КДБ затрымаў за хабар памочніка прэзідэнта Сяргея Раўнейку

Памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка затрыманы Камітэтам дзяржбяспекі, паведамляе прэс-служба ведамства.

Высокапастаўленага чыноўніка затрымалі з санкцыі кіраўніка дзяржавы пры атрыманні хабару ў 200 000 долараў ЗША.

Паведамляецц, што праваахоўныя органы звярнулі ўвагу на Раўнейку больш за год таму. З'явілася інфармацыя, што чыноўнік неаднаразовы атрымліваў хабар ад розных асоб за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Аляксандр Лукашэнка асабіста даў санкцыю на аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы супраць яго. Пры атрыманні чарговага хабару Раўнейку затрымалі з грашыма ў руках.

На чыноўніка пачалі крымінальную справу за атрыманне хабару (артыкул 430 частка 3 Крымінальнага кодэксу). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Раўнейку змясцілі ў СІЗА КДБ, дзе ён дае прызнальныя паказанні.

Пра Сяргея Раўнейку вядома няшмат. Правай рукой Лукашэнкі ў Гродзенскай вобласці ён стаў 25 чэрвеня 2015 года. Да таго ўзначальваў галоўнае ўпраўленне кантролю за працай галін матэрыяльнай вытворчасці Камітэта дзяржкантролю і курыраваў якраз заходні рэгіён Беларусі.

Пазіцыю памочніка прэзідэнта сумяшчаў з абавязкамі галоўнага інспектара па Гродзенскай вобласці. Праўда, з 1 траўня 2017 года з назвы гэтай пасады прыбралі слова "галоўны".

Таксама ён быў старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення ГА "Беларуская федэрацыя бокса".