Атрымаць “нізкі статус” ці дадатковы год: што стаіць за артыкулам 411

ШІЗА

ШІЗА / Euroradio

Праз беларускія турмы прайшлі сотні палітычных вязняў, і каля сотні з іх не выходзіла адразу пасля заканчэння тэрміну адбыцця пакарання. Супраць іх у калоніі распачыналі справы па арт. 411 КК РБ (“Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі”).

Артыкул 411 існуе ў беларускім праве з 90-х гадоў. Як распавядаюць самі вязні, ён з’явіўся для таго, каб кантраляваць “блатных” зняволеных. І, маўляў, да гэтага часу ў калоніях ёсць крымінальнікі, якіх судзілі па гэтым артыкуле ледзь не дзясятак разоў. 

Цяпер жа гэты артыкул прымяняюць і ў дачыненні да палітычных вязняў, каб працягнуць ім тэрмін у зняволенні. Пра гэта Еўрарадыё распавялі некалькі ўжо вызваленых беларусаў. 

Падрыхтоўка да “выбараў” 2025 года

Тамаз Піпія быў затрыманы ў верасні 2020 года. Яго асудзілі за “ўдзел у масавых беспарадках” на 6 гадоў і 6 месяцаў зняволення. Падчас адсідкі ў калоніі № 1 супраць яго пачалі новую справу — па 411 артыкуле.

Паводле слоў хлопца, прычынай для пераследу сталі публікацыі пра яго ў медыя. Аднаго дня, 2 красавіка 2024 года, яго пасадзілі ў клетку для парушальнікаў, і ўвечары таго ж дня супрацоўнік калоніі зачытваў артыкулы пра Тамаза. 

Атрымаць “нізкі статус” ці дадатковы год: што стаіць за артыкулам 411
Тамаз Піпія і Павел Спірын / Facebook / Belsat

Юрыдычна ж справа была аформлена як “адмова прыбіраць санвузел”. Але, як адзначаюць вязні, пагадзіцца на такую працу — падпісацца на праблемы ў калоніі. Прыбіраюць туалеты збольшага вязні, якія знаходзяцца ў “нізкім статусе”, да прыкладу, асуджаныя за педафілію. 

Спірын выбраў новае зняволенне — яшчэ год, але ўжо ў калоніі строгага рэжыму. 

— Тых людзей, якія не вытрымалі і пагадзіліся на выкананне гэтых работ, я ні ў якім разе не абвінавачваю. Па-першае, гэта ўсяго толькі гульня. Па-другое, у кожнага свой болевы парог. Я разумею, наколькі ім было цяжка ў калоніі, як на іх ціснулі, каб яны пагадзіліся гэта выконваць, — кажа Спірын.

Былы палітвязень Ігар Карней згадвае, што сутыкнуўся з падобнай правакацыяй, калі знаходзіўся ў ПКТ. Заходзячы ў прагулачны дворык, ён заўважыў шмат бруду: недапалкі, агрызкі, нейкія паперкі. 

— І цябе прымушаюць прыбіраць не сваё. Гэта робіцца адмыслова, каб цябе падагнаць пад парушэнне. У любым выпадку, работа “мужыкоў”, звязаная з уборкай туалетаў ці вынасам смецця, аўтаматычна цябе пераводзіць у нізкую касту.  

Натуральна, я адмаўляўся, бо калі ўжо зробіш так, то не выберашся. А яны адмыслова ўключалі відэарэгістратар. Некалькі разоў паўтаралі: будзеш прыбіраць ці не будзеш? Я казаў, што не буду, бо гэта правакацыя. І на гэтай падставе яны склалі рапарт.

Атрымаць “нізкі статус” ці дадатковы год: што стаіць за артыкулам 411
Ігар Карней / Facebook

Яны далі мне пачытаць паперку, зляпаную недзе на ўзроўні начальніка, што “неаднаразова, паслядоўна парушаў унутраную дысцыпліну, не падпарадкоўваўся патрабаванням, на паставе чаго заслугоўвае большага пакарання”. 

Дата на гэтай паперцы стаяла 11 кастрычніка, то-бок Ігар месяц не ведаў, што супраць яго распачата крымінальная справа. Пры гэтым на пачатку кастрычніка Ігар даведаўся пра анкалагічны дыягназ жонкі.

Як развіваецца пераслед

Паводле Карнея, “проста так 411 артыкул не нараджаецца” — маўляў, каб яго павесіць, трэба назбіраць парушэнняў. У яго выпадку іх пачалі вешаць яшчэ ў каранціне. 

Карней заехаў у калонію ў чэрвені 2024 года і адразу спазнаў увесь алгарытм ціску. За прымітыўныя парушэнні, такія, як, напрыклад, не прывітацца з кімсьці з супрацоўнікаў калоніі (а трэба гэта рабіць пры кожным спатканні), складаецца рапарт, які разглядае начальнік калоніі з камісіяй. Напачатку можна атрымаць вымову, потым пазбаўленне перадач, спатканняў, тэлефонных званкоў.

Калі такіх парушэнняў збіраецца шмат — вязня адпраўляюць у ШІЗА. Пасля некалькіх разоў там — у ПКТ.

— Гэта ўжо лепшыя ўмовы, бо ў цябе ёсць магчымасць замаўляць раз на тыдзень тры кніжкі і ліставацца з роднымі. І гэтае месца — наўпроставая дарога да таго, што на цябе будзе заведзены новы крымінальны артыкул. 

Паводле Ігара Карнея, такі ціск на вязняў звязаны са згадкамі пра іх на волі. 

— Я думаю, яны маюць спіс людзей, якіх трэба прэсаваць. Я ведаю людзей, якія праскочылі свой тэрмін, для выгляду пару разоў былі ў ШІЗА, але не мелі такога ціску. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.