Вы тут

Крутая акцыя ці вандалізм? Беларусы сварацца праз “скрываўленыя” рукі Пушкіна

Помнік Пушкіну ў Мінску / фота minsknews.by

Нехта пафарбаваў рукі помніка Пушкіну ў Мінску ў чырвоны колер. Міліцыя затрымала за гэта маладафронтаўца Піліпа Шаўрова — у паведамленні пра гэта было сказана, што ён прыйшоў у пастарунак сам. Але яшчэ да таго, як гэта адбылося, “скрываўленыя” рукі Пушкіна пасварылі беларусаў.

Адны лічаць перфоманс таленавітым, іншыя пішуць, што гэта чыстай вады вандалізм. Адны пішуць, што Пушкін нічога дрэннага беларусам не зрабіў (і ўвогуле, чаму Пушкін, а не Ленін?), іншыя называюць паэта імперцам. Хто ў большай ступені мае рацыю?

“Нічога кепскага ў гэтай акцыі я не бачу. Помнік ніхто не зламаў, не разбіў. Такія арт-інсталяцыі адбываюцца ў розных краінах свету, — расказвае Еўрарадыё Мікола Дзядок, прадстаўнік анархічнага руху ў Беларусі. — Праблема ў тым, што людзі ў нас пазбаўленыя магчымасці легальна выступаць і выказваць меркаванне. Мірныя вулічныя акцыі супраць інтэграцыі завяршыліся вялізнымі штрафамі. Нічога дзіўнага, што той, хто хоча выказаць сваё меркаванне па такім важным, крытычным пытанні, выбірае такія “каляпартызанскія” спосабы данясення сваёй пазіцыі”.

Мікола Дзядок / Еўрарадыё

Дзядок лічыць, што помніку Пушкіну ўвогуле не месца ў Мінску:

Мяркую, што гэта спроба замацаваць каланіяльны статус нашай дзяржавы. Зразумела, што Пушкін ніякага дачынення не мае да Беларусі. Я сам вучыўся ў школе імя Пушкіна. Дык вось, нам гаварылі, што пісьменнік нібыта тут пару разоў праязджаў… Чаму тады не паставіць помнік Пілсудскаму? Ён таксама тут некалькі разоў праязджаў. 

Помнікі Пушкіну, Сувораву –– замацаванне каланіяльнага статусу і распаўсюд культурнага імперскага ўплыву. І гэта працуе: у многіх людзей складаецца меркаванне, што расійскае –– гэта нашае. Помнік жа стаіць!

Лідар БХД пісьменнік Павел Севярынец прытрымліваецца іншай думкі. Пушкін –– вялікі паэт, але імперац. Таму яго “рукі ў крыві” Севярынец не асуджае і цалкам разумее:

Павел Севярынец / Еўрарадыё

“Што тычыць перфомансу.

Ці зрабіў бы я так сам?

Не. 

Мой метад — пісаць кнігі па-беларуску: няхай беларускіх паэтаў і пісьменнікаў чытаюць у Беларусі больш, чым іншых.

Ці асуджаю я Піліпа за ягоны ўчынак?

Не.

Калі хтосьці такім чынам выказвае сваё стаўленне да паэта, каторы заклікаў душыць паўстанне 1830–1831 гадоў у Беларусі ("Клеветнікам Россіі", асабістыя лісты), — я не магу яго асуджаць.

Рэплікі "А Пушкіна за што?! За тое, што рускі?!" — гэта ад недахопу інфармацыі. 

Не дрыжэлі ж у Аляксандра Сяргеевіча, вялікага паэта, рукі, калі ён пісаў у 1831-м: 

"Ихъ надобно задушить и наша медленность мучительна. Для насъ мятежъ Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная разпря, мы не можемъ судить ее по впечатлетямъ Европейскимъ".

Каго задушыць надобно? "Іх" — каго?

Нас”.

Настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец апісвае стан рускай мовы ў часы, калі пісаў Пушкін. Паралелі з тым, у якім стане цяпер знаходзіцца беларуская мова, узнікаюць самі сабой:

Ганна Севярынец / Еўрарадыё

“Варта памятаць, што Пушкін прыйшоў у рускую літаратуру тады, калі ўласна руская мова сярод адукаваных людзей лічылася мовай "калхазанскай", на ёй размаўлялі прыгонныя і дробны чыноўны люд, дваране і дваранкі па-руску і пары слоў не маглі часцяком звязаць, руская літаратура выдавалася накладамі "па пяцьсот" і яе амаль не чыталі, дый сам Пушкін да 12 гадоў амаль па-руску не размаўляў і першыя вершы пісаў французскаю (ліст Таццяны з "Анегіна", калі хто памятае, па-французску напісаны, бо Таццяна па-руску блага ведала і не чытала "па-просту" нічога і ніколі). 

Але за невялікі час менавіта Пушкін зрабіў так, каб чытаць па-руску стала модна, каб рускую літаратуру абмяркоўвалі, каб перапісвалі і душыліся ў кнігарнях, каб яна стала не толькі мовай фальклорных спеваў, але і мовай салонаў. Узяў — і сам панапісваў на роднай мове і першай масавай літаратуры, і першых папулярных любоўных раманаў, і першы хорар, і першы містычны дэтэктыў, і добры гістарычны раман. Дык я б, панове, на нашым месцы пільна ўглядалася б у Пушкіна і ягоны літаратарскі досвед”.

Публіцыст Севярын Квяткоўскі лічыць, што Пушкін не вінаваты ў складаных адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. Але “імперыя з яго зрабіла адзін з нефармальных каланіялісцкіх сімвалаў”.

Севярын Квяткоўскі / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

“Адпаведна, сёння Пушкін — адзін з сімвалаў патэнцыйнага агрэсара. Асабліва звяртаюся да гадаваных у СССР. Падумайце пра тое, што для народжаных у 1990-х Пушкін — проста замежны паэт, а не “вот эта вот всё”.

Што рабіць з астатнімі Бялінскімі, Чарнышэўскімі ды Айвазоўскімі ў той колькасці, у якой яны ёсць, — асобная складаная тэма, якая не вырашаецца на раз-два-тры, як у выпадку з Ленінымі-Дзяржынскімі.

“А палітінфармацыю хто за цябе падрыхтуе? Пушкін?” — пытаецца настаўніца ў вучня ў савецкай школе. “А лямпачку на лесвічнай пляцоўцы хто выкруціў? Пушкін?” — абураецца работнік ЖЭСа. Як мінімум у пасляваенным СССР Пушкін стаўся анекдатычным персанажам. Амаль такім самым, як Вовачка — маленькі Ленін”.

А архітэктар Вадзім Пракопчык лічыць, што гісторыя са "скрываўленымі" рукамі Пушкіна — "сугубо внутренний" канфлікт ЖЭСа і невядомага беларускага Banksy". "Пушкіна не адмые ніякі ЖЭС", — рэзюмуе Пракопчык.

Вадзім Пракопчык / facebook.com/vadzim.prakopcyk

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.