Музычны тыдзень: Песня для "Еўрабачання", кліп Akute і панк-Народзіны

Гурт HandmadE нацэліўся на "Еўрабачанне" і нават запісаў песню пад кіраўніцтвам амерыканскіх спецыялістаў. Аkute нарэшце паказалі свой дэбютны кліп з элементамі эротыкі, а "Дай Дарогу!" святкуюць 15-ты дзень нараджэння! Пра гэта і не толькі чытайце і слухайце ў нашым выніковым рэпатажы.

Справа была такая. Мінская каманда HandmadE напісала песню "Бег па канатах" і аддала яе на звядзенне і майстарынг у далёкую Амерыку. Каб гатовы трэк раскруціць, а над ім, між іншым, працаваў уладальнік "Грэмі" Брэд Блэквуд, а ў запісе браў удзел знакаміты тайбаксёр Віталь Гуркоў, музыкі вырашылі падаць яго на "Еўрабачанне".


"Хочацца прыгодаў, бегаў па канатах, як у кампазіцыі, — кажа лідар гурта Яўген Валошын. — Мы гатовы ўвязацца ў гэту бойку і выкарыстаць самыя лепшыя кадры Беларусі для таго, каб зрабіць супернумар. Тое, што трэк нестандартны, я лічу, дадае нам плюсаў. Калі журы пойдзе нам насустрач, зразумее і ўбачыць патэнцыял, мы гатовы працаваць і зрабіць цікавы нумар з усіх, што былі ўвогуле за гады ўдзелу Беларусі ў "Еўрабачанні".


Паверым Handmad'у, як аднойчы паверылі гурту Аkute — яны ўсё ж выдалі свой дэбютны кліп на песню "Бегчы" з будучай пласцінкі. Відэа з лёгкім налётам эротыкі гурту даспадобы. Больш таго, сцвярджае ўдзельнік гурта Раман Жыгараў, тэлеканалы без пытанняў бяруць ролік у ратацыю:


"Цяпер я размаўляю з рэдактарамі розных TV, у іх не ўзнікае ніякіх пытанняў да гэтага soft-эратычнага моманту. Вельмі прыгожая акторка Лена, якая знялася ў кліпе. Гэта ўсё вельмі міла, мне падаецца".


У загашніках брэсцкіх панкаў "Дай Дарогу!" — не адзін кліп і сотня хітоў. А яшчэ — 15-гадовы юбілей! Еўрарадыё віншуе любімцаў беларускай моладзі з Днём нараджэння і высвятляе ў Юры Стыльскага пра галоўныя дасягненні гурта.


"Мы дасягнулі прызнання сярод публікі, народ нас палюбіў, — пералічвае Юра. — І гэта так добра, калі ты займаешся любімай справай і да таго ж запатрабаваны".


Еўрарадыё працягвае сачыць за падзеямі, што адбываюцца ў свеце беларускай і сусветнай музыкі. Чытайце пра іх на нашым сайце і слухайце ў эфіры!
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі