Вы тут

Іх норавы: межы Расіі, каралеўскі юбілей і "на капеечку" па-амерыканску

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Больш немагчыма рабіць выгляд, што навіны ў Беларусі і ў свеце існуюць самі па сабе. Вось сусветны крызіс харчавання, які набліжаецца, — гэта сусветныя навіны. А калі дадаць, што неўраджай можа здарыцца ў тым ліку праз падаражэнне калійных угнаенняў? Тады ўжо быццам бы і беларускія.

Кожны дзень Еўрарадыё трымае вас у курсе галоўных падзей Беларусі. А ў пятніцы расказваем пра сусветныя навіны, якія вы маглі прапусціць. Таму што яны нас таксама датычацца.

 

Танней купіць какаін

У свеце працягваюць высвятляць, чаму растуць цэны на бензін. Растуць так моцна, што сенатар-рэспубліканец Джон Кенэдзі, выступаючы на Fox News, сказаў, што ў яго штаце танней купіць какаін і проста бегчы, куды трэба.

Newsweek піша, што ў дзесяці амерыканскіх штатах цана за галон бензіну перавысіла 5 долараў. Гэта вам не беларускае "на капеечку".

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ЗША ўвялі эмбарга на расійскія энерганосьбіты, нагадвае ВВС. Але давайце будзем гаварыць правільна: бензін даражэе не праз санкцыі, а праз вайну.

Ёсць і іншыя фактары, якія справакавалі рост цэн, піша CNN. Пасля пандэміі попыт вырас, людзі сталі больш ездзіць і лётаць, а прапанаванне не ішло ў нагу з попытам. Самі Штаты здабываюць менш нафты, чым да пачатку пандэміі, а краіны АПЕК хоць і павялічылі здабычу, але і гэтых аб'ёмаў, як відаць, аказалася недастаткова.

Здабыча нафты / pixabay

У Расіі няма межаў

У Расіі больш няма межаў, як і марыў Уладзімір Пуцін. Прынамсі, сэрвіс "Яндэкс.Мапы" перастаў адлюстроўваць межы дзяржаў, пішуць "Правила жизни".

Прэс-служба "Яндэкса" перагаварыла з выданнем "Код Дурава". Там сказалі, маўляў, сэрвіс у найбліжэйшы час зрушыць акцэнт з дзяржмежаў на прыродныя аб'екты. Іх можна зразумець: прасцей і ўжо тым больш бяспечней перавесці тэму на рэкі, палі і горы, чым вырашыць пытанне пра межы АРДЛА.

 

Мы яшчэ не скончылі

Вайна можа скончыць пандэмію, але не разбор беспарадкаў у Капітоліі. Вы ўжо забыліся, але 6 студзеня 2021 года, калі ў Беларусі яшчэ быў TUT.by і не быў пасаджаны самалёт з Раманам Пратасевічам, адным словам, у нейкім мінулым жыцці, прыхільнікі Дональда Трампа штурмавалі Капітолій, нагадвае ВВС.

Расследаванне дэмакратаў доўжылася каля года. І вось у чацвер вечарам па Вашынгтоне спецыяльны камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША — яго ўзначальваюць дэмакраты — паказаў урыўкі з інтэрв'ю з сябрамі найбліжэйшага атачэння Трампа. Паказвалі ў прайм-тайм, каб пабачыла максімальная колькасць чалавек.

Былы генеральны пракурор ЗША Біл Бар на гэтых кадрах кажа, што пераконваў прэзідэнта: ён прайграў выбары.

"Мы не можам жыць у свеце, дзе дзейная адміністрацыя застаецца ва ўладзе на падставе свайго меркавання, не падмацаванага канкрэтнымі доказамі аб фальсіфікацыях на выбарах", — сказаў былы генеральны пракурор.

Наіўныя амерыканцы. Гэтае шоу, зрэшты, спадабалася не ўсім. Аналітык ВВС кажа, што амерыканец, які прысеў перад тэлевізарам у той вечар, не атрымаў абяцанага. Гэта значыць, не прачнуўся наступнай раніцай упэўнены, што тады, 6 студзеня, ва ўсім быў вінаваты Трамп. Але зусім дакладна ўспомніў трагічныя падзеі таго дня.

Капітолій / pixabay

Рэспубліканцы ж наогул мяркуюць, што гэтая трансляцыя — спроба адцягнуць на размовы пра Трампа ўвагу аўдыторыі, якая б цяпер з вялікім задавальненнем паразмаўляла пра палітыку Байдэна. Лідар рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў Кевін Маккарці раней крытыкаваў Трампа, а цяпер крытыкуе камітэт. І кажа, што ён проста "дымавая заслона".

Кім бы вы ні былі — рэспубліканцам, дэмакратам ці беларусам, — не давайце палітыкам адцягнуць сваю ўвагу.
 

Стабільнасць пры двары

А вось калі вашу ўвагу хочуць адцягнуць журналісты Еўрарадыё — згаджайцеся. Досыць навін з ЗША і Расіі, пагаворым пра Вялікабрытанію. І не пра тое, што Борыс Джонсан усё ж атрымаў вотум даверу. А пра 70-годдзе кіравання Лізаветы ІІ.

Каралеву павіншаваў мядзведзік Падынгтан! Ён прыйшоў да Яе міласці на 5-o'clock-гарбату. Каралева паўдзельнічала ў здымцы гэтага чароўнага скетча, у якім яна п'е гарбату разам з героем любімых брытанцамі — і не толькі брытанцамі — кніг пра мядзведзіка.

Па сюжэце чаяванне пачынаецца няёмка: Падынгтан выпадкова выпівае ўсю гарбату. І прапануе каралеве ў знак кампенсацыі сэндвіч з джэмам. У канцы роліка Падынгтан дзякуе каралеве. За ўсё.

Калі вы беларус і вам папраўдзе бракуе стабільнасці — чытайце навіны з каралеўскага палаца. Ну ці Еўрарадыё — мы будзем пераказваць вам найлепшыя з іх.

Бракуе стабільнасці? У брытанцаў ёсць крыху!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.