Вы тут

Каханне на балоце. 5 сумных гісторый з глыбі Палесся

Фота Еўрарадыё

Беларускае Палессе заўжды было кансерватыўным рэгіёнам, дзе часам нельга проста так узяць і пабрацца шлюбам з чалавекам, якога кахаеш.

Памятаеце Ганну Чарнушку з “Людзей на балоце” Івана Мележа? Яна не толькі “завіхалася ля печы”, але і кахала, і яе кахалі таксама. А шчасця ў жыцці не было.

Ведаеце, колькі такіх Чарнушак?

Еўрарадыё прывезла з беларускага Палесся пяць гісторый кахання. Тут не прынята направа і налева распавядаць пра пачуцці. Многія гатовыя падзяліцца праўдай пра свой шлюб толькі ў глыбокай старасці.

Антаніна Засімчук, 73 гады  

“Мінае сваю хату, і ідзе да мяне. А яна, яго жонка, пад вокнамі бегае”

Мы кахалі адно аднаго, вельмі кахалі. Яго маці не дала мяне ўзяці. Я нарадзіла сына, назвала яго так, як і бацьку — Лёнем…

Ён ажаніўся. Але стаў хадзіць да мяне. Мінае сваю хату, і ідзе да мяне. А яна, яго жонка, пад вокнамі бегае. Хто яго ведае, яшчэ мне хату спаліць... Знайшоўся чалавек з суседняй вёскі, дык пайшла за яго замуж. Лёнеў бацька і туды два разы прыходзіў, калі яго жонка павесілася: маўляў, кінь яго і хадзем жыць разам. Я кажу, што не, не схацеў ты мяне ўзяць, як быў маленькі сынок — мы з маці яго выгадавалі, па полю вынасілі, бо не было на каго пакінуць — не пайду і цяпер.

А Лёня з бацькам пасябраваў… Той яму і матацыкл купіў. Усё яму купляў. Нават хату хацеў перапісаць. Але сынок загінуў…

Трэба бацькоў шанаваці. Які б ні быў бацька, але ён бацька...

У маладосці я была на заробках ва Украіне. Там адзін хлопец вельмі хацеў мяне ўзяць, але я не захацела. Маладая была, 15 гадоў. А цяпер каюся. Каб пайшла — былі б, можа, і дзеткі, і сям’я. Але не лёс.

Ганна Жук, 84 гады

“Я добра за ім жыла — чым за брыгадзірам кепска жыць?”

На зло аднаму зрабіла — замуж выйшла. Гуляла з ім. А тут гэты Сцёпа з войска прыйшоў.

Бацькі памерлі. Хата пустая. Куды падзецца? Да сястры? Яго сястра замужам за маім братам ужо была… Не было куды. Роду не было. І ў мяне не было. Дык і пабраліся.

Ну, прыгожы быў. Падабаўся. Брыгадзірам потым адразу стаў — усё жыццё працаваў. Неяк разумеў гэтую справу. Я добра за ім жыла — чым за брыгадзірам кепска жыць?!  

Галіна Жук, 89 гадоў

“Мы гадоў пяць сустракаліся. Але не далі яму мяне ўзяць”

Тут хутар побач ёсць. Жыў там мой жаніх, харошы хлопец, Аляксеем называўся. Ён да арміі яшчэ хадзіў да мяне, я яго праваджала. Прыйшоў з арміі — таксама хадзіў да мяне. Вялікае каханне ў нас было. Конем ехаў — вішні прывозіў. Мы гадоў пяць сустракаліся…

Не далі яму мяне ўзяць. Бацька дык і не супраць быў, але астатнія не далі, развялі нас. Плакала — я ж была ўжо цяжарная хлопчыкам. І сіратой была — маці рана памерла.

А потым, калі майму Славіку было сем гадоў, сусед да мяне пасватаўся. Ён ніколі ганьбы не рабіў, што ў мяне дзіця. Я была не кепская. Разам пражылі 30 гадоў.

Славік аднойчы сказаў: “Пайду на хутар, пагляджу, які мой бацька”. Але той уцёк, бо непаголены быў. А потым ля крамы яны ўжо вельмі цалаваліся. І ён сказаў: “Прыязджай да мяне заўсёды”. Але Славік не паехаў.

Аляксей з’ехаў у Барысаў і там ажаніўся на ўдавіцы — з дзіцем узяў. Прайшло колькі часу, памерла яго жонка, мой мужык памёр. Дык мой бацька казаў, маўляў, ты здаровая, дзяцей пагадавала, забірай яго да сябе, ды і жывіце. А я пабаялася. Адмовіла: раней не атрымалася, а цяпер не хачу нікога. А ну сабраўся б ды паехаў зноў у той Барысаў?!

Лёс у яго кепскі — у мяне лепшы атрымаўся... Не бачыла яго з тых часоў. Ён не паказваўся. Я б паглядзела, пэўна. Але як жа я цяпер пабачу — не бачу нічога ўжо.

Будзе маё фота ў інтэрнэце? То мо той Аляксей, мой жаніх, мяне пабачыць?

 

Вольга, 72 гады, і Майсей, 77 гадоў

“Раз ажаніліся, трэба жыць. Дзеці адно за адным пайшлі. Сварыцца і тых дзяцей нерваваць?”

— Мы добра пражылі. Дзед не вельмі гарэлкай захапляўся. Любіў выпіць, але каб мусова хацеў пахмяліцца — не было.

— Ты не бачыла, а я ціхенька пахмяляўся.

— Касу цягнуў — апахмяляўся! (смяецца) Мне падаецца, што раз ажаніліся, трэба жыць. Дзеці адно за адным пайшлі. Сварыцца і тых дзяцей нерваваць? Навошта? Ён сваю, мужчынскую, працу рабіў, а я сваю, жаночую. У нас не было так, каб я крычала: “Мусова дапамагай мне палоць…” Вось ужо 62 гады разам — рубінавае вяселле адсвяткавалі... Гляджу цяпер за ім, сваім Майсеям, але мне не цяжка. Таблеткі даю, ціск кантралюю. Калі бачу, што ён нечага не можа, сама гэта хутчэй раблю. Але дзякуй Богу.   

 

Наталля Займіст, 62 гады

“Дзе ні іду — усё думаю: як бы жыла з ім?”

Калі каханне сапраўднае, то яно жыве ўсё жыццё. Дзе ні іду, усё думаю, як бы жыла з ім. Калі б ён разышоўся з жонкай цяпер — забрала б да сябе.

Падавалася, што пачуцці ўзаемныя. Але, відаць, не лёс. А лёс…

Бацьку свайго сына сустрэла на дарозе: ішла з ракі, а ён на раку. Пазнаёміліся. На наступны дзень прапанаваў выйсці замуж. А я думаю: “Цікава, ці ён разумны ці дурны? Як гэта можна на другі дзень жаніцца?”. Адмовіла, у мяне было вялікае каханне да іншага. Той усё званіў і казаў, што прыедзе. І не прыязджаў.

Я тады ўзяла і выскачыла замуж за гэтага, што зваў. І, натуральна, дарма я гэта зрабіла. Бо замуж трэба выходзіць праз каханне. Вельмі цяжка цярпець выхадкі таго, каго не любіш. Няма кіслароду — усё перакрывае. А калі любіш, то даруеш.

А муж… пачаў піць, біцца. Я ў выніку сказала: “Ведаеш, я выпадкова выйшла за цябе. І не кахаю”. Маці пабіў, сына пабіў… Развяліся…

Думала ўсё пра таго свайго хлопца, хоць ён і ажаніўся. Жыве цяпер па суседству з маім братам... Я дагэтуль яго кахаю.