Вы тут

Інтэлігенцыя ў падполлі і на вайне. Размова з Андрэем Хадановічам

Андрэй Хадановіч / архіў

“Я думаю, што адна з задач і тых, хто развязвае войны, і тых, хто разгромвае культуру, унушыць нам думку, што часам не да культуры, часам не да пісьменства, часам не да паэзіі”, — гаворыць Еўрарадыё беларускі пісьменнік і перакладчык Андрэй Хадановіч

З ліпеня 2021 года, пасля таго як у нашай краіне ліквідавалі ПЭН-цэнтр і шэраг іншых грамадскіх ды культурных ініцыятыў, аўтар жыве за мяжой. Мы сустрэліся выпадкова на адной з вуліц Варшавы — так выпадкова ў шматлюднай польскай сталіцы сёння можна сустрэць розных беларусаў, якія былі вымушаны пераехаць сюды праз палітычныя рэпрэсіі. 

Акцыя беларусаў у Варшаве / Еўрарадыё

Андрэй Хадановіч: Цешыць еднасць. Цешыць, што беларусы побач з украінцамі і побач з палякамі. Нягледзячы на ўсё, палітыкам не ўдасца нас пасварыць і нацкаваць адно на аднога. Я думаю, што разумныя ўкраінцы ўжо цудоўна адрозніваюць акупаваную Беларусь, кішэнную пуцінскую Беларусь Лукашэнкі ад той Беларусі, якую мы носім з сабою так, як чалавек носіць з сабою сваё неба і сонца. Беларусь ёсць там, дзе ёсць мы.     

Еўрарадыё: Нядаўна ўлады папрасілі выдавецтва “Янушкевіч” пакінуць свой офіс, а ўлетку ліквідавалі ПЭН-цэнтр. Як не звар’яцець ад такіх навін, тым больш — пісьменнікам, чый хлеб не назавеш лёгкім?

Андрэй Хадановіч: Мы — сведкі свайго часу. Так, нам баліць, мы рефлексуем, але менавіта ў нас ёсць магчымасць зафіксаваць тое, што адбываецца, для тых, каму таксама баліць. Я думаю, што новыя кнігі ўсё роўна будуць з’яўляцца. Зараз мы назіраем у сацсетках сапраўдны фестываль паэзіі ўкраінскіх пісьменнікаў, якія не маўчаць. Яны з усім трагізмам, з усёй надзеяй, з усёй “люттю”, як кажуць самі ўкраінцы, і гневам прагаворваюць тое, што бачаць і адчуваюць. 

Адразу магу сказаць пра планы: з аднадумцамі мы збіраемся аднаўляць фестываль “Прадмова”. Ён будзе праходзіць не паміж беларускімі рэгіёнамі, як раней, а паміж еўрапейскімі гарадамі, дзе жывуць беларусы: Варшава, Кракаў, Вільня, Тбілісі… Задача выдаўцоў сёння — дапасавацца да чытачоў і зрабіць так, каб аўтар і чытач сустрэліся.

Еўрарадыё: Ці маеце вы сувязь з Сяргеем Жаданам, творы якога перакладалі на беларускую мову? Я ведаю, што ён застаўся ў Харкаве і дапамагае сваім. Выступае, валанцёрыць, распавядае пра жыццё падчас вайны ў сацсетках... 

Андрэй Хадановіч: Сяргею зараз не да камунікацыі. Скажам так, я, мае сваякі і сябры сочым за кожным відэа Сяргея, які, натуральна, зрабіўся тварам і голасам няскоранага Харкава. Жадан вяшчае — значыць, Харкаў стаіць. Так што камунікацыя пакуль аднабаковая, і гэта зразумела.

Па-мойму, вельмі справядліва і своечасова Польская акадэмія навук намінавала яго на Нобелеўскую ўзнагароду. Спадзяюся, што шведскім экспертам хопіць кампетэнцыі ацаніць гэта.
 

Еўрарадыё: У вас няма горкага адчування ад таго, што амаль уся беларуская інтэлігенцыя раз’ехалася па свеце?

Андрэй Хадановіч: Я адразу запярэчу наконт таго, што амаль уся інтэлігенцыя з’ехала. Думаю, што падзел зараз недзе 50 на 50. Нават сярод тых людзей, хто актыўна пратэставаў, сярод тых, хто раз ці два разы адсядзеў суткі. Ведаю тых, хто альбо не з’язджаў, альбо з’ехаў і свядома вярнуўся. 

Зразумела, што гэтыя людзі апынуліся ў падполлі, апынуліся фактычна на акупаванай тэрыторыі, апынуліся ва ўнутранай міграцыі. Яны бяруць псеўданімы для сацыяльных сетак, часам прыбіраюць функцыю “падзяліцца” да сваіх вершаў. Прозвішчы згадваць, зразумела, не буду зараз, але я сачу за іх творчасцю. Гэтыя вершы, як і вершы ўкраінцаў, дарэчы, насуперак вайне, дапамагаюць мне, і, думаю, не толькі мне аднаму, дыхаць. 
 

Еўрарадыё: Што вас сёння моцна турбуе?

Андрэй Хадановіч: Галоўнае зараз не перасварыцца на падставе таго, хто большы патрыёт і хто мае большую рацыю. Ёсць плюсы і мінусы ў любой сітуацыі, і кожны мае рацыю па-свойму. Давайце па розныя бакі калючага дроту нараджэння гэтай, на жаль, новай жалезнай заслоны рабіць тое, што мы можам. Як казаў герой аднаго фільма: “Людзі абяцаюць нязбытныя рэчы, а пасля не робяць нават магчымага”. Давайце зробім як мінімум не меней за тое, што можам, а яшчэ лепей — крышачку болей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.