Іпэшнікі з Полацка: Калі будуць праверкі падатковай, будзем закрывацца

Іпэшнікі з Полацка: Калі будуць праверкі падатковай, будзем закрывацца

У пятніцу ў Полацку пачаўся нечаканы страйк прадпрымальнікаў. Іпэшнікі байкатуюць з прычыны масавых праверак дакументаў і канфіскацый. Гандляры не вытрывалі, закрылі працоўныя месцы і пайшлі да падаткавікоў, каб адбіць сваіх таварышаў. Паход вынікаў не даў, і прадпрымальнікі шэрагамі пайшлі да выканкама, дзе запатрабавалі патлумачыць, як ім працаваць ва ўмовах пастаянных праверак і канфіскацый.

“Нам адкрыта сказалі ў падатковай, што мы перашкаджаем іх працы і яны дзейнічаюць па законе. А таксама сказалі, што праверкі будуць працягвацца і далей. Але стаяць і глядзець, як раздзяваюць суседа, мы не будзем”, — кажа прадпрымальніца з Полацка, актывістка Вольга.

Жанчына гаворыць, што аўторак пакажа, ці будуць выходзіць на працу, бо ва ўсіх заплачаныя падаткі на кастрычнік. Але калі будзе праверка, закрыюць ралеты.

Прадпрымальнікі налягаюць на тое, што праверкі пачаліся менавіта пасля выбараў, да гэтага не чапалі.

Аднак у падатковай Полацка Еўрарадыё заўважаюць: прывязваць праверкі да выбараў некарэктна, яны былі і будуць. Ад каментароў адмаўляюцца, раяць звярнуцца да падаткавікоў па Віцебскай вобласці. Слухаўку ў Віцебску здымае намеснік начальніка падатковай Таццяна Віктараўна. Яна ў суботу дзяжурыла на гарачай лініі і ніводнага тэлефанавання па пытаннях дакументацыі ад прадпрымальнікаў не атрымала.

“Я дзяжурыла на гарачай лініі ў суботу, каб хто з прадпрымальнікаў патэлефанаваў ды запытаўся!” — абураецца жанчына і працягвае спакайней:

“Прадпрымальнікі працавалі без дакументаў, якія пацвярджалі б набыццё тавару. Дакументы павінныя быць у кожнага — гэта накладная, якая пацвярджае факт увозу тавару. Менавіта гэтыя дакументы былі несапраўднымі. Высветлена, што расійская фірма, якая давала накладную, не адгружала ўказаны тавар”.

Еўрарадыё: Але ж прадпрымальнікі заплацілі падаткі па гэтых накладных. Падатковая іх прымала — як так?

Падатковая: Падатак выплачаны. Але мы правяралі той факт, што тавары прадаваліся без дакументаў. Гэта парушэнне.

Заўважым, што даць Еўрарадыё інфармацыю па тых самых нібыта правераных расійскіх прадпрымальніках у падатковай адмаўляюцца. Прадпрымальнікам таксама не далі ніякіх дакументах аб запытах у Расію.

Сітуацыя, калі беларускія іпэшнікі набываюць накладныя ў Расіі за грошы, нярэдкая, гарантаваць іх сапраўднасць беларусы не могуць. Як распавёў Еўрарадыё адзін з прадпрымальнікаў, звычайна праверка накладных зводзіцца да таго, што правяраецца, ці супадае імя дырэктара фірмы, якая давала накладную. І ўсё. Набыць дакументы ў Расіі можна на любую групу тавараў, і пра гэта іпэшнікі заяўлялі неаднойчы.

Еўрарадыё звярнулася таксама да прадпрымальнікаў з іншых рэгіёнаў Беларусі. Іпэшнікі заўважаюць, што драконаўскіх мераў пакуль няма, маніторынгі і штрафы ідуць. Вось што кажа прадпрымальнік з Магілёва Аляксей:

“Так, як у Полацку — такога няма. — Па словах прадпрымальніка, пасля 1 студзеня 2016 года ён працаваць не будзе, як і яго калегі: — А навошта? Месца ў добрым гандлёвым цэнтры каштуе ў месяц 22 мільёны, дык я на гэтыя грошы магу некалькі месяцаў жыць. Думаю, бастанём, на пару месяцаў дакладна, паглядзім, як на гэта адрэагуюць улады”.

Нагадаем, з 1 студзеня 2016 года пачынае дзенічаць указ № 222, які патрабуе ад прадпрымальнікаў пакет дакументаў па якасці прадукцыі.

Фота: TUT.BY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі