Гурт HandmadE напісаў песню, прысвечаную бюракратам і імперцам (слухаць)

Мінскі гурт HandmadE прэзентуе новую песню "Не свяці ты гэтым паскудам!", напісаную на верш паэта Глеба Лабадзенкі "Ворагам беларушчыны", які утрымлівае алюзію на аднайменны верш Янкі Купалы. Па словах музыкаў, песню прысвячаюць "усім бюракратам, карупцыянерам і імперцам, якія пакуль добра адчуваюць сябе на нашай зямлі".

"Спадзяемся, што наш твор паскорыць працэс вылечвання Беларусі ад дрэнных людзей", — заяўляюць HandmadE.

Лідар гурта Яўген Валошын кажа, што на напісанне песні яго натхнілі падзеі ва Украіне і ў нашай дзяржаве. Па словах Яўгена, у цяперашніх рэаліях да ранейшага рамантычнага настрою гурт дадаў характар і адказнасць.

"Не свяці ты гэтым паскудам!" гучыць не зусім звыкла для HandmadE, бо ў аранжыроўцы прысутнічаюць толькі гітары і акардэон (раней гурт граў выключна стандартным рок-н-рольным складам). Музыкі кажуць, што "такі нестадыённы, але модны эксперымент падказаў зрабіць Віталь Гуркоў (вядомы тай-баксёр і ўдзельнік Brutto), з якім яны сумесна запісалі адну са сваіх песень.

Аднак, Яўген Валошын запэўнівае, што адзін з асноўных удзельнікаў HandmadE Андрэй Маркуц не пакінуў склад, а проста мае шчыльны канцэртны графік з іншымі гуртамі. "Маркуц адзін з заснавальнікаў гурта і без яго наўрад ці HandmadE будзе існаваць", — заспакойвае Яўген.

"Задавальняе пазітыўная рэакцыя людзей, — распавядае Валошын пра новую песню. — Чулі меркаванне датычна гэтага трэка некаторых нашых музычных крытыкаў. Яны кажуць, што гэта гаўно. А значыцца, мы сталі лепшымі і ў нас з'явіліся шанцы рэалізаваць сябе ў музыцы".

Фота: Budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі