Вы тут

Маладафронтавец Шаўроў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага

Філіп Шаўроў / spring96.org

Маладафронтавец Філіп Шаўроў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, інфармуюць праваабаронцы. У яго адносінах праводзяцца следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы, распачатай па факце хуліганства.

Як паведаміла Радыё Свабода жонка Шаўрова Вольга, яе мужу выставілі абвінавачанне ў хуліганстве. Яму пагражаюць грамадскія працы ці штраф, альбо арышт, папраўчыя працы (да 2 гадоў), ці абмежаванне волі на той жа тэрмін, альбо нават і 3 гады турмы.

У чым падазраюць маладафронтаўца? 17 студзеня ў Мінску ў скверы на беразе Свіслачы, недалёка ад Дома Масквы, хтосьці выпэцкаў чырвонай фарбай рукі помніка паэту Аляксандру Пушкіну. Расійскае пасольства назвала гэты ўчынак "актам вандалізму" і выказала спадзяванне, што міліцыя знойдзе зламысніка ці зламыснікаў. Была распачата крымінальная справа.

Праз два дні стала вядома пра затрыманне Філіпа Шаўрова, у яго дома прайшоў ператрус. У паведамленні МУС не згадвалася яго прозвішча. Міліцыя сцвярджае, што  "у Цэнтральнае РУУС сталіцы прыйшоў 25-гадовы працуючы мінчук і прызнаўся ў тым, што гэта менавіта ён размаляваў помнік". Матывы ўчынку ён назваць не змог. Спачатку хлопца трымалі на Акрэсціна, а пасля перавялі на "Валадарку".

Сябры Шаўрова паведамілі, што яго падазраюць і ў нанясенні шэрагу палітычных графіці, у тым ліку "Свабоду палітвязням!". Былі знойдзены закапаныя выкарыстаныя балоны з-пад фарбы.

Помнік Пушкіну ў Мінску 17 студзеня 2020-га / minsknews.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.