Інвалід-калясачнік: Я ніколі не думаў, што пакатаюся на сёрфінгу!

Інвалід-калясачнік: Я ніколі не думаў, што пакатаюся на сёрфінгу!

Нядаўна ён вярнуўся з падарожжа, у якім праехаў на ручным ровары больш за 500 кіламетраў, і гэта толькі, каб пакупацца ў Балтыйскім моры. З івалідам-калысачнікам Аляксандрам Аўдзевічам Еўрарадыё сустракаецца ў Лідзе падчас святкавання Дня горада. Хлопец — сапраўдная зорка, каб паразмаўляць з ім даводзіцца адстаяць сур’ёзную чаргу з журналістаў. Ён вельмі адкрыты і просты, гатовы падтрымаць любую тэму і распавесці пра любыя акалічнасці свайго жыцця.

Пра падарожжа на Балтыку: “Я ж не магу спыніцца і проста схадзіць “у кусты”

“Ідэя ўзнікла абсалютна спантанна, проста яе агучыў, і пачалося. Гэта, ведаеце, як пасля трэніровак, усё баліць. Я за першы дзень праехаў 80 кіламетраў, а потым усё болей і болей праязджаў. Але былі такія дні, калі даяжджаеш да буйнога горада і там тусуешся. Я ж яшчэ граю на драм-машыне — такая штука з кнопкамі. Дык у Вільні, у цэнтры горада граў. Паставіў ровар, у мяне быў невялічкі комбік, дык яшчэ і грошай зарабіў. То бок падчас паездкі я спрабаваў укладаць энэргію ў знаёмствы, стасункі з людзмі, тусоўкі і так далей.

 

Насамрэч, праводзіцца нямала падобных падарожжаў, але іх асноўная мэта — узняцце спартовага духу. А я больш аматар падарожжаў… з доляй авантурызму. Каб, напрыклад, няма грошай, але ты мусіш некуль даехаць і нешта там зрабіць. Ці сам мусіш спраўляцца з цяжкасцямі і праіснаваць пэўны час… Мне ў падарожжы трэба неяк трапляць у прыбіральню. Я ж не магу спыніцца і проста схадзіць “у кусты”. Бо канкрэтна трэба сесці, іначай гэта будзе выглядаць вельмі сумна. Трэба было шукаць прыбіральні на запраўках, на кэмпінгах.

Калі другую частку падарожжа, у Літве, было больш-менш, то на пачатку гэта было вельмі вялікай праблемай. Даводзілася заяжджаць наўпрост у школы і прасіцца. Заехаў у прыватны дом, у вёсцы. Яны абалдзелі. Я заяжджаю, а там проста драўляная фігня, а перад ёй такі насып. Нават пад’ехаць туды не змог. Давялося шукаць машыну, прасіцца перасесці да яго на сядушку, уставіць адмысловы катэтар, зліць…

Апошнія два тыдні падарожжа да мора я выпадкова трапіў на злёт актыўнай рэабілітацыі. Я ж займаюся плаваннем. І на такіх злётах выступаю ў ролі інструктара — рабят, якія нядаўна зламаліся, вучу як трымацца на вадзе. Увогуле, гэта крутая тэма. Крута для рабят, якія 15 гадоў сядзелі з мамай на 5 паверсе і не бачылі нічога, што адбывалася ў нізе. А тут 10 чалавек такіх як яны, недзе тусуюцца, нешта робяць… У іх проста з’яўляецца жаданне супернічаць, людзі заўважна змяняюцца.

Але я вельмі задаволены той паездкай. Напрыклад, ніколі не думаў, што пакатаюся на сёрфінгу. Мне зрабілі такую штуку, думаю, мала хто чуў нават назву. Калі цябе з закрытымі вачамі пагружаюць у цёплы басейн, градусаў 35, апранаюць на нос такую прышчэпку і, калі па плячы два разы хлопнуць, ты мусіш набраць паветра. А на ногі апранаюць плавучыя штукі. Рабіла гэта жанчына — старая хіпі, шаманка і тра-ля-ля. Яна мяне, як немаўля, брала на рукі і пагружала. Па рознаму мяне перасоўвала пад вадой. Карацей, рабіла масаж самой вадой. Першыя хвілін 20 ты разумееш, што адбываецца. А потым, вочы жа закрытыя, вестыбулярка адключаецца і ты ўжо перастаеш разумець, над вадой ты ці пад вадой, бо тэмпература прыкладна аднолькавая. З’яўляецца адчуванне, што ты нібы ў чэраве маці знаходзішся… знаходзішся ў нірване. Гэта вельмі крутая тэма, я лічу, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Бо ты рэальна забываеш, што ў цябе нешта не так, і адчуваеш сябе адзіным цэлым”.

Пра аварыю: Калі мяне выпусцілі з бальніцы ў вольны палёт… вы глядзелі фільм “Ва ўсе цяжкія”?

Цяпер 26-гадовы Аляксандр — стваральнік і лідар лідскай міжраённай арганізацыі “Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калысачнікаў”. Праектная дзейнасць ды абарона правоў інвалідаў настолькі захапілі хлопца, што ён вырашыў забыцца на ранейшую працу праграміста. Але яшчэ некалькі гадоў таму ўсё выглядала не так вясёлкава.

“Груба кажучы, я быў з тых людзей, якія выпрабоўваюць на сабе розныя новыя фішкі. Да аварыі я жыў у Мінску і часта працаваў у Нарвегіі, ездзіў туды-сюды. Аднойчы набылі мы з маім родным братам спартовы моцык… Я прыязджаў, мы каталіся, і вось у адзін з такіх маіх прыездаў адбыўся гэты кавардак. Я не быў нейкім прафесійным байкерам, для мяне гэта быў такі прыкольчык: спартовыя моцыкі — трэба паспрабаваць паганяць!

Я вырашыў абагнаць машыну з правага боку. Выехаў на пясок і газануў, каб хутчэй праехаць. А пратэктар на колах спартовы, таму мяне павяло. Вылецеў акурат у слуп грудзьмі. Пафігачыў сабе ўсе рэбры і хрыбет. Два гады знаходзіўся ў бальніцы на рэабілітацыі — пасляаперацыйны перыяд, і год, калі спрабуюць рухаць твае ногі, глядзяць што ў цябе там засталося.

Калі мяне выпусцілі з бальніцы ў вольны палёт… я нават хацеў скончыць жыццё самагубствам. Наеўся так нармальна нейкіх таблетак. Але зрабілі клізму і ўсё неабходнае, і больш я такім не займаўся… я магу шмат расказаць, але ці прапусціць гэта цэнзура!? Карацей, калі вы глядзелі фільм “Ва ўсе цяжкія”…

То бок я і да падзеі нармальна тусаваўся, а пасля проста не ведаў, што рабіць.Трэба ж было шмат трэнажораў набыць, хацеў крутую каляску. А ў мяне ж не было такой крутой сям’і, якая б мне ўсё гэта забяспечыла. Пасля бальніцы я ляжаў, думаў што рабіць, так патрэбныя грошы. Думаў, што з грашыма змагу ўсё набыць, у тым ліку, і дзяўчыну, якая на той момант была. Я ж праграміст па адукацыі, так што ў мяне так нармальна працуе галава. Таму я папоўзаў па сайтах, пачытаў. Паглядзеў, што гэта ўсё не так складана...

Ведаеце, няхай нават і праз дрэнныя справы, але я неяк здолеў для сябе нешта даказаць. Бо не рабіў гэта дзеля тэрміновага навару. Я для сябе зразумеў, што можна варушыцца, што ўсё магчыма. Брат мой у выніку сказаў, што не ўспрымае гэты ўчынак, як дрэнны, бо дзякуючы яму было вельмі шмат зроблена мне на карысць”.

Пра адраджэнне: “У пэўны момант я проста вырашыў, што можна зрабіць чувака ў калясцы модным!”

Шчыра кажучы, я нават не думаў пра нейкія аб’яднанні інвалідаў. Усе гэтыя суполкі, арганізацыі мне падаваліся вельмі сумнымі. Мне падавалася, што тое, што там адбываецца — проста жудасна. Я нават смяяўся з гэтых суполак, асабліва неяк уяўляючы сябе ў іх. Але я такі чалавек, што вельмі лёгка вядуся на розныя прапановы. Я магу доўга адмаўляць нейкія падобныя рэчы, але потым мне патэлефануюць, запросяць, і я пайду. Проста праз цікаўнасць. Тое ж самае ў выніку здарылася і з рэабілітацыйным лагерам.

Праз тры гады пасля аварыі я трапіў у такі лагер для інвалідаў-калясачнікаў. У яго збіраюць з усёй Беларусі людзей, якія нядаўна зламаліся. Інструктары там такія ж калясачнікі. Яны паказваюць, як прысаджвацца, як тупа апранацца…

Гэта можа падацца неверагодным, але каб навучыцца самастойна апранацца, патрэбны год. Бо ёсць такая рэч, як міжвольнае скарачэнне мышц. Напрыклад, я магу легчы, у мяне ногі выпрамяцца і я нічога не магу з гэтым зрабіць. У мяне няма прэса, я не магу прысесці… ляжыш, і цябе, як паралітыка, трасе. То бок гэтую нагу трэба неяк падбіваць, каб нешта на яе апрануць.

І вось, калі на прыкладзе безлічы людзей, якія нават слабейшыя за мяне, я ўбачыў, што нечым можна займацца, мяне гэта натхніла. Я сябе нармальна праявіў у гэтым лагеры і кіраўніцтва мне прапанавала адкрыць суполку ў Лідзе, бо акурат яе там не было. Спачатку я да гэтага паставіўся скептычна, але потым зарэгістраваліся ў выканкаме, правялі першы сход, запрасілі людзей…

У пэўны момант я проста вырашыў, што можна зрабіць гэта модным. То бок, калі ты бачыш чувака ў калясцы і ўсе думаюць, што клёвы чувак у калясцы, то чаму б і не! Бо калі нешта становіцца модным, яно перастае быць дрэнным і неактуальным.

Цяпер у лідскай раённай арганізацыі 22 інваліды, з іх чалавек 15 — моладзь. Яны паступова змяняюцца, пачынаюць знаходзіць занятак сабе, працаваць уладкоўваюцца. Але гэта вельмі доўгі працэс. Гэта вельмі складана псіхалагічна і фізічна.

Пра тую самую моднасць: “Пражыўшы да 11 класа, я ні разу не бачыў чувака ў калясцы”

Ну, так! Я стараюся, каб мяне ведалі. У мяне тут было некалькі праектаў, з-за якіх я так бы мовіць прапіярыўся. Спачатку я зрабіў прэзентацыю, з якой аб’ездзіў усе нашы школы. Я распавядаў дзецям 8-11 класаў пра тое, хто такія інваліды, як да іх ставіцца, як дапамагаць пры магчымасці. Раздаваў усім брашуркі. Бо я злавіў сябе на думцы, што пражыўшы да 11 класа, я ні разу не бачыў чувака ў калясцы. І мне падаецца, што такіх людзей шмат. І ў іх фармуецца такая штука ў галаве, што на інвалідаў трэба глядзець не так, як на ўсіх астатніх.

А пасля гэтага праекта я ладзіў флэш-моб. Запрасіў усіх гэтых дзяцей, да якіх ездзіў, на гарадскую плошчу. І ў гэты ж дзень запрасіў усіх нашых калясачнікаў, якіх здолеў выцягнуць. Але не тлумачыў прычыны. Дзеці з усіх школ зрабілі расцяжкі: “Заўсёды вам рады, выходзьце часцей!”. У кожнай школы былі свае літары, яны хаатычна рухаліся па плошчы. А мы ўсе сустрэліся недалёка ад плошчы і пачалі рухацца ў яе бок. І вось, калі мы выехалі на плошчу, усе дзеці ўзнялі гэтыя расцяжкі, пачалі абдымаць гэтых рабят з інваліднасцю, казаць цёплыя словы… Яны і так у горад рэдка выязджаюць, і так для іх гэта было страшнавата, а тут такая дзвіжуха. Папросту абалдзелі!

Пра стасункі: “Усё працуе, але ты нічога не адчуваеш, прастытутка тут ужо ніяк не пакаціць”

На момант аварыі дзяўчына была, але класічна сышла. Мне доўгі час падавалася, што ўжо не можа быць ніякіх стасункаў з дзяўчатамі. Проста нават увагі з боку супрацьлеглага полу быць не можа. Калі раптам яно і будзе, то гэта выключна па нейкім разліку, з-за жалю, ці нешта фантастычнае. Думаў, можа, з вёскі якую знайду.

Але потым неяк там пазнаёміўся, там пазнаёміўся, даведаўся пра нейкія дробязі, як сябе паводзіць, што рабіць… Адзінае, што з’яўляецца псіхалагічны фактар. Калі ты ламаеш хрыбет, то ўсё, што ніжэй пералому, ты не адчуваеш. То бок там усё працуе, але ты нічога не адчуваеш. То бок, напрыклад, прастытутка тут ужо ўвогуле ніяк не пакаціць. І атрымліваецца, што ўсе рэчы, якія былі звязаныя з атрыманнем сексуальнага задавальнення, для цябе больш не існуюць. Казаць, што не гэта асноўнае, можна, калі табе шмат гадоў, а калі ты малады… Для мяне, напрыклад, гэты факт быў афігеннай праблемай. Застаецца толькі душа. Але ў мяне ёсць цяпер дзяўчына, яе завуць Люда. Мы з ёй пазнаёміліся на адной вечарынцы.

Я часта хаджу на вечарынкі. Стаў хадзіць на вечарынкі, калі перасеў у каляску. Бо на іх можна набухацца нахаляву (смяецца). Але, праўда, амаль кожны раз знаходзіцца п’яны чалавек, які мне даказвае, што дагэтуль у мяне нічога не атрымлівалася, бо побач не было яго. Ён абяцае, што разам мы пройдзем усе складанасці і менавіта з ім я ўстану і пайду (смяецца)! Што ёсць сябар у Маскве, які не аднаго паставіў… Ён увесь вечар ходзіць за мной, частуе. І кожны раз гэта новыя людзі! Так што, можна сказаць, што я сваім станам крыху карыстаюся.

Нядаўна я быў у лагеры і там быў кіраўнік такой жа арганізацыі, толькі са Швецыі. Дык вось ён прызнаўся, што робіць тое ж самае. Насамрэч, такім чынам мы паказваем, што людзі на калясках таксама ўмеюць тусавацца ды весяліцца. У мяне ёсць такі трэнажор, як тумба. З ім можна ўстаць і хадзіць. Дык вось я ўзяў яго на вечарынку і танчыў у ім стоячы. Усе афігелі, бо выйшаў робат.

“Нават, калі б я быў Барак Абама, усё роўна нічога б не змянілася”

Думаў максімальна зрабіць… паспрабаваць зрабіць усё, што здолею, даведацца з сусветнага досведу. Іншага выйсця я не бачыў. Да гэтага я маніторыў аперацыі. І калі напісаў амерыканцам, ізраільцянам, немцам, усім-усім, каму мог, я зразумеў, што нават, калі б я быў Барак Абама, усё роўна нічога б не змянілася. Усё роўна я буду сядзець у гэтай калясцы. І вось, калі я гэта ўсё зразумеў, то пачаў думаць, што я магу палепшыць і захаваць, седзячы ў калясцы. Высветлілася, што гэта пэўныя групы мышц, суставы, косці і г.д.

Натуральна, мець ўласнага інструктара, які будзе сваімі рукамі ўсе гэтыя мышцы размінаць кожны дзень па тры разы, было б крута. Але колькі гэта каштаваць будзе!? А яшчэ ж трэба, каб гэты чалавек разбіраўся, ведаў, што ён робіць. Таму адзіная альтэрнатыва — спецыялізаваныя трэнажоры, плаванне, адмысловыя вертыкалізатары, эмітатары хадзьбы. Так я пачаў маніторыць, дзе якія ў якіх цэнтрах выкарыстоўваюць. Якія можна набыць на ebay са зніжкай...

І вось калі я набыў першы трэнажор, зразумеў, што такі трэнажор, можа, толькі ў трох чалавек у Беларусі ёсць. Але яго не так складана і не так дорага можна набыць у пэўных месцах. Таму я і вырашыў запісаць пра гэты трэнажор ролік. Такім чынам і нарадзіўся відэаблог InvaLIFE.

Працяг размовы з Аляксандрам Аўдзевічам пра супрацоўніцтва з гарадской адміністрацыяй, пяцігадовую недатычнасць “дажыначнага” ўпрыгожвання, тэатральнае жыццё, прыбіральні і падарожжа па Злучаных Штатах — тут.

Фота з акаўнта Аляксандра ў сацыяльных сетках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі