Лазавік: Хацелася б, каб апазіцыя больш актыўна рыхтавалася да выбараў

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік лічыць, што прадстаўнікі ўлады актыўна рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў, а пра апазіцыю гэтага не скажаш.

Чыноўнік адзначыў, што прадстаўнікі ўлады актыўна заняліся прыёмам грамадзян, вывучаюць іх патрэбы і вырашаюць іх праблемы. "Гэта сведчыць аб тым, што ўлада імкнецца падысці да выбараў з мінімальным наборам разнастайных нявырашаных праблем", — перадае БелаПАН словы Лазавіка. Ён лічыць, што такія грамадскія арганізацыі, як "Белая Русь" і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, "дастаткова актыўна займаюцца падрыхтоўкай да выбараў, працуюць са сваім актывам, праводзяць інструкцыйныя нарады".

Разам з тым Лазавік наракае, што да Цэнтравыбаркама не даходзіць інфармацыя пра дзейнасць апазіцыйных арганізацыяў і партыў па падрыхтоўцы да выбараў. Чыноўнік ведае, што ў апазіцыі "вялікія рознагалоссі па кандыдатуры адзінага, па якой ніяк не могуць дамовіцца". На яго думку, гэта сведчыць аб раз'яднанасці апазіцыйных сілаў. "Нам хацелася б, каб і прадстаўнікі апазіцыі больш актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў", — заяўляе сакратар ЦВК.

Нагадаем, што найбольш верагоднай датай прэзідэнцкіх выбараў называюць 15 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі