Вы тут

"Хлопцы падтрымліваюць". Як "Тата-трэнер" з Гомеля заступіўся за гамафобаў

Сяргей Бычкоў, фота са старонкі ў Фэйсбуку

Жыхар Гомеля Сяргей Бычкоў напісаў лісты ў МУС і ў МЗС. У першым ён падзякаваў міліцыі за аператыўную рэакцыю на вясёлкавы сцяг, вывешаны 17 мая над пасольствам Вялікабрытаніі. У другім паўшчуваў МЗС за пасіўнасць у пытанні "ЛГБТ-прапаганды". Копіі лістоў Сяргей размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Гамяльчанін лічыць, што пасольства зрабіла "крок, які адкрыта плюе на сямейныя каштоўнасці і сям'ю, а таксама накіраваны на падрыў дэмаграфічнай бяспекі нашай краіны". У дадатак ён перакананы, што праз такія дзеянні адбываецца "навязванне гомасэксуалізму і сэкс-меншасцяў".

Сяргей Бычкоў — бацька траіх дзяцей. Узначальвае грамадскую арганізацыю "Савет бацькаў горада Гомеля", кіруе мясцовай "Тата-школай", у якой будучых татаў рыхтуюць да нараджэння дзіцяці.

Змест лістоў выклікаў пытанні ў карыстальнікаў інтэрнэту. Спачатку Сяргей спрабаваў адказваць, але потым адключыў каментары. Еўрарадыё ўсё ж захацелася даведацца, чым ЛГБТ-сцяг так закрануў гамяльчаніна.

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі напісаць у МУС і МЗС?

Сяргей: Я разумею, што ў Беларусі шмат грамадзян незадаволена тым, што адбылося, але іх чамусьці ніхто не падтрымаў. Вось таму мы вырашылі выказаць сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Для беларусаў важная сям'я і сямейныя каштоўнасці. А тое, што адбылося, — гэта рэальная прапаганда гомасэксуалізму і ЛГБТ. Мы не маем нічога супраць людзей, схільных да гэтага, але мы лічым [вывешаны сцяг] залішняй прапагандай гэтых рэчаў.

Еўрарадыё: Вы з кімсьці абмяркоўвалі гэтую тэму?

Сяргей: Мы абмяркоўвалі гэты выпадак з прадстаўнікамі "Савета бацькаў". Хлопцы падтрымліваюць гэтую версію. Прамая нашая дзейнасць — папулярызацыя сямейных каштоўнасцяў.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, чаму вашы лісты выклікалі здзіўленне ў карыстальнікаў Facebook?

Сяргей: Я каментары пад пастом выдаліў, таму што на нас паліўся бруд — лічу, што гэта няправільна. Спрачацца ні з кім не збіраюся. Што да іншых, магчыма, нам трэба было звярнуць увагу на праблему раней. Я не магу каментаваць дзеянні іншых людзей.

17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску вывесіла над уваходам вясёлкавы сцяг. Ва ўсім свеце ён з'яўляецца сімвалам людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Пасол Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб у сваім відэаблогу адзначыла: "вывешваючы сцяг, дыпламаты імкнуліся паспрыяць прасоўванні правоў ЛГБТ-супольнасці і звярнуць увагу грамадскасці на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, з якой яны сутыкаюцца". Праз тры дні МУС Беларусі выступіла з крытыкай гэтага кроку, заявіўшы: "Як ні круці, але аднаполыя адносіны - гэта падробка".

Яшчэ праз тры дні, адказваючы на пытанні журналістаў, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сказаў, што кожнае ведамства павіннае ўяўляць сабе наступствы тых ці іншых дзеянняў. Таксама Макей выступіў супраць навязвання беларусам чагосьці, "непрымальнага для нашага менталітэту".

Еўрарадыё: 17 траўня — гэта Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй. Чаму вы называеце вывешаны сцяг "прапагандай", а не, напрыклад, знакам талерантнасці?

Сяргей: Няхай гэты дзень будзе міжнародным. Я як грамадзянін Рэспублікі Беларусь лічу, што гэта падрывае аснову сям'і і сямейныя каштоўнасці. І гэта прамая папулярызацыя таго, што адбываецца.

Еўрарадыё: Але калі хлопчыку падабаецца дзяўчынка, мужчыну — жанчына, хіба можна навязаць ім іншую арыентацыю?

Сяргей: Чаму, напрыклад, забароненая парнаграфія? Чаму гэта ўсё адбываецца? Навязванне ім вось гэтых каштоўнасцяў ўплывае на нашу моладзь, на наша грамадства. Гэта прапаганда. Я так лічу.

Еўрарадыё: Вы ўяўляеце, што вам раптам могуць пачаць падабацца мужчыны?

Сяргей: Не.

Еўрарадыё: Хіба сцяг можа змяніць такую пазіцыю?

Сяргей: Ён уплывае на нашу моладзь, на іх каштоўнасці і гэтак далей. Калі мы не забаронім сцягі, потым пойдуць дэманстрацыі.

Еўрарадыё: Вось вы яшчэ ў лісце МУС намякаеце, што вывешаны на пасольстве Вялікабрытаніі сцяг — гэта "выклік і правакацыя". Што вы маеце на ўвазе?

Сяргей: Я лічу, што яго вывесілі для таго, каб у нашай краіне гэта выклікала рэзананс.

Грошы грашыма, а каштоўнасці розныя

Пра талерантнае стаўленне да сэксуальных меншасцяў у нашых шыротах ёсць устойлівы штамп: гэтыя каштоўнасці — не "нашыя", а "еўрапейскія". Сяргей Бычкоў жадае міліцыі "і далей супрацьстаяць выклікам і правакацыям, якія арганізоўваюць асобы, што фінансуюцца з-за мяжы, з мэтай падрыву бяспекі нашай краіны".

У той жа час "Савет бацькаў горада Гомеля" нядаўна праводзіў спартыўны фестываль у рамках праекта "БЕЛМЕД", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Як гэтыя два факты могуць суседнічаць у адной карціне свету?

"Я раблю акцэнт на фінансаванні менавіта падрыву сямейных каштоўнасцяў, — тлумачыць Сяргей Бычкоў. — Гэта аб'ектыўна, таму што калі вы пройдзе па розных грантах, якія даюцца Беларусі, то сярод іх вельмі многія тычацца ЛГБТ. Я не ведаю, хто іх выдае. Хочаце — пашукайце".