Лукашэнка — МУС: "У Мінску не павінна быць больш ніякіх беспарадкаў"

Лукашэнка — МУС: "У Мінску не павінна быць больш ніякіх беспарадкаў"

На пасяджэнні Савета бяспекі 19 жніўня Аляксандр Лукашэнка раздаў даручэнні разнастайным ведамствам. 

Памежнаму камітэту ён даручыў узмацніць ахову дзяржаўнай мяжы "па ўсім перыметры ў мэтах недапушчэння ў Беларусь з іншых краін баевікоў, зброі, боепрыпасаў, грошай для фінансавання беспарадкаў". Па словах Лукашэнкі, грошы з-за мяжы ідуць у Беларусь на аплату ўдзельнікам пратэстаў. 

"Плацяць людзям,якія хочуць зарабіць. З кветачкамі пастаяць, яшчэ нешта зрабіць. Я не хачу сказаць, што ўсе такія. Але вялікія грошы паступаюць, і прытым у адкрытую", — перадае БЕЛТА яго словы.

Міністэрству абароны Лукашэнка загадаў сачыць за перамяшчэннямі войскаў NATO на тэрыторыі Польшчы і Літвы. Пры гэтым ён згадаў Гродна, дзе напярэдадні чыноўнікі пагадзіліся выканаць вялікую частку патрабаванняў пратэстоўцаў. "Асабліва ў Гродне, у Гродзенскім кірунку. Таму што ўжо вельмі вялікае жаданне там дэстабілізаваць абстаноўку яшчэ больш, чым у Мінску", — дадаў ён.

Міністэрству ўнутраных спраў Лукашэнка загадаў не дапускаць беспарадкаў, асабліва ў сталіцы. "У Мінску не павінна быць больш ніякіх беспарадкаў. Людзі стаміліся, людзі патрабуюць міру і цішыні", — заявіў ён.

Пры гэтым ён загадаў не браць на працу работнікаў СМІ, якія падтрымалі забастоўку. "Калі нехта ў сродках масавай інфармацыі — АНТ, БТ, яшчэ дзесьці — хочуць пабаставаць, выйсці і потым зноў вярнуцца, такога шанцу ў іх быць не павінна. Сышлі — сыходзьце. Але абараніць калектывы трэба. І гэта наша сёння задача. Яна актуальная", — падкрэсліў Лукашэнка.

Камітэту дзяржбяспекі даручана выяўляць і спыняць арганізатараў вулічных акцыяў. Таксама Лукашэнка даручыў "выкрываць каналы фінансавання беспарадкаў".

Міністэрству замежных спраў загадана інфармаваць кіраўнікоў іншых дзяржаў пра сітуацыю ў Беларусі з афіцыйнага гледзішча. "Каб гэтую інфармацыю атрымалі і Меркель, і Макрон, і Дуда, і Наўседа, і іншыя, і Зяленскі. Каб яны ведалі, што адбываецца ў Беларусі, афіцыйны пункт гледжання", — паведаміў Лукашэнка.  

Пры гэтым ён загадаў прыстрашыць кіраўнікоў іншых дзяржаў: "І папярэдзіць іх (не саромецца) пра адказнасць за распальванне беспарадкаў. Фінансаванне беспарадкаў — гэта і ёсць распальванне. І мы бачым сёння, што гэта фінансаванне працягваецца".

Перад дзяржаўнымі СМІ ён паставіў задачу актывізаваць прапаганду: "Сродкам масавай інфармацыі — тлумачыць, распавядаць, папярэджваць людзей, што праграмы гэтай "чорнай сотні" — шлях у прорву да знішчэння Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы"

Ураду даручана змагацца з забастоўкамі і арганізаваць бесперабойную працу прадпрыемстваў. Пры гэтым Лукашэнка зноў даручыў не браць на працу ўдзельнікаў страйкаў: "Хочаш працаваць — працуй (як я ўжо казаў), не хочаш — за браму, не перашкаджай працаваць іншым. Але вяртання потым назад на гэтае прадпрыемства быць не павінна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі