Вы тут

Крычалка, якая гучала на мінскім стадыёне "Дынама", прызнаная экстрэмісцкай

Падчас матчу Беларусь — Сан-Марына. Фота: БЕЛТА

Крычалка, якая гучала 8 верасня на мінскім стадыёне "Дынама" падчас матчу футбольных зборных Беларусі і Сан-Марына, прызнаная экстрэмісцкай. Раней у Беларусі каралі за распаўсюд у інтэрнэце відэа з ёй, цяпер прадугледжана пакаранне і за скандаванне.

Як піша на сайце sb.by галоўны рэдактар часопіса "Спецназ" Андрэй Дзяменцьеўскі, пасля згаданага матчу галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС выступіла з ініцыятывай пашырэння межаў адміністрацыйных санкцый па антыэкстрэмісцкім артыкуле 17.11. За аснову было прынятае ранейшае рашэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі. І нядаўна суд Цэнтральнага раёна сталіцы прыняў пастанову. У выніку за любое цытаванне ці агучванне крычалкі накладаюцца штрафы або адміністрацыйныя арышты.

Пастанова суда пачала дзейнічаць днямі. А 12 і 15 кастрычніка беларуская зборная згуляе ў Лізе нацый хатнія паядынкі з Люксембургам і Малдовай.

Як паведамляла Еўрарадыё, Беларуская федэрацыя футбола папярэджвала фанатаў, што за палітычныя крычалкі на яе УЕФА накладзе санкцыі. Але еўрапейская федэрацыя пакарала АБФФ штрафам толькі па піратэхніку на трыбунах.