Вы тут

Лукашэнка, дапамажы! За каго заступаўся беларускі супергерой без плашча

Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка асабіста заступіўся за настаўніцу гомельскай школы № 15 Людмілу Чацвярткову. Яе звольнілі пасля скандальнага відэа, дзе яна трасе партай над галавой вучня з крыкам: "Я пайду ў турму, а табе п...ц!" Але Лукашэнка вырашыў, што ва ўсім вінаватыя разбэшчаныя дзеці, смартфоны і інтэрнэт. Чацвярткову аднавілі на працоўным месцы, дырэктара школы знялі, чыноўнікам абвясцілі вымовы, а чацвёртакласніка, над якім навісала парта, разам з бацькам выклікалі ў інспекцыю па справах непаўналетніх.

Ці мае права Аляксандр Лукашэнка вось так проста ўмешвацца ў сітуацыю і "вырашаць" яе на карысць аднаго з бакоў? У нашай краіне гэта, хутчэй, рытарычнае пытанне. А факт у тым, што кіраўнік Беларусі паступае так не першы раз. Пакуль у сацсетках успамінаюць барадаты анекдот пра незаменнага Лукашэнку, які па тэлефоне дапамагае перабіраць бульбу, успамінаем, каму яшчэ прыходзіў на дапамогу беларускі супергерой без плашча.

    

 

Начныя пакупнікі алкаголю

 

У 2018 годзе Мінгарвыканкам прыняў рашэнне з 1 кастрычніка забараніць у крамах продаж алкагольных напояў з 23:00 да 7:00. Прадаваць спіртное ў гэты час дазвалялася толькі ў барах і толькі ў разліў. Але не прайшло і сутак, як Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся адмяніць "непрадуманыя рашэнні".

Як растлумачылі ў Адміністрацыі прэзідэнта, гэта рашэнне кіраўніка дзяржавы прадыктавана тым, што змагацца з п'янствам і алкагалізмам трэба не такімі аднабокімі забаронамі, якія на практыцы замест чаканага станоўчага выніку абарочваюцца ростам ценявога рынку і крымінальнай сферы, у тым ліку павелічэннем прапанавання кантрафактнай прадукцыі.

 

Кіроўцы, якія не разумеюць па-беларуску
 

19 красавіка 2019 года Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з пасланнем да народа, нечакана звярнуўся да тэмы дарожных знакаў.

"Еду па дарозе. Траса, якую называюць прэзідэнцкай. Вывесілі табло "Выконвай хуткасны рэжым". Зразумела мне, што хацеў сказаць аўтар. Але едзе рускі чалавек або рускамоўны беларус: выконвай... хуткасны... Але зразумеў, што "рэжым". Няўжо [думае] зноў пра дыктатуру Лукашэнкі. Што вы хацелі гэтым паказаць? 50 працэнтаў насельніцтва (з запасам кажу) зразумеюць, што патрабуе дарожнік або даішнік... Але астатнія ж не зразумеюць! Прыйшлося вярнуць назву нармальную. Хто зразумее, што гэта хуткасны рэжым, а не дыктатура Лукашэнкі..."

Праз пару дзён кіроўцы заўважылі "мяккую русіфікацыю" на трасе М3 "Мінск — Віцебск". На прыдарожным інфармацыйным табло надпіс аб выкананні хуткасці пераклалі з беларускай на рускую мову.

 

Беларускія фотамадэлі

 

У 2004 годзе Аляксандр Лукашэнка ехаў па праспекце Пераможцаў у Мінску і ўбачыў білборд з рэкламай гадзіннікаў Omega. На ім красавалася топ-мадэль Сіндзі Кроўфард. Чамусьці яна не спадабалася кіраўніку Беларусі.

"Трэба, каб у мэра Мінска не віселі гэтыя францужанкі з завэдзганымі тварамі [Сіндзі Кроўфард — амерыканка. — Еўрарадыё] на кожным перакрыжаванні, у тым ліку і там, дзе прэзідэнт ездзіць. Сваіх туды фатаграфуйце, і хай рэкламуюць гадзіннікі нашага прадпрыемства, а імпартныя гадзіннікі няхай плацяць нашым дзяўчатам".

На наступны дзень вонкавую рэкламу з амерыканскай супермадэллю прыбралі з вуліц горада. Аднак "завэдзганыя твары францужанак" не адразу змяніліся праведнымі тварамі беларускіх прыгажунь. Камерцыйны білборд замянілі "сацыялкай" для кіроўцаў: табун коней з надпісам "Не гані!".

Але працэс быў запушчаны: цяпер на вонкавай рэкламе ў Беларусі вы не сустрэнеце фотамадэляў не з Беларусі.   

 

"Народныя мсціўцы" з Пухавічаў

 

31 снежня 2008 года ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна адбылося гучнае забойства. Трое аднавяскоўцаў жорстка расправіліся з Мікалаем Макарэвічам, а труп паспрабавалі спаліць. Падчас следства яны расказвалі, што падазравалі Макарэвіча ў падпалах — маўляў, хлопец тэрарызаваў вёску і іншага спосабу спыніць яго не было.

Рэзанансная справа дайшла да Лукашэнкі, і ён нечакана загадаў вызваліць усіх затрыманых!

"Калі ласка, заўтра вы іх адвязіце ў вёску, я вас прашу, няхай яны жывуць у вёсцы, а вы вядзіце сваю крымінальную справу... Ну нягоднік, ён людзей тэрарызаваў, цэлую вёску. Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі. І ўсё ж простыя людзі на іх баку... Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах туляўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску", — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў лютым 2009 года на нарадзе па ўдасканаленні крымінальнага заканадаўства.

У красавіку 2009 года забойцаў прызналі вінаватымі, але атрымалі яны значна менш, чым патрабаваў пракурор. А праз тры месяцы стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка спецыяльным указам памілаваў дваіх асуджаных. З іх нават знялі судзімасць.

 

Удзельніцы Pussy Riot

 

17 чэрвеня 2019 года падчас пералёту з Масквы ў Кіеў на перасадцы ў Мінску дзвюм удзельніцам Pussy Riot — Вользе Курачовай і Вераніцы Нікульшынай — забаранілі ўезд у Беларусь. Дзяўчатам паведамілі, што ім забаронена наведваць нашу краіну да 22 траўня 2020 года. Аднак, нягледзячы на забарону, іх усё ж пусцілі на рэйс у Кіеў.

Ужо на наступны дзень дзяўчатам патэлефанавала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Актывісткі перадалі СМІ расшыфроўку іх размовы:

— Аляксандр Рыгоравіч, прэзідэнт наш, даведаўся пра гэтую сітуацыю, што тут нейкія прэтэнзіі да вас. Дык вось, вы ведаеце, у нас да вас няма ніякіх прэтэнзій. Вольга Уладзіміраўна, калі ласка, у беларускага боку няма да вас ніякіх прэтэнзій. Калі хочаце, прыязджайце, будзем радыя.

...Ну ведаеце, як заўсёды, дзесьці перастра... перапрацаваліся нашы органы, незразумела па якіх пытаннях, таму тут ужо так атрымалася...

— Мы разумеем, дзякуй вам вялікі.

— Кажу, што было здзіўленне, проста здзіўленне — навошта, чаму, што? Мы ўбачылі са сродкаў масавай інфармацыі, убачыў наш прэзідэнт, кажа: "Божа, што гэта такое? А якія ў нас да іх пытанні? Няма ніякіх пытанняў". Усё, няма пытанняў, значыць, я вам тэлефаную. Так што, Вольга Уладзіміраўна, усяго добрага вам.

Пазней начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун падрабязней расказаў пра прычыны забароны на ўезд: "Яны ж сябе праявілі на чэмпіянаце свету па футболе ў 2018 годзе [у Расіі]. І ў мэтах прафілактыкі, каб у нас не паўтарылася такая гісторыя, забарона была ўведзена". Але цяпер, паводле яго слоў, бакі "знайшлі разуменне, што гэтага не паўторыцца".

 

Бацька забітай дзяўчыны 

 

У лютым 2018 года падчас сустрэчы са старшынёй Дзяржкамітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дапамог раскрыць даўняе забойства, па якім паспелі вынесці няправільны прысуд.

"Мне давялося асабіста прымаць рашэньне для таго, каб зноў вярнуцца да крымінальнай справы. Гэта было ў Магілёўскай вобласці. Да мяне звярнуліся простыя людзі — бацька забітай дачкі. Прыйшоў і кажа: Аляксандр Рыгоравіч, ну не можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэнне, і так, як следства правялі. Зваротаў такіх шмат", — падзяліўся ўспамінамі Лукашэнка.

Ён расказаў, што папрасіў бацьку забітай дзяўчыны даслаць усе матэрыялы справы, якія ў яго ёсць. "Я сеў і сам за суткі вывучыў яе. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ: чаго б гэта ні каштавала расследаваць гэтую крымінальную справу. Нягоднікаў знайшлі ў Расіі, прывезлі ў Мінск, завялі зноў крымінальную справу, пачалі расследаваць. Прытым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён забойца. А яго фактычна апраўдалі", — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Пазней сталі вядомыя падрабязнасці справы: Святлану Паддубскую знайшлі ў пачатку лютага ва ўласным доме. Ёй было нанесена 41 нажавое раненне. Па падазрэнні ў забойстве быў затрыманы Юрый Іваноў, які першапачаткова напісаў яўку з павіннай, але пасля размовы з адвакатам адмовіўся ад прызнанняў. У 2010 годзе суд прызнаў яго невінаватым. Але пасля таго як у справу ўмяшаўся Лукашэнка, Іванова затрымалі ў Расіі і даставілі ў Мінск. У траўні 2018-га Вярхоўны Суд прысудзіў мужчыну да 21 года пазбаўлення волі. Юрый Іваноў сваю віну не прызнаў.

 

Фіналісты "Еўрабачання"

 

У 2012 годзе Беларусь на міжнародным конкурсе "Еўрабачанне" прадставіў поп-рок-гурт Litesound. Яны выступілі ў Баку з песняй We Are The Heroes ("Мы — героі"), аднак героямі не сталі. У фінал калектыў не прайшоў, заняўшы ў сваім паўфінале 15-е месца з 18.

 

У гісторыю беларускага ўдзелу на "Еўрабачанні" гэта ўсё ўвайшло зусім з іншай нагоды. Падчас нацыянальнага адбору выбухнуў скандал: журы адправіла на конкурс спявачку Алёну Ланскую, аднак Еўрарадыё злавіла яго на падтасоўцы вынікаў. Лукашэнка распарадзіўся аб стварэнні спецыяльнай камісіі, якая пацвердзіла парушэнні.

Кіраўнік дзяржавы выказаў шкадаванне, што "даводзіцца на ўзроўні прэзідэнта займацца такімі пытаннямі". Аднак Лукашэнка падкрэсліў, што "стрыжнем усёй яго палітыкі з'яўляецца пытанне справядлівасці".

І правільна: фальсіфікаваць вынікі галасавання — гэта дрэнна.