Дзе можна пажыць танней, чым на здымнай кватэры

Еўрарадыё паглядзела, дзе можна "перакантавацца" танней, чым на здымнай кватэры — самыя экстрэмальныя і лаяльныя варыянты.

Цэннік на кватэры цяпер — 350-400 долараў за аднапакаёўку — напружвае: калі здымаць такую кватэру самому, на жыццё застаецца прыкладна 210 долараў. Асабліва не пашыкуеш.

Кіраўніца хостэла "Джаз" Валерыя распавядае Еўрарадыё, што сітуацыя, калі жыхары затрымліваюцца ў іх на месяц, нярэдкая. Асабліва гэты спосаб упадабалі студэнты, пакуль шукаюць кватэру.

“Студэнты, нават групамі і некалькі тыдняў. Але і замежнікі таксама прыязджаюць, асабліва расіяне, калі пачынаюць вучыцца — ім тут складаней знайсці кватэру. Завочнікі некаторыя ўжо два гады так жывуць”, — кажа Валерыя.

Кошты не сказаць каб вельмі танныя: за суткі ў агульным нумары — 11 еўра, калі асобны пакой — 35 еўра. За гэтую суму атрымліваем кухню і бясплатны wi-fi. Падлічваю, што месяц такога жыцця няблага вытрасе бюджэт!

Валерыя супакойвае: у выпадку доўгачасовай арэнды робіцца зніжка — 1,5 мільёна замест 3,7 мільёна. Калі будзе жыць група, дык таксама зніжкі да 90 тысяч за суткі з чалавека на пражыванне на некалькі дзён, а завочнікам койка-месца абыходзіцца ў 70-90 тысяч з носа. 

У сталічным медвыцвярэзніку таксама можна пераначаваць! Пацверазець у медустанове каштуе 250 тысяч з чалавека.

"Ну, мы яго (нецвярозага. — заўв. Еўрарадыё) дастаўляем, на раніцу ён прачынаецца і плаціць. Гэта добраахвотная справа, але калі ён не плаціць, накіроўваем матэрыялы ў суд, і ў такім парадку ўжо бяром грошы. Ім прызначаюць нейкія працы, каб адпрацаваць", — кажуць у медустанове.

На пытанне, ці затрымліваецца ў іх нехта на некалькі дзён "перакантавацца", у медвыцвярэзніку смяюцца: такога не бывае. Але дадаюць: і без гэтага штодзень каля 20 кліентаў. З апошніх наведвальнікаў — дзяўчына 18 гадоў. Дарэчы, у сталічнай бальніцы № 3 ёсць платныя палаты. Самы танны кошт за суткі — 22 тысячы, але трапіць туды можна толькі па медыцынскіх паказаннях.

Кватэры на суткі — варыянт, але вельмі ненадоўга, бо кошты кусаюцца. Самая танная сталічная аднапакаёўка на суткі каштуе 25 долараў, ці 750 долараў у месяц.

Цікава, што гаспадары двух- і трохпакаёвак ахвотней скідваюць кошты, калі здымаць надоўга. 

“Магу скінуць да 30 долараў, калі не Новы год і калі на месяц будзеце здымаць”, — прапануе гаспадарка кватэры каля Акадэміі навук. Гэта нават танней, чым у медвыцвярэзніку!

У 100 тысяч абыдзецца койка-месца ў гасцініцы Беларускай чыгункі.

“Мы можам вас засяліць на 15 дзён, а так у нас гасцініца ведамасная, таму калі трэба будзе нам — мы вас выселім. Аднак у нас людзі і 15 дзён жывуць”, — кажуць у гасцініцы. З плюсаў — камера захоўвання для вашых рэчаў за 9000 рублёў у суткі.

Але танней за ўсё абыдзецца гасцініца МУС.

"У нас вы зможаце зняць койка-месца за 85 тысяч рублёў за суткі", — кажуць на рэсэпшне.

Прыбіральня і душ — на калідоры, але ў цэнтры горада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі