Рэжысёр Андрэй Кудзіненка быў вымушаны ўцячы з Беларусі

Януш Гаўрылюк і Андрэй Кудзіненка (справа)

Януш Гаўрылюк і Андрэй Кудзіненка (справа) / facebook.com/bulba.movie.5

Ад пераследу сілавікоў з Беларусі ўцёк рэжысёр, дырэктар прыватнай кінашколы "КінаКалайдар" Андрэй Кудзіненка. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў ягоны сябар, арт-менеджар і рэжысёр Януш Гаўрылюк.

"Беларускія ўлады абвінавацілі яго ў "экстрэмізме". Падчас ператрусаў у ягонай кватэры і ў кінашколе ўдзельнічалі 8 супрацоўнікаў АМАПу і 2 супрацоўнікі КДБ. Ператрусы працягваліся 15 гадзін. У яго забралі пашпарт і тэлефон.

Увага: усе месенджары і акаўнты Андрэя ў сацыяльных сетках цяпер знаходзяцца пад кантролем КДБ", падзяліўся падрабязнасцямі Гаўрылюк.

Паводле яго, Кудзіненку пагражалі пазбаўленнем волі ад 8 да 12 гадоў.

Андрэй Кудзіненка — аўтар фільмаў "Акупацыя. Містэрыі", "Масакра", шэрагу дакументальных фільмаў для тэлеканала "Белсат", сузаснавальнік кінафэсту Bulbamovie.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.