Вы тут

Хто такія Вольга Алейнікава і Алег Суконка — анколагі, пазбаўленыя дзяржпрэміі

Вольга Алейнікава і Алег Суконка / kp.by

Аляксандр Лукашэнка перадумаў. Менш за паўгода таму ён пастанавіў узнагародзіць дзяржаўнай прэміяй шасцярых дактароў-анколагаў за цыкл работ "Новыя метады дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей".

У гэтым цыкле — вынікі даследаванняў, выкананых за 29 гадоў, з 1988 да 2017 года.

Новым указам — ад 21 чэрвеня 2021 года — імёны і прозвішчы двух дактароў з дакумента аб прысуджэнні дзяржпрэміі былі выкрасленыя. Дактары ператварыліся ў "абзацы дванаццаты і трынаццаты", якія трэба "выключыць". Гэтыя два абзацы — экс-дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (АМР) Алег Суконка і экс-дырэктарка РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (ДАГІ) Вольга Алейнікава.

Чаму анколагаў пазбавілі прэміі, не паведамляецца. Можа быць, гэта стане зразумела з расказу Еўрарадыё пра тое, хто гэтыя дактары.

 

Вольга Алейнікава: больш за дваццаць гадоў на чале дзіцячага анкацэнтра

Вольга Алейнікава ўзначальвала дзіцячы анкалагічны цэнтр у Бараўлянах 23 гады. З лета 2019 года яна працуе там галоўным навуковым супрацоўнікам, працягваючы кансультаваць цяжкіх пацыентаў. Вольга Віталеўна — доктарка медыцынскіх навук, прафесар, сябра-карэспандэнт НАН Беларусі. У 2014 годзе яе ўзнагародзілі званнем "Ганаровы дзеяч навукі".

Вольга Алейнікава больш за 20 гадоў узначальвала РНПЦ ДАГІ / kp.by

У інтэрв'ю "Комсомольской правде" Вольга Алейнікава прызнавалася, што маскоўскі Нацыянальны даследчы цэнтр дзіцячай гематалогіі, анкалогіі і імуналогіі даўно яе перавабліваў. Так што пасля сыходу з пасады кіраўніцы РНПЦ яна на чвэрць стаўкі пагадзілася папрацаваць у Маскве.

Дзяржаўныя СМІ рэгулярна звярталіся да Алейнікавай па інтэрв'ю. Журналісты спагадліва пыталіся пра цяжар працы з дзіцячай анкалогіяй. Яна расказвала пра радасці.

— Нядаўна да мяне ў кабінет зайшоў 40-гадовы мужчына з дзяўчынкай-падлеткам і з парога пацікавіўся: "Вы мяне пазнаяце?" Я разгубілася. Аказваецца, ён 30 гадоў таму быў маім пацыентам. І вось, праязджаючы міма, вырашыў зазірнуць і падарыць мне ружы. Ці гэта не шчасце? Ці многім яно выпадае?.. Вядома, хапае і адмоўных эмоцый. Але жыццё — яно ж такое: светлыя і сонечныя дні чаргуюцца з пахмурнымі, — дзялілася Алейнікава ў інтэрв'ю "Минск Новости".

Сем гадоў таму Вольга Віталеўна стала адной з гераінь рэпартажу СТБ, знятага напярэдадні Восьмага сакавіка. Вядучы расказваў, што ў перадсвяточны дзень жанчыны ўжо прымаюць віншаванні, і задаваўся пытаннем: "Чаму толькі ў гэтыя дні?".

— Цудоўных слоў прыгожая палова чалавецтва вартая заўсёды, — заяўляў вядучы. Вось як аказваецца: цудоўных слоў — заўсёды, а ўзнагарод — не заўсёды.

Вольга Віталеўна — доктарка медыцынскіх навук, прафесар, сябра-карэспандэнт НАН Беларусі / БЕЛТА

Вольга Алейнікава — шматдзетная мама. У яе трое сыноў. Адзін з іх — музычны прадзюсар Максім Алейнікаў. Пра сітуацыю коратка выказаўся ў фэйсбуку, суправадзіўшы навіну пра пазбаўленне анколагаў дзяржпрэміі кароткім — "Мама".

Адзін з каментароў да гэтага запісу канстатуе: "Ад гэтага яна не стала менш легендарнай".

 

"Досыць моцныя пратэставыя настроі"

Пасля выбараў дактары і медперсанал РНПЦ догі хадзілі на маршы і наогул актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах. Былы загадчык аддзялення цэнтра Надзея Пятроўская, якая пасля затрымання і суда па "народных артыкулах" аб масавых мерапрыемствах і непадпарадкаванні міліцыі з'ехала з Беларусі, расказвала, што ў цэнтры былі "досыць моцныя пратэставыя настроі".

Дырэктарка цэнтра Наталля Канапля, якая ў 2019 годзе змяніла на гэтай пасадзе Вольгу Алейнікаву, сітуацыю разумела. Нефармальна ў калектыве пастанавілі так: у непрацоўны час доктар мае права на выказванне сваёй пазіцыі. Аднак да канца 2020 года ў Беларусі ўсё-ткі пачаліся звальненні дактароў. Змяніўся і дырэктар РНПЦ ДАГІ — Наталля Канапля, паводле афіцыйнай інфармацыі, пагадзілася на іншую пасаду.

 

Алег Суконка: анкаўролаг і "сенатар"

Алег Суконка ўзначальваў РНПЦ анкалогіі дзесяць гадоў. Заслужаны доктар Беларусі, доктар навук, прафесар-анкаўролаг. Алег Рыгоравіч двойчы ўваходзіў у склад Савета Рэспублікі — і знаходзіцца там і цяпер.
 

Алег Суконка — анкаўролаг і "сенатар"

Пра прычыны сыходу Суконкі з РНПЦ у пачатку 2020 года вядома няшмат. Алег Рыгоравіч развітаўся з калектывам РНПЦ, не паведаміўшы падрабязнасцяў, пісала "Комсомольская правда".

За некалькі месяцаў да гэтага Лукашэнка абурыўся чэргамі ў клініку. Кожны, хто бываў у РНПЦ, напэўна запомніў калідор на першым паверсе корпуса, у якім знаходзіцца паліклініка. І чэргі там. Але ці вінаваты ў іх дырэктар цэнтра?

Гэтай зімой Суконку адправілі "галоўным па COVID-19" у Магілёўскую вобласць. У інтэрв'ю "Народнай волі" анколаг крытыкаваў былога міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і выказваў недавер да афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя па каранавірусе.

Адкрыты ліст дактароў да ўлады, як прызнаваўся сам Суконка, ён не падпісваў. Ад каментарыяў Еўрарадыё сёння адмовіўся.

 

Як пра гэтых дактароў расказвала Мінздароўя

Калі Лукашэнка гэтай зімой падпісаў указ аб узнагароджванні анколагаў дзяржпрэміяй, Мінздароўя рапартавала: у краіне "створана сістэма аказання высокатэхналагічнай анкалагічнай дапамогі насельніцтву". Маўляў, уганараваныя прэміі дактары распрацавалі і ўкаранілі ў практычную ахову здароўя 80 метадаў дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей.

"Паказчыкі пяцігадовай выжывальнасці пры пухлінах рознай лакалізацыі павялічыліся ў 1,5-3 разы", — дакладвалі ў Мінздароўя. Дзякуючы ўкараненню распрацаваных метадаў у лячэнне пацыентаў, па звестках самога ведамства, за 2000–2017 гады "дадаткова выратавана" больш як 12,8 тысячы чалавечых жыццяў.

Праз паўгода аказалася, што дзяржпрэміі заслугоўвалі не ўсе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.