У Полацку арыштавалі прадпрымальніцу за спробу перадаць у выканкам петыцыю

Рынак у Полацку / periskop.su

У Полацку на 30 сутак арыштавалі Таццяну Шастак — індывідуальнага прадпрымальніка, якая збіралася аднесці ў Наваполацкі гарвыканкам зварот ад мясцовых ІП. Пра гэта распавядае "Віцебская вясна". Людзі хацелі пацікавіцца ў старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Дзямідава, як ім працаваць у новых умовах — з аглядкай на пастанову ўрада аб рэгуляванні коштаў.

Таццяну Шастак затрымалі ў сем гадзін раніцы на выхадзе з дома, адвезлі ў мясцовы РАУС. У яе ў кватэры правялі ператрус — забралі тэлефон і зварот прадпрымальнікаў. Усё гэта адбылося яшчэ 26 кастрычніка. У той жа дзень адбыўся суд. Працэс адбыўся так хутка і ў такім паскораным рэжыме, што сябры і сваякі прадпрымальніцы не змаглі трапіць на пасяджэнне. Яны нават не ведаюць, па якім артыкуле яе арыштавалі.

Перадаць прадукты для Таццяны ў ІЧУ родныя таксама не змаглі. Кіраўнік ізалятара дазволіў прыняць толькі сродкі гігіены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.