Вы тут

Калядкі пра Хрыстова нараджэнне, Казу ды п'яную Каляду (аўдыё+тэкст)

Беларусам пашанцавала ці не больш за ўсіх: яны адзначаюць свята Божага нараджэння і Каляды амаль месяц — з 25 снежня па 19 студзеня. Акурат цяпер самы час хадзіць па хатах, спяваць калядныя канты і калядкі, праслаўляць Хрыста, ладзіць Батлейку, насіць Калядную зорку, вадзіць Казу ды Мядзведзя ды жадаць людзям добрага Новага года.

Еўрарадыё выбрала пяць калядных песень з розных рэгіёнаў Беларусі, з якімі можна выправіцца па суседзях і павіншаваць іх са Святамі.

 

Добры вечар табе, пане гаспадару

Добры вечар табе, пане гаспадару,

Радуйся, ой радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся.

 

Засцілайце столы ўсе, колько маем,

Радуйся, ой радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся.

 

Дай кладзіце калачы святое пшаніцы,

Радуйся, ой радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся.

 

Дай прыйшлі к нам жэ тры святы у госці,

Радуйся, ой радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся.

 

Дай першае свято Хрыстово ражденье,

Радуйся, ой радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся.

 

А другое свято — святого Васіля,

Радуйся, ой радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся.

 

А трэцяе свято — святое Крашчэнне.

Радуйся, ой радуйся, земля,

Сын Божы нарадзіўся.

Кант "Нова Радасць стала"

 

Нова Радасць стала, яка не бывала,

Над вярцепам зорка ясна светла засіяла х2

 

Дзе Хрыстос радзіўся, з Дзевы ў цемя звіўся

Як чалавек пеленамі ў Бога спавіўся х2

 

І мы тож спявайма, Хрыста праслаўляйма

Нараджонага з Марыі, покуль награшайма х2

 

Просім цябе, Божа, просіма, як можам,

Дай нам, Небе, жыццё шчасна на Зямлі прыгожа х2

Коляда, бегла колядка пэшком, пэшком (в. Клетная, Пінскі раён)

Коляда, бегла колядка пэшком, пэшком

Коляда, бегла колядка пэшком, пэшком, гэй, Коляда.

Коляда, нэсла пірожкі мэшком, мэшком, гэй, Коляда.

Коляда, дай забегла до Дэм’яна, гэй, Коляда.

Коляда, од Дэм’яна до Стэпана, гэй, Коляда.

Коляда, од Стэпана до Дэніса, гэй, Коляда.

Коляда, а ў Дэм’яна куццю тувкуць, гэй, Коляда.

Коляда, а ў Стэпана пірогі пэчуць, гэй, Коляда.

Коляда, од Дэм’яна війшла п’яна, гэй, Коляда.

Коляда, од Дэніса війшла лыса, гэй, Коляда. 

Ого-го, Коза (в.Тонеж, Лельчыцкі раён)

Ого-го, Коза 

Ого-го, Коза жэ, ого-го сера,

Не ходзі, коза, жэ, у чыстые поле,

У чыстом во поле жэ, там жыто росце,

Дзе коза ходзіць, там жыто родзіць.

Дзе коза топ-топ, там жыта сем коп.

Дзе коза рогом, там жыта стогом.

Ого-го Коза жэ, ого-го сера,

Не ходзі коза жэ округом села,

Округом села жэ Карнее-стральцэ

Радзяцца і це жэ козочку ўбіці

Козочку ўбіці жэ, шкурку лупіці.

Шкурку лупіці жэ шубку пошыці.

Ого-го, Коза жэ, ого-го сера,

Поклонісь, коза, хазяіну ў ногі,

Шчэ й господыні, шчоб подарыйлі.

Ходіло-блуділо сэмсот малойцэв (Палессе)

Ходіло-блуділо сэмсот малойцэв

Ходіло-блуділо сэмсот малойцэв, шчодры вэчор.

Сэмсот малойцэв, сэм коляднічкэв, шчодры вэчор.

Прыблудзілыса к новому двору, шчодры вэчор.

К новому двору — к пану Рыгору, шчодры вэчор.

Ой, добры вэчор, пане Рыгорэ, шчодры вэчор.

Між твого двора нэ мінаемо, шчодры вэчор.

Мі ж усі тэбэ вэлічаемо, шчодры вэчор.

 

Фота: www.racyja.com