Каля 400 самагубстваў за квартал — гэта шмат для Беларусі?

Дэпрэсія — галоўная прычына суіцыдаў / stihi.ru
Дэпрэсія — галоўная прычына суіцыдаў / stihi.ru

7 красавіка Аляксандр Лукашэнка агучыў статыстыку смяротнасці ў Беларусі за першы квартал бягучага года. На фоне лічбаў па пнеўманіях колькасць суіцыдаў прайшла практычна незаўважанай. А між тым з 860 чалавек, якія з 1 студзеня да 5 красавіка загінулі ў Беларусі з-за знешніх прычын, "каля 400 чалавек" скончылі жыццё самагубствам.

Забойстваў за той жа час — 85, гэта значыць у 4,5 раза менш. Ахвяр ДТЗ — 107, гэта значыць амаль у 4 разы менш. На пажарах загінулі 206 чалавек — гэта амаль удвая менш, чым пакончылі з сабой.

Нам не ўдалося знайсці ў адкрытых крыніцах паквартальнай статыстыкі самагубстваў у Беларусі за 2019 год. Калі ж параўноўваць з 2018 годам, то тады за першы квартал адбылося 333 самагубствы. У 2020 годзе — "каля 400". А Беларусь жа і так рэгулярна трапляе ў дзесятку краін — лідараў па колькасці суіцыдаў. У 2019 годзе, згодна з дакладам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь у гэтым спісе займала восьмае месца, у 2018 годзе — пятае.

"Каля 400 чалавек", якія здзейснілі суіцыд за адзін квартал, гэта шмат ці мала для Беларусі? Больш ці менш самагубстваў адбываецца ў нашай краіне год ад году? Ці можа пандэмія COVID-19, самаізаляцыя падштурхнуць чалавека да незваротнага кроку? Пра гэта Еўрарадыё расказаў доктар-псіхіятр, псіхатэрапеўт, стваральнік сайта psycho.by Ігар Юдзіцкі.

Около 400 самоубийств за квартал — это много для Беларуси?
Псіхатэрапеўт Ігар Юдзіцкі / фота з сацсеткі "УКантакце”

Суіцыдаў у найбліжэйшыя месяцы стане больш

Еўрарадыё: Пандэмія каранавіруса ўплывае на колькасць суіцыдаў?

Ігар Юдзіцкі: Мой пункт гледжання блізкі да думкі міністра аховы здароўя і Аляксандра Лукашэнкі — гэта "каронапсіхоз". Глабальны эксперымент па пазбаўленні велізарнай колькасці насельніцтва свабоды перамяшчэння.

Але я падкрэсліваю, што я не эпідэміёлаг і не вірусолаг. А як псіхіятр, я стаўлюся да гэтага так: шкода псіхалагічных і псіхічных наступстваў таго, што адбываецца, у сто разоў перавышае небяспеку віруса. Людзі забыліся, што было 11 гадоў таму [пандэмія "свінога" грыпу A/H1N1. — Еўрарадыё], у 2009 годзе. Пандэміі адбываюцца рэгулярна, але такога маштабу раней не было.

Пандэмія COVID-19 будзе мець вельмі цяжкія наступствы. Я не сумняваюся, што колькасць суіцыдаў у найбліжэйшыя месяцы ўзрасце. Для некаторых стрэс можа быць нават карысным: прымусіць рукі мыць, патэлефанаваць бацькам. Але людзі з псіхічнымі расстройствамі, якія праходзяць латэнтна, аказваюцца ў траўмавальнай сітуацыі. Яна можа вывесці вонкі паталогіі, якія раней драмалі. У тым ліку дэпрэсіі і суіцыды.

Еўрарадыё: "Каля 400 чалавек", на ваш погляд, гэта многа ці мала для Беларусі?

Ігар Юдзіцкі: Гэта лічба, якую агучыў Аляксандр Лукашэнка. Растлумачце, што гэта за лічба і адкуль ён яе ўзяў. Трэба разумець, што ў нашай краіне няма статыстыкі па суіцыдах, гэтыя лічбы не адпавядаюць рэальнасці.

Еўрарадыё: Чаму?

Ігар Юдзіцкі: Статыстыка па алкагалізме, наркаманіі, дзіцячай смяротнасці, смяротнасці ад вытворчых выпадкаў, самагубствы — гэта тыя лічбы, якія з'яўляюцца ў міжнароднай супольнасці паказчыкамі сацыяльнага ўзроўню дзяржавы. Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, як дзяржава клапоціцца пра сваіх грамадзян. Тыя краіны, дзе ўзровень самагубстваў высокі, аналітыкі адразу змяшчаюць у рэйтынг краін, дзе ўлада не клапоціцца пра сваіх падданых.

 

У нас ідуць насустрач утойванню

Еўрарадыё: Але вось, напрыклад, у скандынаўскіх краінах высокі ўзровень суіцыдаў. І ў той жа час там высокі ўзровень жыцця. Чаму так?

Ігар Юдзіцкі: Ёсць меркаванне, што ў скандынаўскіх краінах больш людзей, схільных да дэпрэсіі, таму што там шмат выпадкаў ужывання антыдэпрэсантаў. Нічога падобнага! Там узровень аховы здароўя і кваліфікацыі псіхіятраў высокі і, для таго каб суіцыдаў не адбывалася, тым, каму паказана, прызначаюць антыдэпрэсанты. Вось такі статыстычны парадокс. І там лепшая выяўляльнасць. Людзям няма чаго хаваць, што чалавек скончыў жыццё самагубствам.

Еўрарадыё: Але ж і ў Беларусі ёсць афіцыйныя лічбы па колькасці суіцыдаў.

Ігар Юдзіцкі: У нас ідуць насустрач утойванню.

Еўрарадыё: Ці ёсць гэтаму нейкае пацвярджэнне?

Ігар Юдзіцкі: Пацвярджэнне — гэта мой досвед. Я маю зносіны з калегамі. Мы ўдзельнічалі у разборах, працавалі у гарадскім клінічным наркадыспансеры. Я шмат чаго бачыў, у мяне шмат інфармацыі пра пацыентаў, якія праходзілі лячэнне — як паспяхова, так і непаспяхова. З майго досведу я скажу: утойваецца.

Тут яшчэ культура, мараль моцна ўплываюць. Гэта звязана з архаічнымі ўяўленнямі, з уздзеяннем рэлігійнай прапаганды. Раней царква не дазваляла хаваць самагубцаў на адных могілках з простымі вернікамі.

 

У два разы больш зваротаў з запушчанымі дэпрэсіямі

Еўрарадыё: Ці ёсць залежнасць колькасці суіцыдаў ад пары года?

Ігар Юдзіцкі: Безумоўна. Ёсць сезонныя рытмы псіхікі. Многімі пакаленнямі продкаў сфармавалася ўяўленне, што зімой чалавек бачыць снег, больш белага святла. Але такой зімы, як сёлета, на маёй памяці не было. Мы ўсю гэтую зіму бачылі шэрае неба, шэрыя будынкі, шэрыя дрэвы без лісця. Шэры колер, змярканне — усё гэта прыгнятальна ўплывае на псіхіку. Людзі ў цяжкай стадыі дэпрэсіі самі зацяняюць вокны, вешаюць фіранкі, яны схільныя да цёмных і шэрых фарбаў.

Я адзначаю, што гэтай зімой было ў два разы больш зваротаў з запушчанымі дэпрэсіямі. А дэпрэсія — гэта галоўная прычына суіцыдаў у нашых кліматычных шыротах.

Еўрарадыё: Ці ўдавалася ўжо вам і вашым калегам ратаваць людзей з бязвыхадных сітуацый?

Ігар Юдзіцкі: Так. У маёй практыцы няма ні аднаго пацыента з суіцыдам. У мяне былі пацыенты, якія паступалі на лячэнне з неаднаразовымі спробамі або на мяжы суіцыду. Ніхто з тых, хто праходзіў у мяне лячэнне, пазней гэтага не зрабіў.

 

Вал кліентаў, якім не хочацца сексу

Еўрарадыё: Ці ёсць нейкі ўніверсальны аргумент на карысць жыцця, да якога могуць прыслухацца людзі, якія знаходзяцца на мяжы?

Ігар Юдзіцкі: Так. Трэба адмаўляцца ад таго, што не прыносіць задавальнення, і не рабіць таго, ад чаго ты не становішся шчаслівым. Нягледзячы на крызіс, ні ў якім разе не замыкацца: спяваць, наведваць тэатры (хай і анлайн), падарожнічаць.

Цяпер усе будуць пакутаваць, маўляў, не паедзем у Шарм-эль-Шэйх, Хургаду або ў Турцыю. У нас [у Беларусі. — Еўрарадыё] невычэрпныя магчымасці — замкі, азёры, рэкі, лясы... У мяне ёсць замежныя пацыенты, якія выпадкова трапілі ў Беларусь і засталіся, — настолькі ім тут падабаецца. А нашы людзі не хочуць зразумець, якая ў нас прыгажосць.

Падстаў для шчасця, прычын і самога шчасця вельмі шмат. І самае простае — гэта зносіны. І секс. Я адзначаю, што цяпер зніжаецца сексуальнасць. Цяпер проста вал кліентаў, якім не хочацца сексу або якія не атрымліваюць задавальнення, з кучай псіхалагічных прычын, якія вынікаюць.

І яшчэ парада: як толькі дачытаеце гэты артыкул — тут жа набярыце свайму найлепшаму сябру або каханай жанчыне і проста прапануйце прайсціся па свежым паветры. Рызыкі ніякай. Баіцеся заходзіць у кафэ — заварыце самі зялёную гарбату або свежамолатую каву і папіце разам. Можаце нават на адлегласці паўтара метра адно ад аднаго. (Смяецца.)

Около 400 самоубийств за квартал — это много для Беларуси?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі