як належыць.

Калі я напісала “У вайны не жаночае аблічча”, Адамовіч, дзякуючы якому я знайшла свой шлях, сказаў: “Якое шчасце, што гэта пісаў не я. Мне б не прыйшлі ў галаву сотні пытанняў, якія ты задала, бо я мужчына”. Гэтаксама ў мяне з каханнем. Цяжка. Я напішу гісторыю пра жаночае каханне”.

Пра аднаполае каханне

“Каханне – гэта каханне. Важна, што цуд здарыўся, а з кім – гэта ўжо менш істотна. Я сама кахала ў жыцці і жанчын, і мужчын”.

Пра ад'езд з Беларусі ў пачатку 2000-х

“Мяне мусілі судзіць у звязку з “Цынкавымі хлопчыкамі”, абвінавачвалі ў абразе герояў. Я ведала, што мог знайсціся салдат, які забіў бы мяне, думаючы, што я ўзвяла паклёп на яго. Мне пагражалі. Я атрымлівала трывожныя званкі. Вядома, КДБ працаваў: "Мы бачылі, як ты вядзеш дзіця ў школу, як ты апранутая". Я баялася за сваю пляменніцу.

Другой прычынай ад’езду было тое, што я была расчараваная людзьмі, якіх калісьці лічыла падобнымі да сябе. Я прыходжу ў Саюз пісьменнікаў. Мы гаворым пра сутыкненні паміж міліцыяй і пратэстоўцамі, і пісьменнік, пацягваючы каву, кажа: “Мы далі гэтым сабакам прыкурыць, да крыві!” Я зразумела, што "барыкады" – гэта жудаснае месца. Пісьменнік сядзіць, і ён шчаслівы, што нейкі хлопец разбіў яму галаву. Гэта была чыстая нянавісць. Пра якое новае жыццё ты можаш казаць? Я адчула, што хачу вярнуцца да нармальнага жыцця, убачыць нармальных людзей, жыць. І я з’ехала".

Пра калектыўнага Пуціна

“Куды б вы ні паехалі ў Расію, усюды ёсць фатаграфіі Пуціна, усюды патрыятызм. Але сам Пуцін вельмі маленькі. У мяне была магчымасць убачыць яго ўжывую. Ён робіць сярэдняе ўражанне, кажа нешта бязглуздае.

Я памятаю, як японцы здымалі фільм пра мяне і мае кнігі. Мы паехалі ў Усць-Кут [горад у Іркуцкай вобласці. — Еўрарадыё], дзе я знайшла сям'ю аднаго з маіх герояў. Японскі рэжысёр запытаўся ў нашага кіроўцы: "Што вы хочаце ад гэтай Чачні? Чаму вы прыйшлі туды?" І гэты маленькі чалавек, які проста атрымліваў асалоду ад магчымасці вазіць нас, бо ў яго не было працы, а дома чакалі галодныя дзеці, раптам устаў і сказаў: “Мы павінны змагацца! Мой сын ваюе ў Чачні, і ён памрэ за сваю радзіму!"

Пасля ён назваў мяне здрадніцай, сеў у машыну і з'ехаў. З лесу нам давялося выбірацца самім. Тады я зразумела, што Пуцін сядзіць ва ўсіх”.

“А ў кожным беларусе сядзіць Лукашэнка?”

“Так. Гэта наша сялянскае, калгаснае бачанне свету”.

Пра транзіт улады ў Беларусі

“Усё больш людзей пачынаюць сур'ёзна задумвацца пра сітуацыю ў Беларусі. Але Лукашэнка не сыдзе без крыві. Момант пераменаў будзе цяжкім. Таксама няма чалавека, які мог бы аб'яднаць нацыю і замяніць Лукашэнку”.

Пра магчымае прэзідэнцтва

“Раней была нават гатовая. І мне здавалася, што я ведаю, як гэта рабіць. А цяпер у мяне няма сіл. У 70 гадоў цяжка быць прэзідэнтам, у мяне няма здароўя для гэтага. Аднак я была на вайне, у Чарнобылі. Але ўладай трэба займацца ўвесь час. Вы не можаце быць трохі паэтам і трохі шаўцом. А я ўсё яшчэ больш цікаўлюся пісьменніцтвам, чым палітыкай”.

Пра будучыню Расіі, Украіны і Беларусі

“Я не футуролаг, але, калі гаворка заходзіць пра Расію і Беларусь, шмат што будзе залежаць ад таго, як Украінай будзе кіраваць Зяленскі. Калі ён дакажа, што можа быць створаная іншая краіна, рускія і беларусы таксама падумаюць пра гэта і пачнуць шукаць такіх людзей у сябе дома. І яны знойдуць, калі будзе адпаведная палітычная сітуацыя".

Як адпачывае нобелеўская лаўрэатка

“Навучыцца жыць. Я ўсё яшчэ гэтага не ўмею. Увесь час мяняю заняткі, але не ўмею адпачываць. Я магла б паехаць у Карлавы Вары, але гэта такая нуда, а навокал такая кампанія, што толькі хвароба можа мяне да гэтага змусіць.

Прэмія дала мне ўнікальную магчымасць наладжваць кантакты з кім я толькі захачу. Я магу запрасіць да сябе цікавых людзей, і яны мне не адмаўляюць. Размовы з мудрымі людзьмі – гэта вялікая прыемнасць, асабліва калі яны займаюцца нечым зусім іншым. Тады я адкрываю іншы свет”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі