Вы тут

Купала, Чарнобыль, спайсы: якія фільмы здымаюцца ў Беларусі ў 2020 годзе

Фота sb.by са здымак фільма "Купала". На заднім плане можна разгледзець транспарант "Далоў царскі ўрад!".​

Філасофскія драмы, дэтэктывы і нават вострасюжэтны трылер у стылі серыяла "Вельмі дзіўныя справы" — такія стужкі абяцаюць выпусціць у пракат беларускія рэжысёры сёлета. Больш падрабязна пра сюжэты навінак даведалася Еўрарадыё. 

"Адлюстраванне", Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў 

Вострасюжэтны трылер пра падзеі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Шасцёра маладых людзей трапляюць у зону адсялення і выпадкова становяцца прычынай гібелі чалавека. Стваральнікі праекта абяцаюць кіно ў стылі серыяла "Вельмі дзіўныя справы" ад Netflix.

Вытворчасцю карціны займаецца беларускі ютуб-гігант — кампанія "Медыя Куб". Заказчык — Міністэрства культуры. Ведамства вылучыла на стварэнне стужкі больш за 900 тысяч рублёў. 

"Лібертэ", Андрэй Курэйчык 

"Неверагодна абвостраная эмацыянальная гісторыя, у якой пачуццё віны паміж маці і яе сынам даведзена да ўзроўню вобраза і сілы старажытнагрэцкага канфлікту. Тэма нашага фільма — унутраная свабода і сумленне. Я не абяцаю, што гэта кіно будзе глядзець лёгка", — апісвае сюжэт рэжысёр фільма Андрэй Курэйчык.

Адну з роляў у "Лібертэ" сыграў пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес. Гэта першы выпадак, калі дыпламат такога ўзроўню ўдзельнічае ў здымках незалежнага беларускага кіно.

"Разлічваем, што фільм будзе гатовы летам", — дзеліцца планамі з Еўрарадыё Андрэй Курэйчык. Філасофскую драму здымае кінакампанія "БезБуслоў артс" у партнёрстве з "Рэд Студыя". 

 “Spice Boyz”, Уладзімір Зінкевіч 

Памятаеце вусцішную гісторыю, калі двое хлопцаў пад дзеяннем спайсаў выразалі вочы свайму сябру? Гэты выпадак, які адбыўся ў 2014 годзе, лёг у аснову сюжэта фільма "Spice Boyz". Дзеянне адбываецца на працягу аднаго дня. Кампанія маладых людзей дзеліцца на дзве часткі: тых, хто каштаваў наркотыкі, і тых, хто спрабуе выжыць. Трылер выйдзе з пазнакай "18+": абяцаюць шмат чорнага гумару і максімальны натуралізм.

"Авантуры Пранціша Вырвіча", Аляксандр Анісімаў 

Ігравы фільм па рамане Людмілы Рублеўскай выйдзе ў лютым-сакавіку, абяцае "Беларусьфільм". Сцэнар стужкі максімальна набліжаны да літаратурнага твора. Дзеянні разгортваюцца на беларускіх землях у XVIII стагоддзі. Галоўны герой — вучань Мінскага езуіцкага калегіума Пранціш Вырвіч, які ўцёк з яго і адпраўляецца ў займальнае падарожжа па краіне.

Поўнаметражную стужку плануюць агучыць на беларускай мове. Заказчык карціны — Міністэрства культуры.

На здымках фільма "Купала".

“Купала”, Уладзімір Янкоўскі

Самы маштабны праект "Беларусьфільма" за апошнія гады выйдзе ў мінскі пракат не раней другой паловы 2020-га. Першым стужку праглядзіць (а можа быць і ўжо паглядзеў) Аляксандр Лукашэнка. Можа быць, менавіта з-за гэтага "галоўнага гледача" прэм'еру фільма ўжо пераносілі некалькі разоў.

Фільм прысвечаны лёсу народнага паэта Янкі Купалы, які жыў у складаны час, а таксама станаўленню беларускай інтэлігенцыі і культуры ў пачатку ХХ стагоддзя.

Ну і яшчэ адзін факт, каб вы ацанілі маштаб і сур'ёзнасць: бюджэт "Купалы" — 1 мільён долараў.

"У пошуках анёла", Ігар Чацверыкоў

Дэтэктыўны псіхалагічны трылер здымаюць у павільёнах кінастудыі "Беларусьфільм". Сюжэт такі: міліцыянер і дзіцячы псіхолаг Аксана Палісевіч расследуюць знікненне падлетка, якое ўзрушыла невялікі правінцыйны горад.

Здымкі пачаліся ў снежні 2019 года і працягнуцца тры месяцы. Здымачная група будзе працаваць у Мінску, Бабруйску і Маладзечне. Рэжысёр Ігар Чацверыкоў і сцэнарыст Валянцін Залужны да "анёла" разам працавалі над фільмамі "Дзяржаўная мяжа", "Участак лейтэнанта Качуры", "Правілы геймера".

"Ілюзіі", Іван Паўлаў

Яшчэ адзін праект ад "Беларусьфільма" — цэлы камедыйны серыял. Шасцёра маладых людзей (неяк так супала, што тры хлопцы і тры дзяўчыны), ратуючы свой студэнцкі тэатр ад закрыцця, павінны ў самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць паспяховы спектакль. Усё гэта — на фоне складанага павуціння асабістых адносін, як у найлепшых сіткомах 1990-х.

"Лёс дыверсанта", Дзмітрый Астрахан

Як жа ў 2020 годзе — ды без беларускага фільма пра Другую сусветную вайну? Гісторыю беларускага партызана і падпольшчыка Фёдара Крыловіча "Беларусьфільм" плануе выпусціць да 9 мая. Рэжысёр-пастаноўшчык — расіянін Дзмітрый Астрахан.

У 1943 годзе Крыловіч падарваў у Асіповічах адразу чатыры нямецкія эшалоны са зброяй і гаручым. Праз 16 гадоў дыверсант памёр, усімі забыты. Цікава, ці будзе пра гэта ў фільме.

 

Са здымак фільма "Мішэнь", facebook.com/VeberOleg

“Мішэнь”, Аляксандра Бутар 

Здымкі фільма скончыліся ў жніўні мінулага года. Імі займаецца кінакампанія "Тэрыторыя кіно", дырэктар якой — рэжысёр "Мішэні" Аляксандра Бутар.

"Мы знялі поўны метр пра дзяўчынку, якая стала сведкай таго, як бацька забіў яе маці. 13 гадоў яна правяла ў дзіцячым доме, а ён у турме. Выйшаўшы з дзіцячага дома, гераіня адпраўляецца на курсы па стральбе, каб у выніку адпомсціць бацьку. Фільм цяпер знаходзіцца ў мантажы. Выхад у пракат плануецца восенню", — падзялілася з Еўрарадыё падрабязнасцямі Аляксандра Бутар.

Чакаецца, што беларуская прэм'ера фільма пройдзе восенню 2020 года. Перад тым яго чакае фестывальны пракат.

“Казановы”, Сяргей Гіргель

Гэта камедыя пра чатырох таварышаў, якія вырашылі знайсці сабе жанчын на адну ноч. Стваральнікі карціны апісваюць сюжэт так:

"Казановы" знаходзяць разнастайныя прыгоды і нават не падазраюць, што іх чакае ў канцы гэтага любоўнага квэсту. Гэта эксцэнтрычная камедыя з элементамі лёгкага BDSM".

У Беларусі рэжысёр Сяргей Гіргель вядомы стварэннем серыяла "Аўташкола".

"Лекі для Веры", Андрэй Лескін

Гэтая карціна — дэбютны праект мінскай кінакампаніі "Брама", якая атрымала блаславенне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла. Фільм — пра маладога святара Міхаіла, у жонкі якога Веры знаходзяць рак. Стваральнікі стужкі хочуць, каб яе гледачы задумаліся пра сэнс жыцця і маральнасць сучаснага грамадства.

Акцёры фільма "Лекі для Веры". facebook.com/filmlekarstvodlyavery/

"Пражэкцёры", Улада Сянькова

Малады рэжысёр Улада Сянькова выходзіць на крэйсерскую хуткасць — па адным поўнаметражным фільме ў год. Як і папярэдняя стужка "II", "Пражэкцёры" прысвечаны маладым людзям. На гэты раз яны спрабуюць сябе ў бізнесе і шукаюць сваё месца ў жыцці.

Рабочыя матэрыялы падказваюць, што гэта будзе драмедзі са шчырымі сцэнамі. Улада расказала Еўрарадыё, што да канца года плануе выпусціць фільм у пракат.

“AIDS ZONE”, Андрэй Вайтовіч

У снежні 2019 года журналіст Андрэй Вайтовіч сабраў на "Кікстартары" 15 тысяч долараў на здымкі свайго дэбютнага фільма. "AIDS ZONE" будзе прысвечаны праблеме забабонаў у адносінах да ВІЧ-інфікаваных. Вайтовіч раскажа гісторыю Светлагорска 1990-х — буйны беларускі райцэнтр захліснула эпідэмія ін'екцыйных наркотыкаў, якія неслі з сабой ВІЧ. Андрэй Вайтовіч страціў у гэтай неаб'яўленай вайне некалькіх блізкіх людзей.

У студзені 2020 года рэжысёр расказаў Еўрарадыё, што здымкі фільма яшчэ працягваюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.