Вы тут

Лукашэнка анансаваў "ледзяную вайну"

Аляксандр Лукашэнка падчас выступу / БЕЛТА

26 траўня, выступаючы ў Нацыянальным сходзе, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню пракаментаваў скандал з пасадкай пасажырскага самалёта Ryanair у Беларусі, з-за якога краіне пагражаюць новыя санкцыі (жывой трансляцыі не было). Ён падкрэсліў, што "самалёт развярнулі каля БелАЭС" і што "дзейнічаў законна, абараняючы людзей, па ўсіх міжнародных правілах". Нагадаў, што там ёсць сістэмы бяспекі (у тым ліку супрацьпаветраная абарона), якія былі"прыведзены ў рэжым поўнай баявой гатоўнасці". Лукашэнка таксама заявіў, што знішчальнік МіГ-29 не прымушаў пасажырскі самалёт да пасадкі.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што паведамленне ад "салдат ХАМАС" (як вядома, гэты рух абверг сваё дачыненне і абурыўся дзеяннямі афіцыйнага Мінска) аб мініраванні самалёта прыйшло з Швейцарыі ("ХАМАС, не ХАМАС — гэта сёння не мае значэння"). Ён абураны, што "на Захадзе адмовіліся ад расследавання" (насамрэч не адмовіліся), што вельмі хутка адрэагавалі, што абвінавачванні "напісаны пад капірку".

Выказаўся Аляксандр Лукашэнка і пра затрыманых Рамана Пратасевіча і Сафію Сапега: "На якія спецслужбы працавалі двое затрыманых?". Пратасевіча ён назваў "тэрарыстам" і "падонкам". Паабяцаў "у бліжэйшы час" прадаставіць запісы паказанняў затрыманых. І дадаў: "У нас няма рэвалюцыянераў, у нас жулікі, якія збеглі за мяжу".

У сваім выступе ён заявіў, што "нядобразычліўцы" Беларусі за мяжой і ўнутры краіны "змянілі метады атакі на дзяржаву", перайшлі праз "мноста чырвоных ліній". Калі раней арганізоўваліся "бунты", то цяпер пачаўся этап "задушвання" — ідзе "сучасная гібрыдная вайна". Лукашэнка заявіў, што "на Беларусь ідзе беспрэцэдэнтны ціск" і гэта "іх зайздрасць з-за бяссілля, што праваліўся дзяржпераварот". Паводле яго слоў, у нашай краіне "задушылі ў зародку хвалю неанацызму". "Ніводная краіна ў свеце не сутыкалася з такім шматпланавым, шматузроўневым тэрорам!", — заявіў прамоўца, маючы на ўвазе пратэсты 2020 года. Лукашэнка лічыць, што пасля Беларусі Захад "возьмецца за Расію".

"Не падабаецца лятаць праз бяспечную Беларусь — лятайце там, дзе загубілі 300 чалавек", — адрэагаў Аляксандр Лукашэнка на забарону палётаў у Беларусь і над Беларуссю, згадаў пра збіты пасажырскі самалёт у 2014-м над Данбасам. Іншы пасыл Захаду: "Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есці і лавіць". Згадаў ён і ўкраінцаў, "мільёны" якіх "стаяць на заходняй мяжы, вымольваючы кавалак хлеба, а алігархі цягнікамі вывозяць чарназём".

Лукашэнка лічыць, што справядлівасць на яго баку. "Спыніцеся!", — звярнуўся ён да Захаду. "Вас трэба спыніць сёння, інакш заўтра будзе позна", — працягваў ён. А далей заявіў, што "мы на парозе нават не халоднай, а ледзяной вайны". І ў ёй Беларусь гатовая стаць "фарпастом Новай Еўразіі".

"...Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, — казаў Лукашэнка. — І калі тут нешта ўспыхне, гэта чарговая сусветная вайна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.