У МАРГ прызналі, што ІП спынялі працу праз замаразку цэн

Закрытыя павільёны ІП на рынку ў Баранавічах / nashkraj.by
Закрытыя павільёны ІП на рынку ў Баранавічах / nashkraj.by

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў прызнаў, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў шэрагу рэгіёнаў краіны прыпынялі працу праз новыя правілы цэнаўтварэння.

"На некаторых рынках былі такія моманты, калі некаторыя суб'екты гаспадарання, у цэлым гэта, вядома, індывідуальныя прадпрымальнікі, дзесьці праца прыпынялася", расказаў ён у эфіры "Беларусь 1". Але пасля кансультацый і тлумачэнняў, паводле яго слоў, "сітуацыя кардынальна змянілася: усе выйшлі на працу".

Багданаў таксама расказаў, што пасля выхаду ўрадавай пастановы беларускаму гандлю даводзілася працаваць начамі, каб прывесці цэны ў адпаведнасць з новымі нормамі. У гандлю было ўсяго пяць дзён. Пры тым, што рэгуляванне ўвялі адразу па 370 таварных пазіцыях, якія ахопліваюць 90% асартыменту. У першыя дні ў Міністэрства паступала да паўтысячы запытаў у дзень аб тлумачэннях. Цяпер, паводле слоў Багданава, сітуацыя супакоілася. Рабіць зніжкі крамам па-ранейшаму ніхто не забараняе, але ўсталёўваць яны іх могуць з аглядкай на свае рэсурсы.

Міністр таксама яшчэ раз патлумачыў, як прадаваць "раздзеленую курыцу". "Прапісаны выразны механізм, што незалежна ад таго, тушка гэта, альбо паўтушка, альбо нейкае дапаўненне, — усё мусіць каштаваць як адзіная тушка", — сказаў Багданаў. Пасля разделкі на птушкафабрыцы або мясакамбінаце курыца, "калі ўсю яе назад скласці, то яна павінна каштаваць па цане цэлай тушкі плюс 10% на працэсінг".

У пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, каб абмеркаваць рост цэн у краіне. Асобна ён спыніўся на цэнаўтварэнні прадуктаў харчавання. "Раздзялілі дохлую курыцу, упіхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар!" — абураўся Лукашэнка. Пасля гэтага крамам забаранілі істотна павышаць цэны пры разделцы курэй. Цэны спачатку замарозілі, потым выпусцілі пастанову з правіламі рэгулявання, а потым і гэтыя правілы адрэгулявалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі