Інвалід-калясачнік: Заўсёды думаю пра прыбіральні, гэта сур’ёзная праблема

Інвалід-калясачнік: Заўсёды думаю пра прыбіральні, гэта сур’ёзная праблема

Размову з Аляксандрам Аўдзевічам пра стаўленне да інвалідаў у грамадстве, падарожжа да мора на ручным ровары і стасункі з дзяўчатамі можна паглядзець тут.

У роднай Лідзе Саша вядомы чалавек, яго пазнаюць на вуліцах, вітаецца адміністрацыя горада, а журналісты, натуральна, становяцца ў чаргу па каментарый. Інвалід-калясачнік вядзе відэаблог, дзе дапамагае такім жа людзям разабрацца з неабходнымі прыладамі, падабраць трэнажоры і не саромецца свайго стану. Ён узначальвае лідскую міжраённую арганізацыю “Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калысачнікаў”. Дзякуючы Аляксандру, у гарадскім басейне з’явіўся адмысловы пад’ёмнік для інвалідаў, людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць патрапіць у мясцовы Палац культуры ды розныя іншыя забаўляльныя ўстановы, атрымаць правы на кіраванне аўтамабілем і гэтак далей.

“Нягледзячы на аварыю, мая любоў да матацыклаў нікуды не знікла”

Я не магу сказаць, што дзякуючы мне з’явілася аўташкола для інвалідаў. Мне падаецца, яны і раней былі. У мяне проста ёсць знаёмы, які кіруе аўташколай. А самае галоўнае пытанне, каб у школы была машына з аўтаматычнай каробкай перадач. І вось у яго такая машына была. Ён сказаў: “Саня, блін, давай зробім!” Яны перарабілі гэтую машыну пад ручное кіраванне, атрымалі дазвол, і ўжо ёсць некаторыя людзі, якія вучацца, здаюць на правы. А правы для інваліда-калясачніка — адна з самых важных рэчаў. Бо ты сеў у машыну, і можаш рабіць, што хочаш, падарожнічаць, перасоўвацца…

У мяне правы ёсць, але няма машыны. Я хачу трайк (матацыкл з трыма коламі, — заўв. Еўрарадыё). Мая любоў да матацыклаў нікуды не знікла. Я для сябе зразумеў, што трэба было мне ездзіць на цяжкіх матацыклах. Ёсць такія цяжкія класныя нямецкія трайкі, яны каштуюць дорага — каля 15 тысяч еўра. А я знайшоў для сябе такі скутэр-трайк на 400 кубікаў, каб больш-менш я на ім мог катацца. Прыдумаў нават для яго дэвайс, каб ззаду ставіць каляску, зрабіць на ім больш зручную сядушку з падлакотнікамі… Знайшоў кітайскі варыянт, які мяне цалкам задавальняе, выглядае прыгожа і каштуе 2,5 тысячы долараў.

У прынцыпе, я ўжо, можа быць, і набыў бы яго сабе… але. Тут у нас такая дзвіжуха была: лідскае тэлебачанне ладзіла збор сродкаў для нейкага пацана. Антона, не памятаю прозвішча. У нашым Палацы культуры ладзілася мерапрыемства і мяне туды запрасілі. А там хлопчык нешта кшталту чатырох гадоў і яму патрэбная нейкая найскладанейшая аперацыя, бо ў горле трубка, ён лечыцца ў Іспаніі… не важна. Карацей, збіралі на лячэнне сродкі. І там пачалося: завод Лідсельмаш дае яму 17 мільёнаў, той — столькі, той — столькі і гэтак далей. А на той момант я ўжо назбіраў тысячы паўтары долараў. Я падумаў, а чаму б мне не быць круцейшым за завод. І аддаў гэтыя грошы хлопчыку (смяецца). Завод стаўку ў адказ не падняў (смяецца). Таму з трайкам у мяне пакуль не склалася.

“Не скажу, што чыноўнікі кінуліся сачыць за выкананнем умоў для інвалідаў, але…”

На некаторыя пытанні гарадская адміністрацыя рэагуе вельмі хутка. Яны як бы дурэюць ад таго, што да іх на прыём прыязджае інвалід-калясачнік і яшчэ нешта там кажа. У першую чаргу, для іх гэта ўпершыню. І я гэтым карыстаюся. А калі яшчэ сябе паводзіць больш нахабна, то, ну як адмовіць калясачніку ў гэтым пандусе. Але бывалі касякі, якія проста ўражвалі.

Я ж яшчэ граю ў Палацы культуры ў тэатры і раней я пад’язджаў да ўваходу, нехта выходзіў, уздымаў мяне на прыступкі і я заходзіў у сярэдзіну. Летам — яшчэ ладна. А зімой!? Некалькі разоў так атрымалася, што я прыехаў, ці то не датэлефанаваўся, ці яшчэ што, і давялося чакаць. А я быў кепска апрануты, таму мне было не вельмі прыемна. Таму я адразу пад’ехаў да кіраўніка ПК і папрасіў зрабіць пандус. Ён пагадзіўся, сказаў, што гэта важна і на гэтым усё спынілася.

Прайшло яшчэ з паўгода і нічога не змянілася. У выніку я напісаў ліст на імя нашага кіраўніка выканкама. Патлумачыў, што займаюся ў тэатры, хацеў бы ездзіць самастойна, звяртаўся, але рэакцыі ніякай. Прайшоў, можа, тыдзень, як патэлефанаваў нейкі прадстаўнік выканкама, які паабяцаў, што ўсё зробіць.

У ПК дырэктар на мяне ўжо глядзіць як на ворага, маўляў, навошта ты напісаў у выканкам, нават, не пагутарыўшы са мной. Я паспрабаваў нагадаць, што размова ўжо была. А яна ж яшчэ і дэпутат. Дык кажа мне, што для яе гэта ўвогуле не праблема, проста я сам недастаткова ўвагі надаў гэтаму пытанню.

Але галоўнае, што ў выніку пандус з’явіўся. Хоць таксама не без прыгодаў. Яны замовілі металічны прыстаўны пандус, які мусілі прывезці з Гомеля, сварыць і каштаваў ён каля 10 лямаў. І вось яна мне паказвае фотку гэтага пандуса, распавядае, як тут усё будзе, а побач праходзіць наш былы мэр. Прывітанне, як справы і г.д. Пачынаюць абмяркоўваць гэты пандус. І тут ён кажа: “Дык тут жа можна проста горку зрабіць!”. Карацей, на наступны дзень тупа зрабілі гэтую горку.

Нельга сказаць, што чыноўнікі кінуліся сачыць за выкананнем умоў для інвалідаў. Але ў выпадку звароту да іх, яны рэагуюць. Мне падабаецца, што проста пачалі звяртаць на гэта ўвагу. Але не ўсе.

Напрыклад, у нас цяпер паўсюль на першых паверхах дамоў адкрываюць невялічкія крамы, салоны, цырульні і гэтак далей. Гэта не так даўно пачалося, але цяпер у нас у цэнтры амаль няма ўжо кватэр на першых паверхах. Што яны робяць, — проста прыстаўляюць лесвіцу і ставяць дзверы. Але па законе усе пабудовы, пачынаючы з 2011 года, мусяць быць абсталяваныя спецыяльнымі прыладамі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але яны чамусьці гэта не ўлічваюць. Вось цяпер у мяне такая навязлівая ідэя, заняцца гэтым пытаннем, чамусьці мне падаецца, што ў мяне атрымаецца.

Ці яшчэ адна праблема — бардзюры. Па горадзе ёсць такія бардзюры, на якія я не магу заскочыць. Зноў жа, я палез чытаць законы, пастановы і высветліў, што з таго ж 2011 года, калі тратуар перакрыжоўваецца з дарожнай часткай, бардзюры мусяць быць “у нуль”. Пайшоў у ЖКГ, паказаў пастанову, месцы. А яны мне кажуць, што гэта было зроблена падчас дажынак, а ўсё, што зробленае падчас дажынак — святое, кранаць нельга 5 гадоў. Маўляў, там не можа быць ніякіх памылак і пра тое, каб пераробліваць, ніхто нават размаўляць не будзе. Ну добра! Што рабіць!? Пачакаю гэтых пяць гадоў, не паезджу па тых вуліцах.

“У пэўны момант я зразумеў, што я піпецкі тэатрал”

У пэўны момант пасля некалькіх знятых ролікаў, я зразумеў, што я піпецкі тэатрал. І адразу паехаў сустракацца з дырэктарам нашага тэатра. А яны неяк ставілі розныя дзіцячыя ранішнікі ды іншую гапату. Ну, я і прапанаваў ім паставіць п’есу… уласную. Нешта падобнае на фільм “Звычайны цуд”. Толькі ў мяне як бы паляўнічы раніць мядзведзя і той становіцца інвалідам-калясачнікам. І той пачаў прасіць у чараўніка: “Чувак, давай зноў у мядзведзя, да ну нафіг такую штуку!”. Я прапанаваў, паабяцаў усё дапісаць, распісаць і яны пагадзіліся паспрабаваць. А паралельна прапанавалі выканаць ролю ў пастаноўцы “Анёл з абарванымі крыламі”.

Цяпер мы працуем над слязлівай інваліднай п’есай “Дзяўчына і кентаўр”. Былая балерына жадае павесіцца ў бальніцы. Хлопец, таксама на калясцы, прыязджае і ратуе яе. Яна кажа, што не хоча жыць, бо была балерына, а цяпер на калясцы. Ён аддае ёй сваю чаргу на аперацыю, і яна з’язджае. Карацей, дзве дзеі. Хутка мы яе ўжо скончым.

А пакуль ішлі рэпетыцыі, я напісаў сваю п’есу, дзе адлюстраваў, груба кажучы, свайго сучасніка. Цалкам усё распісаў, дзе якая музыка будзе, палова сцэн будзе выходзіць праз праектар. Але фінансавання пакуль няма, таму гэта пакуль мая мара. Але ў прынцыпе, грошай трэба не так шмат. Галоўнае — прафесійна зрабіць вось гэтыя ролікі, якія будуць праектавацца на экран, бо рэжысёр, касцюмер і г.д. ёсць.

“Хацеў адкрыць трэнажорку для інвалідаў, але пажарныя не прапусцілі памяшканне”

Калі своечасова заняцца рэабілітацыяй, то можна шмат чаго выйграць. Напрыклад, пакінуць цэлымі суставы, некаторыя мышцы. Калі не займацца першыя пяць гадоў, то атрафіруюцца мышцы, зарастаюць суставы. Ёсць людзі, якія цяпер, напрыклад, ужо проста не могуць вертыкалізавацца, бо папросту не займаліся і цяпер, спрабуючы ўстаць, папросту зламаюць суставы.

Я хадзіў у райвыканкам, размаўляў на гэтую тэму. Бо гэта важна. У нас было памяшканне па суседстве з басейнам. У нас жа ў басейне ёсць адмысловы пад’ёмнік. Было б крута займацца комплексна. Схадзіў у басейн, а потым у залу, якая побач. Такога, мне падаецца, нідзе ў Беларусі няма. Менавіта, каб гэта была не бальніца, а звычайная грамадская трэнажорка. Калі ёсць жаданне гэтым займацца, запрашаць міжнародных трэнераў-калясачнікаў, каб яны паказвалі, то гэта магло б развівацца. Але пажарныя сказалі, што не прапусцяць гэтае памяшканне, бо яно не падыходзіць для такіх мэтаў.

“Калясачнікам толькі і працаваць, што ў шоў-бізе ды на тэлебачанні, але ў нас гэта не заведзена”

Я цяпер працую над праектам, у якім будуць выконвацца мары інвалідаў. Гэта будуць ролікі, зробленыя пры падтрымцы амерыканскай амбасады. Тэма такая: мы прыязджаем у госці да якога-небудзь чалавека з інваліднасцю і ён нам кажа, што, напрыклад, хацеў бы адзначыць свой дзень нараджэння ў аграсядзібе. Спачатку я еду з “гоўпрошкай” у нейкую аграсядзібу і ад свайго імя спрабую дамовіцца. То бок усё па-сапраўднаму. Ну і трэцяя частка — непасрэдна гэты чалавек з інваліднасцю едзе адпачываць, то бок мы ўсё ж дзе-небудзь дамаўляемся.

Мне гэты праект падабаецца за тое, што ён шчыры. Тут не будзе ніякіх папярэдніх дамоўленасцяў. І ён пакажа сапраўдную аб’ектыўную сітуацыю. Адразу я хацеў паказваць гэтыя ролікі па “Ліда ТБ” і пісаў праект для іх. А потым яны, відаць, зразумелі, што не ўсё ў нас можа быць добра ў нейкіх установах і здалі назад. Але я разаслаў на буйныя інфармацыйныя парталы заяўкі, і там пагадзіліся выстаўляць мой кантэнт.

У мяне ўвогуле шмат ідэй для тэлебачання. Я лічу, што калясачнікам толькі і працаваць, што ў шоў-бізе ды на тэлебачанні. Яны ж не могуць хадзіць, а тут стой, усміхайся размаўляй — ідэальная праца для іх. Але ў нас жа неяк не прызвычаіліся. Як гэта, каб дыктар выехаў на калясцы і пачаў там нешта распавядаць!? Ці ездзіў бы на калысцы і браў інтэрв’ю. Мне падаецца, што такая рэч зламала б стэрэатыпы мільёнаў людзей. Ну, і мне падаецца, што для ажыццяўлення гэтай ідэі не хапае зусім крыху піярчыку.

“Хачу праехацца па ЗША, ад Нью-Ёрка да Сан-Францыска — 5000 кіламетраў”

Нядаўна атрымаў амерыканскую візу, дык хачу праехацца гэтак жа, як па Літве, па ЗША. Хачу праехаць ад Нью-Ёрка да Сан-Францыска — 5000 кіламетраў, то бок у дзесяць разоў павялічыць адлегласць. Але пакуль гэта толькі мары, пакуль шукаю бабло на яе ажыццяўленне. Я ўжо ведаю, дзе ўзяць ровар. У той жа фірмы, што я браў для падарожжа ў Прыбалтыку да мора. Але патрэбныя грошы на квіткі. І, калі не атрымаецца са здымачнай групай, то зраблю на YouTube рэаліці-шоў. У першым выхадзе, напрыклад, скажу: “Вось у мяне 500 баксаў, вось квіток, я сядаю і паехаў!”. А далей буду запісваць ролікі, кідаць у сеціва і спадзявацца, што нехта скіне 5 баксаў са словамі: “Чувак, вось табе, пажары на наступнай запраўцы!” (смяецца). Неяк так! Мне падаецца, гэта будзе цікава.

Так што, за грошы я не баюся. На крайні выпадак, папрашу сяброў выслаць грошы і вярнуся. А вось пра прыбіральні заўсёды думаю. Бо часта праблема вырашаецца выключна праз размовы. А калі буду ехаць праз якую-небудзь пустыню, то як? Натуральна, ёсць прылады, якія дапамагаюць у працэсе. Але я ж не паеду запакаваны памперсамі і г.д. А мокраму неяк непрыемна ехаць…

Для мяне гэта ці не самая сур’ёзная праблема. Нават на вечарынках, у грамадскім транспарце, у таксі было такое, што я папросту апісаўся. Прыкінь, сядзіш на вечарынцы, дзяўчынкі, уся фігня… а тут хоп і абасцаўся. “Усё, я дамоў!” — і нават патлумачыць, што здарылася, не можаш. Думаеш толькі пра тое, як хутчэй змыцца, пакуль ніхто не ўбачыў. Калі шчыра, то пра гэта я пастаянна думаю. Калі ты не адчуваеш гэтых рэчаў, то яны пастаянна сядзяць у цябе ў галаве.

“Па шкале Рыхтара я адчуваю сталы боль на троечку ці чацвёрачку”

Часам дэпрэсія накрывае, бываюць выпадкі. У мяне цяпер спіна… я б паказаў… У мяне зламаны пазваночнік. Месцы пералому зрошчаныя тытанавай пласцінай адно побач з другім. Гэтая пласціна шырокая і вельмі цісне. З-за гэтага я стала адчуваю даволі моцныя болі. Вось калі ўзяць што-небудзь цвёрдае і ціснуць на паўваночнік, то прыкладна такі боль я адчуваю. То бок у мяне няма такога стану, калі я цалкам расслаблены і мне нічога не баліць. То бок па шкале Рыхтара я адчуваю сталы боль на троечку ці чацвёрачку. Але так не ў ва ўсіх, некаторыя нічога проста не адчуваюць. Верагодна, што менавіта гэты боль мяне і стымулюе. Да яго прызвычайваешся. Яго можна часова прыбраць з дапамогай фізухі, калі ты так назаймаўся спортам, што на боль у спіне пофіг.

Я звяртаўся да лекараў, яны мне выпісвалі абязбольваючыя. Але з цягам часу я зразумеў, што папросту пасаджу сабе печань, калі буду пастаянна іх прымаць. А каб зрабіць аперацыю і зрасціць хрыбет па-іншаму, мяне трэба расцягнуць на расцяжцы, зноў зламаць усе рэбры, потым дачакацца каб яны зажылі, потым скласці пазваночнік у нармальнае становічша. Але там ужо ўсе органы па-іншаму стануць і можа стаць яшчэ горш. Таму ад такой аперацыі я дамовіўся. Ды і каштуе яна 30 тысяч еўра… так што, лепш трайк (смяецца).

Фота і відэа з сацыяльных сетак ды блогаАляксандра InvaLIFE

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі