Прэзентацыя на Еўрарадыё: “Нямое кіно” ад мінскага гурта HandmadE

Мінскі гурт HandmadE прэзентуе на Еўрарадыё новы трэк “Нямое кіно”, тэкст да якога напісаў кіраўнік курсаў “Мова Нанова” Глеб Лабадзенка. Музыку яшчэ за студэнцкімі часамі прыдумаў вакаліст Яўген Валошын.

Увесь сэнс трэка і схаваныя падтэксты ўдзельнікі HandmadE лішні раз не тлумачаць: усё зразумела падчас праслухоўвання.

Калі звяртаць увагу на тэхнічныя моманты, то праца, звязаная з гуказапісам, рабілася ў Беларусі. Кіраваў працэсам гітарыст і аранжыроўшчык HandmadE Андрэй Маркуц.

Гурт прыкладае да прэзентацыі і відэа, якое арганізаваў акардэаніст і гітарыст Уладзімір Пыльчанка.

“Валодзя запрасіў нас на суботнік у сваю кватэру, дзе рабіўся рамонт. Якраз выпусцілі iPhone 6, і Пыльчанка вырашыў зняць відэа, ацаніць оптыку моднай прылады”, — расказвае Яўген Валошын.

“Збіраліся зняць “Нямое кіно” з першага дубля, — падхоплівае акардэаніст HandmadE. — Але перад аб’ектывам смартфона Яўгена нібы падмянілі. На сёмым дублі села батарэя. Відэа атрымалася, як кажуць, поўным хэндмэйдам. Фільтрамі, шмільтрамі і іншымі опцыямі вырашылі не карыстацца”.

Найбліжэйшы выступ гурта адбудзецца ў вялікай зале ліцэя БДУ 27 лістапада. А ў сярэдзіне снежня плануецца сэт ад HandmadE у “Джэк-клабе”.

Фота grodno.in

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі