Латушка: ці паклікалі Фазеля на паляванне на стужачкі?

Рэнэ Фазель сфатаграфаваўся з Дзмітрыем Баскавым / t.me/kyky_org
Рэнэ Фазель сфатаграфаваўся з Дзмітрыем Баскавым / t.me/kyky_org

Лідар Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракамментаваў візіт у Мінск прэзідэнта Міжнароднай федэрэацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазеля і яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і Дзмітрыем Баскавым.

"Сутнасць візіту Рэнэ Фазеля застаецца ганебна відавочнай, якімі б прыгожымі словамі пра "спорт па-за палітыкай" ні спрабавалі прыкрываць паддыванную ўгоду",напісаў Латушка ў сваім тэлеграм-канале.

У канцы студзеня ў IIHF павінныя вызначыцца з месцам правядзення чэмпіянату свету па хакеі — 2021. Матчы мусяць прайсці ў траўні-чэрвені ў Беларусі і Латвіі. Але пасля таго, як беларускія ўлады жорстка задушылі грамадзянскія пратэсты ў краіне, Рыга заявіла, што не бачыць магчымасці праводзіць сумесны чэмпіянат з Мінскам. Федэрацыі шэрагу краін, у тым ліку Даніі і Фінляндыі, загаварылі пра байкот чэмпіянату, калі матчы пройдуць у Мінску. Цяпер абмяркоўваецца пытанне аб магчымым пераносе матчаў з Беларусі ў іншую краіну. На гэтым фоне прэзідэнт IIHF Рэнэ Фазель прыехаў у Мінск абмеркаваць сітуацыю з Аляксандрам Лукашэнкам. Акрамя кіраўніка дзяржавы Фазель сустрэўся і з кіраўніком Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым, у дачыненні да якога міжнародная федэрацыя праводзіць расследаванне. Баскава меркавана бачылі ў двары на "Плошчы Перамен", дзе невядомыя зрэзалі бел-чырвона-белыя стужачкі, а мясцовыя жыхары спрабавалі ім перашкодзіць. Сярод мясцовых быў і Раман Бандарэнка, які быў збіты і памёр праз суткі пасля затрымання ў бальніцы.

У гэтай сувязі лідар НАУ задаецца пытаннем: "Ці запрасілі спадара Фазеля на папулярную ў старшыні федэрацыі хакея Беларусі забаўку — начное паляванне на стужачкі і мірных беларусаў?"

Латушка таксама дазволіў сабе выказаць здагадку: калі па выніках візіту Фазеля ў Мінск Міжнародная федэрацыя хакея ўсё ж такі рызыкне правесці матчы турніру ў Беларусі, то, па словах лідара НАУ, "гуляць давядзецца супраць вельмі шматлікай каманды" — каманды ўсяго народа.

"Нягледзячы на арышты і рэпрэсіі, на якія вы закрываеце вочы, наша каманда будзе самай моцнай, бо мы на баку Дабра", — адзначыў Латушка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі