Лідар ЛДП Сяргей Гайдукевіч абраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу

Лідар ЛДП Сяргей Гайдукевіч абраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч абраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Ініцыятарамі яго вылучэння дэлегатам на сход сталі раённыя ўлады, сцвярджае палітык. Паводле яго слоў, такая прапанова была вельмі нечаканай.

Гайдукевіч: “Ад мяне ўвогуле ніякіх целарухаў не было і я сам быў шчыра здзіўлены, калі мне пазванілі і сказалі: “Сяргей Васільевіч, вы ў сельсавет не заедзеце?”. Я ў іх пацікавіўся, што там у мяне не так — запазычанасць якую маю ці што? Я нават не думаў пра такое, разумееце!”

Сяргей Гайдукевіч раней ужо быў дэлегатам такога сходу — у 2006 годзе. Праўда, тады ён быў дэпутатам парламента, таму ў дэлегацтве не было нічога дзіўнага. Зараз сітуацыя іншая — ён звычайны лідар партыі. Хоць па словах Гайдукевіча, яго "ведае ў твар кожны другі жыхар Беларусі".

Ці будзе дамагацца магчымасці выступіць на сходзе, Гайдукевіч яшчэ не вырашыў. Хоць, кажа, у яго заўжды знойдзецца, што сказаць на публіцы.

Гайдукевіч: “У мяне настрой — прыйсці паглядзець, адчуць гэтую сітуацыю. Магчыма, я і выступлю. Я буду бачыць па абстаноўцы, па сітуацыі — хачу ўбачыць гэта сам. Атмасферу, як гэта будзе адбывацца — усё гэта трэба паглядзець, патрапіць туды. Таму я гатовы да любога варыянту!”

Нагадаем, пяты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 22-23 чэрвеня. Яго дэлегатамі абраныя 2500 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі