Студэнт: Калі на першым курсе стаў у чаргу на інтэрнат, на трэцім паселяць

У інтэрнаты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта змяшчаецца траціна ад студэнтаў, каму той інтэрнат трэба. Але кіраўніцтву ВНУ атрымліваецца засяліць туды ў два разы болей! У адміністрацыі дзеляцца сакрэтам.

“За кошт ушчыльнення, за кошт таго, што ўзімку студэнты пятага курса з’язджаюць на практыку — за кошт гэтага ўсяго засяляем да 60%. Так і жывём апошнія гады”, — тлумачаць Еўрарадыё гэты фокус у БНТУ.

Не грэбуюць ушчыльненнем і ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, бо “не хочуць крыўдзіць студэнтаў”, трэба засяліць, уздыхаюць у адміністрацыі.

“Ідзём насустрач. Нам абяцалі новы будынак, але пакуль не здалі, абяцаюць у пачатку верасня. Таму ўшчыльнілі іншыя інтэрнаты, не пакідаць жа нам іх на вуліцы. Хаця часам бацькі незадаволеныя. Але гэта ж не надоўга”, — адказваюць Еўрарадыё ў адміністрацыі.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі сёлета ў плюсе на 650 месцаў у інтэрнатах:

“Мы пайшлі наперад. У нас 650 месцаў выйшла з рамонту, яшчэ 300 месцаў з’явіцца ў наступным годзе”.

Студэнтам пашчасціла. Зараз БДУІР мае каля 3100 месцаў для студэнтаў.

У БДУ сёлета для іншагародніх і замежнікаў на 800 месцаў больш, чым летась. Абяцаюць засяліць дзве траціны першакурснікаў.

Каб патрапіць жыць у інтэрнат, трэба мець ільготы, быць спартоўцам ці актывістам саюза моладзі. Студэнт БНТУ Ігар займаецца боксам, таму мае месца ў інтэрнаце. Пашанцавала!

“Я спартовец і з залатым медалём скончыў школу. А калі без ільготаў, то ты становішся ў чаргу на першым курсе і на трэцім можа і да цябе чарга дойдзе. Часам нават і платнікаў засяляюць”, — расказвае студэнт Ігар.

Увесну частку студэнцкіх інтэрнатаў плануецца скарыстаць пад турыстаў на чэмпіянаце свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску з 9 па 25 траўня. Для гэтага студэнтаў сямі ўнівераў збіраюцца адправіць на вакацыі.

На інфаграфіцы параўнанне колькасці навучэнцаў(студэнтаў дзённікаў, завочнікаў, магістрантаў, усіх, хто вучыцца) з колькасцю месцаў у інтэрнатах. Агульная лічба скарыстана, бо больш за палову навучэнцаў, звычайна, іншагароднія. Каб убачыць лічбы навядзіце курсор на слупок, светлы колер - колькасць месцаў у інтэрнатах, цёмны - колькасць навучэнцаў.

Фота1:  i1.i.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі