Вы тут

Лосік, Казулін, "Маці-328": самыя вядомыя галадоўшчыкі Беларусі

Талерка і лыжка з музея КДБ у Рызе / agentika.com

Галадоўка — гэта крайняя форма пратэсту. Як правіла, чалавек адважваецца абмежаваць сябе ў ежы, калі разумее, што абараніць свой гонар іншым шляхам не атрымліваецца. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі галадоўкі заканчваліся смерцю пратэстоўцаў. У Беларусі да такога ніколі не даходзіла.

Адміністратар тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" Ігар Лосік з 25 чэрвеня 2020 года знаходзіцца ў зняволенні. Актывіст абвясціў галадоўку 15 снежня, калі яму было прад'яўленае абвінавачанне ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў.

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская і еўрапейскія палітыкі заклікаюць Лосіка спыніць галадоўку, аднак ён адмаўляецца, хоць ягонае здароўе пагаршаецца з кожным днём.

Еўрарадыё ўспамінае, хто і чаму аб'яўляў галадоўку ў нашай краіне. А галоўнае, да якіх вынікаў гэта прывяло.

Андрэй Клімаў, бізнесмен і дэпутат. 1999 год, 15 дзён без ежы

Бізнесмен, дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання Андрэй Клімаў першы раз галадаў “на сухую” адразу пасля арышту ў 1998 годзе. Згубіў прытомнасць праз 5 дзён і спыніў галадоўку. Пазней была яшчэ адна галадоўка — супраць дрэнных умоваў утрымання ў камеры.

“Другі раз я галадаваў праз год, — распавядае Еўрарадыё Клімаў. — У сувязі з цяжкімі ўмовамі ўтрымання ў камеры адмовіўся ад ежы на 15 дзён. Скончылася тым, што маё пытанне вынеслі на абмеркаванне Камісіі па катаваннях ААН.

Ёсць розныя спосабы дабіцца справядлівасці, але калі нічога не дапамагае, то трэба прыбягаць да крайніх. Гэта адзіная мера”.

Умовы ўтрымання Клімава за кратамі ў выніку палепшылі. Палітык дадае, што галадоўка не прайшла без наступстваў для здароў’я: з тых часоў ён мае праблемы з ныркамі.

Сяргей Скрабец, палітык. 2005 год, 40 дзён без ежы

Былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца арыштавалі ў Брэсце. Яго вінавацілі па двух эканамічных артыкулах. У тым ліку — у спробе даць буйны хабар прадстаўніку суда.

“Мяне абвінавацілі нібыта ў тым, што рыхтаваўся даць $30 тысяч суддзі, — распавядае Еўрарадыё Сяргей Скрабец. — Але калі чалавек рыхтуецца да злачынства, дык у яго павінны быць грошы, а ў мяне нічога не знайшлі. Абвінавацілі проста так. У знак пратэсту супраць фальсіфікацыі абвінавачвання я абвясціў галадоўку”.

Каб прыцягнуць увагу да беззаконня, палітык патрабаваў арганізаваць сустрэчу з журналістамі. Сустрэча не адбылася, але Скрабец лічыць, што галадоўка была не дарэмнай: абвінавачванне было знятае, а ўмовы ўтрымання палепшыліся. Ён дадае, што праз галадоўку пачаліся праблемы з ныркамі, суставамі, а таксама абвастрыліся хранічныя захворванні.

Палітык упэўнены, галадоўка — адзіны сродак, каб змяніць сітуацыю ў зняволенні, з якім вымушаная лічыцца адміністрацыя.

Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік. 2005-2006 і 2009 год, 164 дні без ежы

Мікалай Аўтуховіч галадаў двойчы. У 2005-2006 гадах — 74 дні. У 2009 годзе — 90 дзён. Пры дапамозе галадовак дамогся пераводу з турмы пад хатні арышт. У 2009 годзе мэтай Аўтоховіча было спыніць бяздзейнасць следчых, якія адправілі яго ў СІЗА, але некалькі месяцаў адмаўляліся высоўваць афіцыйнае абвінавачванне.

Пасля выхаду з турмы стаў грамадскім актывістам і праваабаронцам.

Аляксандр Казулін, экс-рэктар БДУ, палітык. 2006 год, 53 дні без ежы

Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін 53 дні трымаў галадоўку. Падчас прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 сакавіка, ён быў затрыманы і асуджаны на 5 гадоў турмы. 20 кастрычніка 2006 года Казулін адмовіўся ад ежы, бо хацеў прыцягнуць увагу да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. За час галадоўкі экс-кандыдат у прэзідэнты страціў 40 кг і страшэнна схуднеў.

ЗША тады нават спрабавалі паставіць беларускае пытанне на разгляд Савета бяспекі ААН, але тагачасны прадстаўнік Расіі Віталь Чуркін зладзіў на пасяджэнні скандал і сарваў абмеркаванне.

Андрэй Пачобут, журналіст. 2006 год, сухая галадоўка — 5 дзён

Карэспандэнта польскай “Газеты Выборчай” Андрэя Пачобута затрымалі ў 2006 годзе. Галадоўку ён аб’явіў у знак пратэсту супраць абсурднага абвінавачання: нібыта за нецэнзурную лаянку на вуліцы ў Гродна, хаця сам Пачобут на той момант быў затрыманы ў Мінску.

“Я тады не ведаў, што затрымліваць з такой нагоды — гэта ўжо стандартная практыка, —  распавядае Еўрарадыё Пачобут. — Мяне затрымалі ў Мінску, прывезлі ў Гродна, а там кажуць, што я лаяўся матам. Для мяне гэты было абуральным. Дзеля таго каб паказаць, што адбываецца нахабная правакацыя, я абвясціў сухую галадоўку. Сухую, таму што гэта было адміністрацыйнае пакаранне, а сухая галадоўка больш жорсткая, яна прадугледжвае абмежаванне па часе”.

Журналіста прывезлі ў шпіталь, дзе ён спыніў галадоўку. Тады яго зноў вярнулі за краты да канца тэрміну. “Сухая” галадоўка не прайшла для журналіста без наступстваў: яшчэ доўгі час у яго балелі ныркі.

Андрэй Бандарэнка, праваабаронца. 2009 год, 30 дзён без ежы

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка абвяшчаў галадоўку два разы. Самая доўга была ў 2009 годзе. Ён абыходзіўся без ежы 30 дзён.

“Я галадаў у знак пратэста супраць несправядлівага прысуду, калі мне далі 7 гадоў. У выніку прысуд быў перагледжаны і мяне апраўдалі”, — распавядае Еўрарадыё Бандарэнка.

Праваабаронцу абвінавачвалі ў эканамічных злачынствах. Андрэй Бандарэнка з’яўляецца стваральнікам і кіраўніком інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі “Платформа”. Пасля вызвалення Бандарэнкі арганізацыя аднавіла працу.

Мікалай Статкевіч, палітык. 2010 год, 24 дні без ежы

Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч пачаў галадаць 19 снежня 2010 годзе, адразу пасля затрымання на плошчы Незалежнасці падчас акцыі супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах. Гэта была самая працяглая адмова ад ежы. Мэта — спыненне ціску на сябе і сваіх паплечнікаў.

“Па механізмах і метадах галадоўкі бываюць рознымі, — тлумачыць Еўрарадыё Статкевіч. — Мае турэмныя галадоўкі былі сам насам з рэжымам. Мае галадоўкі бескампрамісныя: толькі вада. Пры такіх умовах ужо праз тры тыдні пачынаюцца незваротныя змены.

Максімальная адмова ад ежы ў мяне — 24 дні ў СІЗА КДБ. Галадоўку спыніў з-за пагрозы гвалтоўнага кармлення. Было без варыянтаў: мне сказалі, што калі страчу прытомнасць, дык апынуся пад кропельніцай прымусова”.

На думку Статкевіча, галадоўка — адзіны сродак, знаходзячыся ў турме, прыцягнуць увагу да несправядлівасці. А калі чалавек пагаджаецца на галадоўку, то трэба дэманстраваць рашучасць.

“Маці 328”. 2018 год, 14 дзён без ежы

“Рух 328” — аб’яднанне жанчын, родныя якіх адбываюць пакаранне па “наркатычным” артыкуле 328. У Крымінальным кодэксе гэты артыкул адзін з самых жорсткіх. Максімальны тэрмін пазбаўлення волі па ім —  25 гадоў. У красавіку 13 жанчын з “Руху 328” адмовіліся ад ежы на 14 дзён. Актывісткі патрабавалі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб расказаць пра несправядлівыя прысуды і занадта вялікія турэмныя тэрміны сваім дзецям.

“Галадоўку распачалі 27 красавіка жанчыны з Калінкавіч і Пухавіцкага раёна, — распавядае Еўрарадыё лідар руху Ларыса Жыгар. — Яны трымалі галадоўку ад пачатку і да канца. Ужо ў працэсе на некалькі дзён падключаліся жанчыны з іншых рэгіёнаў. Галоўная мэта — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, перагляд спраў нашых родных і зніжэнне тэрмінаў па артыкуле 328.

Калі ў Калінкавічах жанчыны руху адмовілся ад ежы, кіраўніцтва горада звязалася з Адміністрацыяй прэзідэнта. Ужо 2 траўня актывістаў з Калінкавіч запрасілі на прыём да Наталлі Качанавай”.

Жанчыны спынілі галадоўку 11 траўня. Ларыса Жыгар дадае, што праз галадоўку атрымалася прыцягнуць увагу замежных дыпламатаў, але патрабаванні актывістак не былі выкананыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.