Вы тут

КДК праверыў вёску перад жнівом: камбайны не рамантуюцца, механізатары п’юць

БЕЛТА

Камітэт дзяржкантролю выявіў шматлікія факты парушэнняў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах перад пачаткам уборачнай кампаніі. Як паведамляе БЕЛТА, маніторынг правялі ў 80 гаспадарках краіны ў перыяд 24-28 чэрвеня. Вынікі праверак сведчаць пра недастатковую падрыхтаванасць да жніва.

Галоўнай праблемай называюць нізкі ўзровень гатовасці зернеўборачнай тэхнікі  і зернесушыльнай гаспадаркі —  яе выявілі ў 33 сельгасарганізацыях. Каб схаваць гэта, на шэрагу прадпрыемстваў займаліся прыпіскамі —  у 12 гаспадарках выявілі скажэнне справаздачаў. Тэхніка там лічылася спраўнай, але насамрэч камбайны маглі нават не здымацца з працяглага захоўвання і іх не пачыналі рамантаваць перад уборачнай.

На адным з такіх прадпрыемстваў патлумачылі, што механізатары былі занятыя нарыхтоўкай кармоў і таму не мелі часу на рамонт тэхнікі. Такія сітуацыі выяўлялі ў 10 раёнах розных вобласцяў.

Яшчэ адной праблемай называюць недахоп механізатарскіх кадраў дзеля ўкамплектавання экіпажаў зернеўборачных камбайнаў. У некаторых гаспадарках механізатары проста адсутнічаюць і падрыхтоўка да жніва там не вядзецца.

У 24 гаспадарках не гатовыя зернесушыльныя комплексы, у 18 —  склады для прыёмкі ўраджаю. Ёсць арганізацыі, дзе на складах для збожжа не правялі дэзінсекцыю.

На вёсцы не хапае сродкаў пажаратушэння, а стан працоўнай дысцыпліны механізатараў “выклікае занепакоенасць” —  напрыклад, 30 чэрвеня пад Бялынічамі на ўборцы рапсу загарэўся камбайн, у якім знаходзіўся п’яны механізатар. Падобная сітуацыя была ў Ашмянскім раёне, дзе загарэўся кормаўборачны камбайн —  таксама з нецвярозым механізатарам.

Цяпер КДК праводзіць маніторынг ходу ўборачных работ.