Крэмль дапусціў абмен Надзеі Саўчанка. Тэарэтычна
![Крэмль дапусціў абмен Надзеі Саўчанка. Тэарэтычна](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/sau4anka-2503.jpg.webp?itok=S_h3sFtr)
Крэмль тэарэтычна не выключае магчымасць абмену ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка на двух расіян, якіх судзяць ва Украіне па абвінавачванні ў тэрарызме. Пра гэта заявіў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргей Іваноў.
Разам з тым, па яго словах, такі абмен тэарэтычна магчымы пры выкананні дзвюх умоваў, перадае Бі-Бі-Сі. Па-першае, павінна цалкам выконвацца расійскае заканадаўства, а па-другое, рашэнне пра абмен павінен прыняць прэзідэнт Расіі.
Іваноў адмаўляе, што Саўчанка можна абмяняць у рамках мінскіх пагадненняў аб перамір'і ў Данбасе, якія прадугледжваюць абмен усімі ваеннапалоннымі паміж бакамі канфлікту. Расійскі чыноўнік кажа, што яго дзяржава не ўваходзіць у лік бакоў канфлікту.
Раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выступіў з прапановай абмяняць Саўчанка на двух затрыманых у Данбасе расіян, якіх ва Украіне лічаць байцамі расійскага спецназа.