Ябацькі, выглядае, парушылі закон аб масавых мерапрыемствах — міліцыя не ўбачыла
![Пікет каля амбасады Польшчы / Еўрарадыё](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/akcija_poland_24_03_2_0.jpg.webp?itok=w2-qyBw5)
Пікет каля амбасады Польшчы / Еўрарадыё
24 сакавіка прыхільнікі Лукашэнкі правялі пікеты каля амбасад Польшчы і Літвы — выказвалі "незадаволенасць умяшаннем дзяржаў у справы Беларусі". Людзі былі з чырвона-зялёнымі сцягамі і плакатамі ў духу "Польскі рэваншызм не пройдзе" і крычалі крычалкі накшталт "Ціханоўскую ў прэзідэнты... Польшчы!".
Як заўважыла Еўрарадыё, пікет праходзіў бліжэй за 50 метраў ад тэрыторыі дыпламатычных прадстаўніцтваў. А гэта забаронена законам аб масавых мерапрыемствах.
Глядзіце самі:
![Ябатьки, похоже, нарушили закон о массовых мероприятиях — но милиция не заметила](/sites/default/files/paragraphs/image/2021-06-01111354.jpg)
Артыкул №9 закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" забараняе правядзенне масавых мерапрыемстваў "на адлегласці, меншай за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў".
Пікеты "ябацек" каля амбасад Літвы і Польшчы прайшлі на адлегласці, меншай за 50 метраў ад дыпламатычных прадстаўніцтваў. Адлегласць ад уваходу ў бізнес-цэнтр, дзе размяшчаецца амбасада Польшчы, да месца пікету — каля 35 метраў. У прысутных была магчымасць правесці сваю акцыю крыху далей, у скверы Балівара, і нічога не парушаць, але яны ёю не скарысталіся.
Падобная сітуацыя з амбасадай Літвы: тут "ябацькі" сабраліся на супрацьлеглым баку вуліцы Нагорнай, дзесьці за 30 метраў ад дыпламатычнага прадстаўніцтва. Хоць маглі адысці крыху бліжэй да жылога дзевяціпавярховіка і нічога не парушаць.
![Ябатьки, похоже, нарушили закон о массовых мероприятиях — но милиция не заметила](/sites/default/files/paragraphs/image/2021-06-01130624.jpg)
З пытаннем аб законнасці правядзення гэтых пікетаў Еўрарадыё звярнулася ў Мінгарвыканкам. І з адказу за подпісам Арцёма Цурана даведалася: пікеты былі санкцыянаваныя, а "парушэнняў парадку арганізацыі і правядзення вышэйзгаданых масавых мерапрыемстваў, а таксама парадку забеспячэння аховы грамадскага парадку і медыцынскага абслугоўвання з боку арганізатараў не ўстаноўлена".
Хоць здавалася б: каб устанавіць парушэнне, дастаткова было проста вымераць адлегласць ад пікетоўцаў да амбасады.
![Ябатьки, похоже, нарушили закон о массовых мероприятиях — но милиция не заметила](/sites/default/files/paragraphs/image/snimokekrana2021-06-01v130800.png)
Гэта не першыя і не апошнія акцыі прыхільнікаў улады, якія адбываюцца практычна каля варот дыпламатычных прадстаўніцтваў. Але яшчэ ні разу побач з пратэстоўцамі не былі заўважаныя міліцыянеры, якія заклікалі б выконваць заканадаўства і адысці далей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.