Контрнаступ УСУ і пытанні з рэферэндумам у Херсоне —195-я раніца вайны

Працягваецца контрнаступленне УСУ на поўдні Украіны / Генштаб УСУ
Працягваецца контрнаступленне УСУ на поўдні Украіны / Генштаб УСУ

Украінскае контрнаступленне пагаршае расійскія магчымасці (лагістычныя і адміністрацыйныя) на акупаваным поўдні Украіны, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Так, прадстаўнік мясцовай улады Кірыл Страмавусаў, прызначаны расіянамі, заявіў у інтэрв'ю ТАСС, што ягоная адміністрацыя пакуль не будзе праводзіць рэферэндум аб далучэнні Херсонскай вобласці да Расіі, бярэ паўзу праз "меркаванні бяспекі". Потым ён, праўда, апраўдваўся ў Telegtam, што ўсё ідзе па плане, і рэферэндум адбудзецца, проста дата яшчэ не вызначаная.

"Абедзве заявы Страмавусава паказваюць на высокі ўзровень дэзарганізацыі ўнутры акупацыйных рэжымаў, які, імаверна, пагаршаецца наступствамі контрнаступлення", — мяркуюць экспэрты Інстытута. У іх справаздачы таксама гаворыцца, што ўчора расійскія войскі правялі наземныя атакі на ўсход ад Северска, на паўночны ўсход і поўдзень ад Бахмута, а таксама ўздоўж паўночна-заходніх ускраін Данецка. А ўкраінскі спецназ правёў абмежаваную аперацыю супраць расійскай базы ФСБ у раёне Энэргадара.

За мінулыя суткі расіяне нанеслі 3 ракетных і больш за 35 авіяцыйных удараў, здзейснілі каля 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Гэтай ноччу расійскія ваенныя нанеслі ракетныя ўдары па грамадзянскіх аб'ектах у гарадах Бахмут і Канстанцінаўка.

Контрнаступление ВСУ и вопросы с референдумом в Херсоне — 195-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Ноччу зноў абстралялі Нікапальскі раен Днепрапятроўскай вобласці. Раён "тройчы накрылі раён "Градамі", піша кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. У Нікапалі пад удар трапілі жылыя кварталы. Параненыя два чалавекі — мужчына і жанчына. Абодва зараз у бальніцы. Медыкі ацэньваюць іх стан як сярэдняй цяжкасці. У горадзе пашкоджаныя 20 шматпавярховых і 11 прыватных дамоў. Зачапіла і некалькі ліній электраперадач. Без святла больш за 2 000 сем'яў.

Ноччу стралялі і па Харкаве. Адна ракета трапіла ў прыватны жылы дом. Пры разборы завалаў знайшлі цела жанчыны, распавёў мэр горада Ігар Церахаў. Другая ракета ўпала побач з другім домам — ён загарэўся. Але ў гэтым выпадку абышлося без пацярпелых.

Па Харкаве стралялі, нягледзячы на тое, што ўкраінскія вайскоўцы знішчылі тут расійскі склад з боепрыпасамі. Аб гэтым напярэдадні ў традыцыйным вечаровым звароце казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. "Асабліва хачу падзякаваць байцоў адной з нашых рэактыўных артылерыйскіх брыгад, якія сваім дакладным агнём знішчылі менавіта той расійскі склад, з якога акупанты бралі ракеты з-300 для бамбавання Харкава. Добрая рэч MLRS. Дзякуй, нашы героі", — сказаў Зяленскі.

Зяленскі таксама заклікаў прызнаць Расію дзяржавай-тэрарыстам "на ўсіх узроўнях". Чарговай падставай для такой заявы стала адключэнне лінія электраперадач на Запарожскай атамнай электрастанцыі. Лінія, якая злучала станцыю з энергасістэмай Украіны, зноў была пашкоджаная "з-за чарговага расійскага правакацыйнага абстрэлу", кажа Зяленскі. Ён таксама адзначыў, што расійскія абстрэлы адбываваліся напярэдадні прэзентацыі высноў місіі МАГАТЭ па сітуацыі на ЗАЭС. Даклад місіі аб сітуацыі на станцыі павінен быць апублікаваны сёння.

Тым часам ЗША, падобна, пакуль не гатовыя прызнаць Расію дзяржавай-тэрарыстам. На прамое пытанне журналістаў, ці павінна Расія быць прызнаная дзяржавай-спонсарам тэрарызму, прэзідэнт Джо Байдэн адказаў: "Не". Аб гэтым піша Reuters.

Брусэль на гэтым тыдні прапануе Украіне дадатковыя 5 мільярдаў еўра дапамогі, паведаміла прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен. Паводле яе слоў, "сітуацыя ва Украіне ўсе яшчэ мае патрэбу ў нашай пастаяннай падтрымцы". Гэтыя грошы будуць выдзеленыя ў дадатак да  10 мільярдаў еўра, якія былі прадастаўлены раней. Фон дэр Ляен таксама падкрэсліла, што Еўрасаюз будзе побач з Украінай "столькі, колькі будзе трэба".

Аб тым, што ЕС працягне падтрымліваць Украіну, казаў учора і кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жозеп Барэль на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі пасля заканчэння восьмага пасяджэння савета Асацыяцыі Украіна-ЕС. "Асноўны мэсэдж сённяшняй сустрэчы заключаецца ў тым, што ЕС і далей будзе падтрымліваць Украіну, да якога б шантажу не звярталася Расія супраць нас", — цытуе Барэля "Інтэрфакс-Украіна". Па словах кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, Еўрасаюз будзе дапамагаць Украіне палітычна і фінансава, будзе аказваць ваенную падтрымку "столькі, колькі трэба, і так доўга, колькі трэба".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі