Іх норавы: тэорыі змовы, абед у Вашынгтоне і viva magenta

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Што адбываецца, калі ў Ілана Маска сканчаецца цярпенне, а ў скураной канапе прэзідэнта знаходзяць грошы?

Чытайце ў штотыднёвым аглядзе сусветных навін ад Еўрарадыё. Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе.

"Прыгажуня і пачвара" vs "Гульня тронаў"

Самы сталы прэзідэнт ЗША і самы малады прэзідэнт Францыі на гэтым тыдні паднялі тост адзін за аднаго, піша Washington Post. Эмануэль Макрон прыбыў у Вашынгтон з трохдзённым візітам. І стаў трэцім французскім лідарам пасля Шарля дэ Голя і Жака Шырака, які двойчы пабываў з афіцыйным візітам у Белым доме.

"Візуальна атмасфера была такой: сустрэліся сусветы "Прыгажуні і пачвары" і "Гульні тронаў", — апісвае банкет першага дня Washington Post.

Прадстаўнік фандома "Прыгажуні і пачвары" плануе цягам гэтага візіту звярнуць увагу Джо Байдэна на тое, што Еўропа значна мацней пацярпела ад антырасійскіх санкцый, чым ЗША. У прыватнасці таму, што Вашынгтон, каб абараніць сваю эканоміку, прыняў законы, якія ў ЕС лічаць пратэкцыянісцкімі, адзначае французскае радыё RFI.

Джо і Джыл Байдэн, а таксама Эмануэль і Брыджыт Макроны

Цікава, што на абед прэзідэнты прыбылі па відавочна еўрапейскім часе. У Вашынгтоне было 9 вечара, у Парыжы — каля трох гадзін дня. Гэта значыць, у пэўным сэнсе, "зверыць гадзіннікі" Байдэну і Макрону ўдалося.

Ці сустрэнуць іншыя прапановы Макрона столькі ж разумення, пакуль няясна. Ясна іншае: у Вашынгтоне, здаецца, выбралі "новую Ангелу Меркель", праз якую плануюць весці справы з Еўропай.
 

Колькі цярпення ў Ілана Маска

Канье Уэст апублікаваў бязладную серыю твітаў, у адным з якіх была выява спалучэння яўрэйскай зоркі са свастыкай. Ілан Маск называў сябе радыкальным абаронцам свабоды слова, але акаўнт Канье Уэста ўсё-ткі заблакаваў, піша CNN.

А за некалькі гадзін да гэтага іншая сацыяльная сетка — "Parler", якую збіраўся купіць рэпер, — заявіла пра спыненне перамоваў аб продажы. І гэта пры тым, што "Parler" пазіцыянуе сябе як альтэрнатыва "свабоды слова", яна папулярная паміж кансерватараў і прыхільнікаў тэорыі змовы.

Між тым, Уэст ужо заяўляў пра свае планы балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах. Баімося, для такога экстравагантнага выбару нават у Штатах не хопіць прыхільнікаў тэорыі змовы.
 

Грошы ў канапе

Прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі Сірыл Рамафоса яшчэ нядаўна прыяждаў з афіцыйным візітам у Лондан. А дома між тым разгараўся карупцыйны скандал. Менавіта для выкаранення карупцыі Рамафосу і выбіралі прэзідэнтам. Асаблівая непрыемнасць якраз у тым, што менавіта для выкаранення карупцыі Рамафосу і выбіралі прэзідэнтам.

Адкуль грошы ў прэзідэнта? / pixabay

Пакуль прэзідэнт гасцяваў у брытанскага караля, высветлілася, што ў 2020 годзе з яго прыватнай паляўнічай фермы зніклі больш за 500 тысяч даляраў наяўнымі. Грошы былі схаваныя ў скураной канапе, але прэзідэнт не заявіў аб згубе ў паліцыю, а толькі паведаміў начальніку сваёй службы бяспекі. Больш таго, былы кіраўнік паўднёваафрыканскай разведкі лічыць, што прэзідэнт заплаціў вінаватым у крадзяжы за тое, каб яны нікому нічога не расказвалі, піша CNN.

Сам прэзідэнт ПАР кажа, што ніколі не краў, а грошы, якія хаваў у канапе, зарабіў на продажы буйвалаў са сваёй фермы. Рамафоса сапраўды валодае буйной фермай і менавіта на ёй зарабіў сваё багацце.

Цяпер апазіцыя заклікае да імпічменту Рамафосы, а яго прыхільнікі просяць прэзідэнта не весціся на правакацыі. Увогуле, "грошы" і "канапа" сустракаюцца ў адным сказе не толькі ў навінах аб беларускай палітыцы.
 

Віва маджэнта

"Заклікаючы сілы прыроды, ён зараджае наш дух, дапамагае ўмацаваць нашу ўнутраную сілу," — гэта не вытрымка з выступлення трэнера персанальнага росту. Гэта апісанне колеру Viva Magenta ад інстытута "Пантон". Гэты колер інстытут абраў сімвалам 2023 года.

У "Пантоне" свой выбар растлумачылі так: "нетрывіяльнае адценне для нетрывіяльнага часу". І калі вы хочаце пераключыцца з навін гэтага часу, паглядзіце на відэа "Пантон". Там, як заўсёды, усё вельмі прыгожа.

Як выглядае колер з такой прыгожай назвай?

Яшчэ адзін спосаб адключыцца ад штодзённых навін з Беларусі — раз на тыдзень слухаць падкасты Еўрарадыё пра падзеі ў свеце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.