"Калі гатовыя цалаваць бот": Чалы пра будучыню ПВТ і "скураных начальнікаў"

Пасля таго як Мікіта Мікада заклікаў беларускіх сілавікоў перайсці на "светлы бок", да яго прыйшлі з ДФР / Еўрарадыё
Пасля таго як Мікіта Мікада заклікаў беларускіх сілавікоў перайсці на "светлы бок", да яго прыйшлі з ДФР / Еўрарадыё

Беларусь ужо шмат гадоў знаходзіцца "на ручным кіраванні" Лукашэнкі, калі беларускі кіраўнік — дарэчы і не дарэчы — умешваецца ў многія сферы жыцця грамадства. Ці так гэта? Аналітык Сяргей Чалы лічыць, што краіна ўжо даўно не кіруецца ў "ручным рэжыме".

— Анекдот "Ніхто бульбу без мяне перабраць не можа" ўжо вельмі далёкі ад праўды. Апошнія пяць гадоў у развіццё эканомікі Лукашэнка ўмешваўся ўсё менш, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Сяргей Чалы. — Такія рашэнні ўсё больш аддаваліся на водкуп прафесіяналам у эканоміцы і палітыцы. Па сутнасці, прызначэнне Паўла Калаура і Васіля Мацюшэўскага на дзве ключавыя пасады [старшыні праўлення Нацбанка і першага намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь. — Еўрарадыё] і было галоўным фактарам таго, што крызіс не зацягнуўся і не быў такім глыбокім. Лукашэнка не займаўся ручным кіраўніцтвам, ён дазваляў прафесіяналам выпрацоўваць рашэнні так, як гэта было трэба. Але часам казаў, маўляў, "тут вы занадта далёка зайшлі, гэта занадта радыкальна, давайце потым".

А цяпер, пасля выбараў 2020-га, ці шмат засталося прафесіяналаў у вертыкалі ўлады?

— Відавочна, што пасля выбараў мінулага года дынаміка памянялася, — перакананы аналітык. — На вялікай нарадзе Лукашэнка гаварыў пра "тых, што сядзяць пад плінтусам" і, відавочна, сваіх жа. Ён пералічыў тры катэгорыі чыноўнікаў: здраднікі, тыя, што затаіліся пад плінтусам, і тыя, што чагосьці чакаюць, — тыя, хто адмовіўся працаваць ініцыятыўна. Яны не займаюцца шкодніцтвам і сабатажам, а проста сядзяць на нарадах і ківаюць, маўляў, што вы нам, Аляксандр Рыгоравіч, яшчэ цікавага раскажаце?

І як мне здаецца, Лукашэнка гэта адчуў. Прызначэнне генерала КДБ Калача на пасаду інспектара па Мінскай вобласці фармальна падобнае да паніжэння на пасадзе. Але здаецца, што на самай справе Лукашэнка выбудоўвае паралельную вертыкаль улады, якая абапіраецца на "памочнікаў прэзідэнта". Гэта аналаг таго, як бальшавікі ставілі наглядчыкаў, "скураных начальнікаў" над спецыялістамі, якія дасталіся ад мінулага рэжыму.

Цяпер мы разумеем, што рух ідзе ў процілеглым кірунку. Замест пашырэння прасторы свабоды і ініцыятывы ідзе яе сцісканне. Трэба разумець, што ініцыятыва свабодных людзей заўсёды больш эфектыўная, чым усякі кантроль.

“Если готовы целовать сапог”: Чалый о будущем ПВТ и “кожаных начальниках”

А ці ёсць шанц у Парку высокіх тэхналогій ва ўмовах татальнага кантролю застацца хоць бы на ранейшым узроўні?

— Толькі ў тым выпадку, калі ўлады вырашаць, што ім удалося запалохаць топ-менеджараў, уладальнікаў кампаній, якія ўваходзяць у ПВТ, калі атрымаецца забяспечыць іх лаяльнасць шляхам тлумачэнняў, — мяркуе аналітык. — Маўляў, глядзіце, ёсць "злыдзень" Мікіта Мікада [заснавальнік PandaDoc, праекта па аўтаматызацыі дакументаабароту кампаній. — Еўрарадыё], які ствараў фонд для дапамогі па перанавучанні сілавікоў, якія не захацелі ўдзельнічаць у рэпрэсіях. І калі вы, у адрозненне ад яго, нічога такога не робіце, калі вы гатовыя цалаваць пярсцёнак або бот, то тады вы "нашы". І гэтым людзям будзе дазволена існаваць прыкладна ў такім самым рэжыме, як і раней.

Але трэба мець на ўвазе, што перспектывы кампаній, нават калі іх надумаюць пакінуць у спакоі, не будуць такімі ж добрымі, як яны былі раней. У сілу макраэканамічных фактараў, праз тое, што інвестыцыйная непрывабнасць і нежаданне мець справу з контрагентамі з Беларусі так ці інакш будзе адбівацца на перспектывах бізнесу, на магчымасці яго пашырэння, на набыцці кліенцкай базы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі