“Буду змагацца за сваю Радзіму”. Што жыхары Латвіі думаюць рабіць, калі Расія нападзе

Сталіца Латвіі — Рыга

Сталіца Латвіі — Рыга / Shutterstock

Незапланаваны візіт у Рыгу і Маскву дырэктара ЦРУ Джона Лі Рэткліфа спарадзіў шэраг тэорый пра тое, навошта ж гэтая паездка ўвогуле была патрэбна Вашынгтону. Найбольш рэзананснай аказалася версія, што ўрад Трампа вырашыў так перасцерагчы Пуціна ад спробы напасці на краіны НАТА ўжо гэтай восенню ці зімой.

І магчымай мэтай такога нападу можа стаць Латвія, на якую расійская прапаганда ў апошні час нападае ўсё больш жорстка.

Еўрарадыё спытала ў жыхароў Латвіі, так ці інакш звязаных з Беларуссю, што яны думаюць пра гэтыя чуткі і што плануюць рабіць у выпадку найгоршага развіцця падзей.

 

Андрэй, тэатральны драматург, журналіст і кінематаграфіст

— Эмацыйны стан пасля такіх навін у мяне заўсёды так сабе. Я ўвогуле чалавек трывожны, і кожнае “цудоўнае” паведамленне пра тое, што вайна пачнецца ў бліжэйшыя паўгода, у бліжэйшы год і гэтак далей, мяне вельмі прыгнечвае. 

Ілюстратыўнае фота, фота The ManKind Project

Але, з другога боку, мы ў гэтым жывём, па сутнасці, ужо пяты год. І хутчэй гэта проста трымаеш на падкорцы, не дазваляючы моцна ўплываць на сваё жыццё.

Я не ведаю, ці ёсць штосьці прынцыпова новае ў гэтым прыездзе кіраўніка ЦРУ ЗША спачатку ў Рыгу. Я чуў, што тое ж самае было перад уварваннем ва Украіну, і, зразумела, Пуціна гэта не спыніла. 

Але я буду прытрымлівацца парады аднаго з экспертаў, які сказаў, што зараз трэба ўважліва сачыць за тым, што будзе пісаць амерыканская прэса, бо, магчыма, ЦРУ будзе зліваць ёй нейкія засцярогі і прагнозы.

Ці гатовы я маральна да такога развіцця падзей? Ну, маральна, пэўна, так, намагаюся быць гатовым і фізічна. У мяне ўжо даўно сабрана крызісная сумка на 72 гадзіны з вадой, сухарамі, кансервамі — проста каб было спакойней на душы.

Што буду рабіць, залежыць ад таго, які будзе маштаб, калі, не дай бог, штосьці такое адбудзецца. Шмат хто сыходзіцца ў думцы, што наўрад ці гэта будзе поўнамаштабнае ўварванне па прыкладзе Украіны, бо такія прыгатаванні проста немагчыма схаваць.

Буду шчырым, я баюся. Я ўвогуле чалавек, нясхільны да гвалту, ні разу не біўся. Адзін раз мне рускі гопнік даў па галаве — вось і ўвесь мой досвед. Таму мне адкрыта страшна. 

Ну і з улікам таго, што расійская армія, вядома, не выклікае ніякай павагі, а толькі страх і агіду, калі будзе стаяць выбар — ісці і рызыкаваць жыццём ці выратоўвацца шляхам ад’езду, — цалкам магчыма, што я выберу другое. 

Памерці на вайне ў 33 гады не хацелася б, а геаграфічнае становішча краін Балтыі пакідае не так шмат опцый для адступлення. Не скажу, што ганаруся гэтым прызнаннем, але, прынамсі, адказваю шчыра.

 

Наста Захарэвіч, беларуская палітуцякачка, журналістка

— Асабіста для сябе я яшчэ ў канцы лютага 2022 года ўмоўна прыняла як факт, што вайна тут будзе. І нейкі час мне трэба было з гэтым змірыцца. А цяпер я проста жыву ад адной навіны да другой з думкай: можа, зараз, а можа, пазней.

Наста Захарэвіч, фота Delfi.lv

Я ўжо моцна не хвалююся. І не таму, што мне ўсё роўна, а таму, што немагчыма ўвесь час хвалявацца. З аднаго боку, ёсць шмат аргументаў, чаму гэтага можа не адбыцца, чаму можа не быць сапраўднага нападу менавіта на Латвію. 

Але эмацыйна мне ўсё роўна здаецца, што гэта можа адбыцца. Пры гэтым вельмі вялікіх думак і эмоцый з гэтай нагоды ў мяне ўжо, здаецца, няма. Канешне, мне б не хацелася, каб гэта адбылося. Я ўжо больш не панікую. Проста будзе крыўдна, калі так станецца.

Сярод маіх знаёмых я таксама найчасцей чую не столькі эмацыйныя абмеркаванні — каму страшна ці не страшна, — колькі размовы пра тое, як гэта ўплывае на планаванне жыцця. Напрыклад, набываць маёмасць ці не набываць. Вось такое далёкае планаванне, я б сказала, ад гэтай сітуацыі цярпіць.

Я разумею, што цалкам падрыхтавацца [да вайны] маральна немагчыма. Гэта ўсё адно будзе ўдар і ўсё адно будзе шок.

Калі гэтыя словы акажуцца праўдай, то ў мяне сыграе мая журналісцкая ідэнтычнасць. Я буду спрабаваць выжыць ва ўмовах акупацыі і працаваць. 

У мяне тут вялікіх варыянтаў няма. У мяне няма латвійскага грамадзянства, таму я не магу, напрыклад, пайсці зараз у латвійскі аналаг тэрытарыяльнай абароны. Я магу рабіць сваю працу.

А калі мне ў трэнажорцы асабліва цяжка штосьці даецца, я проста нагадваю сабе, што трэба быць лепш фізічна падрыхтаванай да магчымай акупацыі.

 

Дзмітрыйс Міхайлаўс, былы палітзняволены, бодзібілдар і прадпрымальнік 

— Асабіста я пра гэта не думаю, таму што навучыўся думаць толькі пра тое, што залежыць ад мяне асабіста. Калі такія падзеі прыйдуць у маё жыццё, тады ў мяне будзе выбар — у той жа дзень, у тую ж гадзіну, — што мне рабіць. Зараз я на гэта не рэфлексую. Я жыву сённяшнім днём і стараюся, зыходзячы з таго, што адбываецца вакол, кожны дзень атрымліваць задавальненне ад жыцця. Прабачце такое крыху дзэнскае стаўленне, але гэта так.

Дзмітрыйс Міхайлаўс, фота Rus.tvnet.lv

Што тычыцца маіх блізкіх і сяброў, то ўвогуле грамадства ў Латвіі крыху падзелена. І нават не на дзве часткі — рускамоўных і этнічных латышоў, — а на некалькі. Гэтае раздзяленне ў асноўным праходзіць па тым, пад уздзеяннем якой прапаганды знаходзяцца людзі. 

Ёсць тыя, хто цалкам знаходзіцца ў канве мясцовай прапаганды плюс больш-менш адэкватных заходніх навін. Ёсць тыя, хто нагружаны расійскай, менш — беларускай, а больш менавіта расійскай прапагандай. 

Ёсць і катэгорыя людзей, якія ўвогуле не глядзяць навіны і проста жывуць сваім жыццём. Таму кожны рэагуе на ўсё гэта па-свойму.

Я, як чалавек камунікабельны, шмат з кім размаўляю, але нейкага моцнага напружання ў грамадстве не адчуваю. Каб людзі толькі пра гэта і гаварылі, баяліся Расіі, Пуціна ці дронаў — у маім асяроддзі такой панікі няма.

Калі працягнуць гэтую думку, то, калі б Пуцін быў хоць бы ў такім псіхічным стане і меў здольнасць аб’ектыўна ацэньваць тое, што адбываецца вакол, як Лукашэнка, тады можна было б нешта прагназаваць. 

<...> Але гэта Пуцін. І за апошнія, напэўна, пяць гадоў ён не прыняў ніводнага лагічнага рашэння, нават калі ўсё складвалася так, што можна было зрабіць нешта, што было б добрым для ўсіх, і для яго ў першую чаргу. Ён ні разу гэтага не зрабіў. Таму немагчыма прадказаць, што ён можа зрабіць.

<...> Што тычыцца таго, ці рыхтуецца да такой рызыкі дзяржава або грамадства, то я не з’яўляюся супрацоўнікам дзяржаўных службаў ці чыноўнікам. Магчыма, сярод іх дзесьці нешта і праводзіцца, але, наколькі я разумею, пакуль цішыня.

І, на жаль, латвійскія ўлады ніколі не вылучаліся нейкім вельмі жывым, моцным менеджментам, эфектыўным кіраваннем або нейкімі адказнымі крызіснымі рашэннямі. Як бы я ні любіў сваю краіну, пахваліцца гэтым бокам я не магу.

Вось да нас у маі заляцелі два дроны. У маім родным Рэзекнэ, дарэчы, на ўрадавы будынак нешта ўпала. І яны не маглі зразумець, што гэта за дроны, што з гэтым рабіць і чаму гэта адбылося. У выніку ўрад змянілі.

<...> То-бок я бачу шмат папулізму і страху. Страх перад такой магчымасцю, хутчэй за ўсё, у палітыкаў прысутнічае. І, магчыма, таму сюды і прылятаў дырэктар ЦРУ.

<...> Таму, калі ўжо так паглыбляцца, латвійскія ўлады — дакладна не тыя людзі, якія сёння могуць у крызіснай сітуацыі прымаць нейкія сур’ёзныя рашэнні.

Калі казаць пра маю ўласную гатоўнасць да найгоршага развіцця падзей, то эмацыйна мне зразумела, што я буду змагацца за сваю Радзіму.

Я ў беларускай турме наглядзеўся на “рускі свет”. Па бізнесе за апошнія 20 гадоў я паездзіў па ўсёй Расіі. Я бачыў “рускі свет” за сто кіламетраў ад Масквы. Мне нават не трэба гэта паказваць. Я таксама размаўляў з бежанцамі з Данбаса, якія тут жывуць. Таму ўсімі сваімі, хай і абмежаванымі, сіламі я, вядома, буду змагацца за тое, каб “рускага свету” тут не было.

Што тычыцца канкрэтных планаў, то, ведаеце, ёсць прынцып: “Хочаш міру — рыхтуйся да вайны”. Я жыву па іншых прынцыпах. Мне здаецца, што калі пачнеш рыхтавацца да вайны, то будзе вайна.

Таму я тут у нейкай ступені давяраю Богу, давяраю Сусвету. Я не думаю: “Ага, калі прыляціць «Шахед», дзе будзе мая дачка? Дзе будзе мой сын?” У мяне няма такой панікі, няма гэтага ціску.

І ў цэлым я ўсё ж думаю, што ўсё будзе добра.

 

Мікалай Шастак, выканаўца ролі ў фільме “Купала”, акцёр і кінематаграфіст

— Што тычыцца магчымага нападу, <...> то тут пакуль ніхто напэўна нічога не ведае. Ёсць розныя тэорыі і здагадкі, але дакладнасці факта, што кіраўнік ЦРУ прыязджаў канкрэтна па пытанні магчымага нападу Расіі на Балтыю, у нас няма.

Мікалай Шэстак, фота Rus.tvnet.lv

Тэарэтычна ён мог ляцець з нагоды вайны ў Іране, якая цяпер для амерыканцаў нашмат важнейшая за Украіну, або абмяркоўваць нейкія іншыя пытанні. Рыга ў дадзеным выпадку магла быць проста зручным маршрутам, паколькі Латвія — краіна НАТА. 

Акрамя таго, кіраўнік ЦРУ заставаўся там на некалькі дзён, таму цалкам мог абмяркоўваць цэлы шэраг тэм. Мы дакладна не ведаем, што менавіта там адбывалася.

У коле знаёмых гэтая тэма хутчэй не абмяркоўваецца. Я стаўлюся да таго, што адбываецца, абсалютна спакойна, нейтральна і крытычна. Пакуль нічога не адбываецца, таму я не бачу сэнсу праз гэта панікаваць.

Цяпер у нас пачынаецца перадвыбарны час, а Латвія — парламенцкая рэспубліка. Таму палітыкі практычна ўсіх партый спрабуюць нагнятаць абстаноўку і зарабіць на гэтым нейкія палітычныя ачкі. У гэтым кантэксце я б не стаў успрымаць кожную падобную заяву як сведчанне таго, што сапраўды рыхтуецца напад.

Маральна да такога развіцця падзей я гатовы. Калі тэарэтычна нешта падобнае адбудзецца, то, хутчэй за ўсё, гаворка можа ісці пра нейкія аб’екты або правакацыі — напрыклад, у Балтыйскім моры, у дачыненні да нейкіх труб і гэтак далей.

Напэўна, будуць спробы нешта праверыць або справакаваць. Пры гэтым я не ведаю, наколькі можна давяраць пятаму артыкулу НАТА, які, умоўна кажучы, павінен абараняць любую з краін Балтыі. Таму я не ведаю, наколькі Расія наогул адважыцца пайсці на такі крок.

Тым больш мы бачым, што цяпер Расія захрасла ва Украіне і ўжо некалькі гадоў фактычна топчацца на адным месцы. Таму мне здаецца, што такі сцэнарый малаверагодны. Хоць, вядома, у лютым 2022 года таксама казалі, што поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну малаверагоднае, але ў выніку адбылося тое, што адбылося. Таму цалкам выключаць нічога нельга.

Мяне цяпер у значна большай ступені хвалююць мае сябры, якія жывуць ва Украіне і кожны дзень падвяргаюцца ў Кіеве бамбёжкам. Мне здаецца, ім цяпер нашмат цяжэй, чым нам. Таму я стараюся глядзець на сітуацыю менавіта з гэтага пункту гледжання.

Калі казаць пра тое, што я збіраюся рабіць у выпадку нейкага нападу, то цяпер я нічога канкрэтнага планаваць не збіраюся. Калі гэта сапраўды адбудзецца, буду дапамагаць усімі магчымымі спосабамі. А далей, напэўна, ужо на месцы падзей будзем вырашаць, што рабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.