Навошта ЦРУшнік прыязджаў у Маскву і чаму Тэхас супраць дата-цэнтраў. Амерыканскі веснік
Амерыканскі веснік / Euroradio
Пра што размаўляюць у гасціных дамоў Вашынгтона і Нью-Ёрка, пакуль мы спім, — у штотыднёвым аглядзе Еўрарадыё.
“ЦРУшнік” у Маскве
Кіраўнік ЦРУ прылятаў у Маскву, каб папярэдзіць пра недапушчальнасць нападу на НATА, пішуць Politico і The Wall Street Journal. Гэты візіт не анансаваўся, і ні Вашынгтон, ні Масква не паведамлялі пра яго вынікі. Калі пра яго ўсё ж стала вядома, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увогуле сціпла назваў візіт “руцінным”. У Крамлі кажуць, што сам Пуцін ні з кім не сустракаўся — гэта быў кантакт “спецслужбаў са спецслужбамі”.
Але, паводле журналістаў, якія спасылаюцца на ўласныя крыніцы, кіраўнік ЦРУ Джон Рэткліф падчас візіту папярэдзіў Маскву пра “недапушчальнасць нападу на краіны НATА”. Гаворка ідзе пра Эстонію, Латвію і Літву. Крыху раней The Wall Street Journal ужо пісаў, што Расія можа захацець праверыць альянс “на трываласць”.
Крыху пазней Трамп заявіў, што не хоча каментаваць магчымасць нападу Расіі на краіны НATА. А потым дадаў, што “яны не збіраюцца нападаць на тэрыторыю НATА”.
“ЦРУшнікі” ўжо прыязджалі ў Маскву — мінулым разам у лістападзе 2021 года. Тады былы кіраўнік ведамства Уільям Бёрнс прыязджаў папярэдзіць Крэмль пра недапушчальнасць уварвання ва Украіну. Вайна пачалася менш чым праз чатыры месяцы.
Міністр вайны праводзіць чысткі ў арміі
Міністр абароны ЗША Піт Хегсет правёў чыстку ў арміі і фактычна разагнаў усё кіраўніцтва, піша The New York Times. Момант няўдалы: у гэты час танныя іранскія беспілотнікі і ракеты працягваюць абстрэльваць амерыканскія базы на Блізкім Усходзе.
Усё пачалося з таго, што ў красавіку Хегсет без тлумачэння прычын звольніў генерала Рэндзі Джорджа — і армія засталася без начальніка штаба арміі. Потым Хегсет прымусіў сысці ў адстаўку як мінімум трох высокапастаўленых афіцэраў, якія маглі б замяніць генерала. І да гэтага часу гэтую пасаду ніхто не заняў.
Генерал Джордж адказваў за падрыхтоўку і аснашчэнне армейскіх падраздзяленняў па ўсім свеце. Кажуць, яму і Хегсету было складана наладзіць адносіны. У міністра абароны было шмат недаверу да вышэйшага кіраўніцтва арміі, піша амерыканскае выданне.
Пасля службы ў Іраку і Афганістане Хегсет быў вымушаны пакінуць Нацыянальную гвардыю праз татуіроўкі, якія палічылі экстрэмісцкімі.
“Армія, якую я любіў, за якую ваяваў, якую шанаваў, выплюнула мяне”, — напісаў ён у кнізе 2024 года.
Кажуць, яшчэ і міністр арміі Дэніел П. Дрыскол вось-вось пакіне сваю пасаду. Менавіта яго разглядалі як кандыдата на замену Хегсету, калі б той раптам страціў прыхільнасць Трампа. На карысць таго, што Дрыскол пакіне пасаду, сведчыць і той факт, што ён ужо выехаў з дома, які здымаў недалёка ад Вашынгтона.
І гэта яшчэ не ўсё. Кажуць, Хегсет звольніў або прымусіў сысці ў адстаўку каля паўдзясятка высокапастаўленых афіцэраў — цэлае пакаленне найбольш загартаваных у баях кіраўнікоў арміі. І, паводле крыніц The New York Times, гэта стане праблемай яшчэ на бліжэйшыя некалькі гадоў.
Ёсць і доўгатэрміновая праблема. Звальненні нелаяльных вайскоўцаў — гэта сігнал, што армія больш не з’яўляецца апалітычнай структурай, а вайскоўцы прысягаюць Канстытуцыі, а не прэзідэнту. І гэта ўжо значна большая праблема.
Без Трампа ўсё рухне
Дональду Трампу вельмі хацелася, каб “Цэнтр Кенэдзі” называўся “Цэнтрам Трампа — Кенэдзі”. Але амерыканскі суд палічыў, што гэта дрэнная ідэя. Можна падумаць, Трампа гэта спыніла.
У савеце дырэктараў Цэнтра Кенэдзі шмат прыхільнікаў дзеючага прэзідэнта. Так атрымалася, што ў 2025 годзе Трамп распусціў папярэдні апякунскі савет і прызначыў новых членаў, а тыя абралі старшынёй самога Трампа. Ну і прагаласавалі за тое, каб дадаць яго імя да імя Кенэдзі, пісала BBC. У рэшце рэшт, у абодвух стралялі.
А калі суду гэта не спадабалася, савету дырэктараў прыйшла ў галаву яшчэ адна інавацыйная ідэя: яны вырашылі, што ўстанову можна назваць хаця б “Цэнтрам выканальніцкіх мастацтваў імя Джона Ф. Кенэдзі — адноўленым і рэканструяваным прэзідэнтам Дональдам Трампам”. Нібыта так яны і рашэнне суда не парушаць, і патрэбнае імя ў назву ўставяць.
Потым яшчэ слова ўзяў Мінюст. Там заявілі, што Цэнтр Кенэдзі проста прыйдзе ў заняпад без досведу Трампа ў прыцягненні інвестыцый. Спачатку будынак састарэе, а потым яго ўвогуле давядзецца знесці.
“Таму адміністрацыя Трампа і прэзідэнт Дональд Трамп павінны атрымаць заслужанае прызнанне”, — заявілі ў Мінюсце.
То-бок без Трампа ці хаця б яго імя ўсё літаральна можа рухнуць.
Больш дата-цэнтраў богу дата-цэнтраў
Па ўсёй Амерыцы растуць дата-цэнтры, і ўжо не ўсім гэта падабаецца — людзі непакояцца, што праз іх вырастуць цэны на электраэнергію. Справа ў тым, што патрэбы гэтых цэнтраў у электрычнасці велізарныя, і гэта можа павышаць аптовыя цэны на яе, а яшчэ давядзецца даплачваць за мадэрнізацыю электрасеткі.
А вось Трампу дата-цэнтры вельмі падабаюцца, і ён ні пра што не непакоіцца.
Колькі насамрэч звычайныя спажыўцы будуць плаціць за электраэнергію, залежыць ад таго, як рэгулятары і энергетычныя кампаніі размяркуюць гэтыя выдаткі. Але страх, што звычайным людзям давядзецца аплачваць рахункі кампаній, стаў прычынай жорсткага палітычнага супрацьстаяння.
Гэта рэдкае палітычнае пытанне, па якім Трамп адкрыта разыходзіцца нават з рэспубліканцамі, піша Washington Post. Напрыклад, будаўніцтву дата-цэнтраў супраціўляецца штат Тэхас. Штат прыцягнуў некаторыя з найбуйнейшых у краіне праектаў дата-цэнтраў, але цяпер губернатар Грэг Эбат прыпыніў падключэнне новых праектаў да энергасістэмы. Трамп сказаў, што Эбат зрабіў памылку. Прэзідэнт лічыць, што адкрыццё дата-цэнтраў стварае новыя працоўныя месцы, а штат дадаткова атрымлівае падаткі.
У працэсе будаўніцтва дата-цэнтра сапраўды часта з’яўляецца мноства працоўных месцаў, але пасля ўводу аб’екта ў эксплуатацыю вакансій звычайна застаецца няшмат. Ну а з улікам таго, што гэтыя дата-цэнтры будуюць кампаніі, якія працуюць з тэхналогіямі штучнага інтэлекту, трэба дадаць і асцярогі амерыканцаў наконт таго, што мадэлі ШІ ўвогуле забяруць у іх кучу працоўных месцаў.
У цэлым Трамп кажа, што яго задавальняе, калі рэспубліканцы выступаюць супраць дата-цэнтраў. А прадстаўнік Белага дома заявіў, што прэзідэнт хоча бачыць дата-цэнтры толькі там, дзе людзі вітаюць такое будаўніцтва.
Але тут ёсць яшчэ адзін важны момант: набліжаюцца прамежкавыя выбары, і рэспубліканцам трэба будзе яшчэ данесці да выбарцаў, што Трамп супраць прымусовага будаўніцтва гэтых аб’ектаў. Дэмакраты ўжо запусцілі рэкламныя кампаніі супраць кандыдатаў, якія нібыта атрымліваюць фінансаванне ад донараў, звязаных з тэхналагічнай галіной і Трампам.
Так што прамежкавыя выбары могуць у чарговы раз падзяліць амерыканскае грамадства, але цяпер не на левых і правых, а на лудзітаў і тэхнааптымістаў.