HandmadE “Demo. The Music From Unfreedom”

120427 Agljadacha.mp3

handmade_postmadernizm.mp3

Тандэм Яўген Валошын-Глеб Лабадзенка – выдатнае спалучэнне лёгкай музыкі і добрай паэзіі. А калі да тандэму далучаецца Андрэй Маркуц – увогуле ўсё становіцца на свае месцы – лёгкая музыка набывае стыльнасць і амаль фірмовасць гучання, з’яўляецца прэтэнзія і, уласна, адшліфаванасць твора.

handmade_sionnia_uvieczry.mp3

Усё пачыналася ў Валошына-Лабадзенкі з гурта Jab Club, які яшчэ ў 2008 годзе заявіў пра сябе дэма-пласцінкай “Толькі разам”. Голас, гітара, спроба найпрасцейшай аранжыроўкі і трапныя, сучасныя і вельмі мінскія вершы Глеба. Песні перакачавалі ў рэпертуар HandmadE, які з’явіўся з далучэннем да гурта Маркуца, і набылі, вядома, новы, актуальны выгляд.

handmade_vulica_dym.mp3

У рэпертуары HandmadE больш за 20 кампазіцый. Але для альбома з доўгай назвай “Demo. The Music From Unfreedom” музыкі абралі толькі восем. Па словах удзельнікаў каманды, менавіта гэтыя восем твораў было лягчэй за ўсё запісаць. Тым больш, што на запіс кожнай з васьмі песень спатрэбілася максімум 50 долараў. Так што, смяюцца музыкі, ніякіх прэтэнзій да якасці запісу быць тут не можа – гэта ж HandmadE! Маўляў, усё робіцца рукамі ў беларускіх сутарэннях!

handmade_handmade.mp3

“Музыка, зробленая ў Несвабодзе” слухаецца надзвычай лёгка. Па сутнасці, яна не нясе ў сабе нейкіх незвычайных адкрыццяў і эксперыментаў, а выглядае нармальным такім беларускамоўным, паэтычным акустык-бард-рокам. Музыка, якая трымаецца за моцную паэзію. Калі HandmadE прылізаць - дадаць у гучанне крыху электронных штучак і таямнічасці, замарочыцца на запісе, а музыкам стаць крыху больш нахабнымі і прыпантаванымі, з гурта можа атрымацца нармальны такі Бумбокс – нават больш інтэлігентны, чым украінскія калегі. І тады музыка Валошына і кампаніі расфарбуе айчынныя FM-хвалі як няма чаго рабіць!

handmade_tam_dzie_lieta_byvaje_karotkim.mp3

Калі ўсё-такі ўлічваць пазіцыю музыкаў наконт “хэндмэйду”, і сапраўды не звяртаць увагу на дапусцімыя хібы ў запісе, альбом “Demo. The Music From Unfreedom” выглядае дастаткова цэльным. Сярод песень выдзяляецца “I have started”  - адзіная, музыку да якой сачыніў Андрэй Маркуц. Тут ва ўсёй красе праяўляецца рокавае мінулае музыкі, які ствараў для гурта “Neo”. А ўвогуле – добры, прыемны і мілагучны альбом, да песень якога абавязкова трэба прыслухоўвацца, бо яны могуць парадаваць цікавымі вобразамі.

handmade_i_have_started .mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі