Вы тут

Графолаг пра "зрэзаныя" подпісы: столькі экспертыз за некалькі дзён — нерэальна

Падпісны ліст / masheka.by

З амаль 365 тысяч подпісаў Віктара Бабарыкі несапраўднымі прызнаныя амаль 200 тысяч. Максім Знак, юрыст са штаба палітыка, кажа, што большасць з іх забракаваная пасля почырказнаўчай экспертызы.

Але хіба ў Беларусі ёсць столькі графолагаў, каб за некалькі дзён праверыць столькі подпісаў? Як гэта адбываецца? І колькі часу графолагу ў прынцыпе трэба на правядзенне почырказнаўчай экспертызы?

Ад 73 да 128. Тысяч

Афіцыйна прычыны, з якіх выбаркамы "зарэзалі" столькі подпісаў за Віктара Бабарыку, дагэтуль не абвешчаныя. Магчымасці азнаёміцца з дакументамі ў ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата няма: па законе гэта можа зрабіць толькі сам кандыдат, а Бабарыка цяпер у СІЗА КДБ.

Паводле звестак Максіма Знака, самая частая прычына прызнання подпісаў несапраўднымі — тое, што нібыта сам подпіс і дата побач з ім ставіліся рознымі людзьмі. Так, у Беларусі гэтага "парушэння" дастаткова, каб не лічыцца з жаданнем выбаршчыка падтрымаць свайго кандыдата.

— У такім выпадку праводзіцца почырказнаўчая экспертыза. Але мы не бачылі ні аднаго дакумента па выніках праверак. У Партызанскім раёне Мінска нам паведамілі, што ўсяго за тры дні праз дзве асобныя экспертызы былі правераны 3223 подпісы, з якіх 901 быў прызнаны неверагодным.

Я як юрыст, які ўдзельнічаў у працэсах, калі прызначаліся почырказнаўчыя экспертызы, прыкладна ўяўляю, што значыць праверыць столькі подпісаў. Гэта працаёмкая задача, — расказвае Максім Знак.

Максім Знак / Еўрарадыё

Паводле падлікаў штаба Віктара Бабарыкі, каб адбракаваць амаль 200 тысяч подпісаў, выбаркамы павінны былі праверыць ад 73 да 128 тысяч подпісаў.

Ці ўсё-ткі менш?

Ілья Дабратвор, паліттэхнолаг са штаба яшчэ аднаго прэтэндэнта — Валерыя Цапкалы, — лічыць, што аднаго "недакладнага" подпісу дастаткова, каб камісія забракавала увесь падпісны ліст. У гэтым выпадку, зыходзячы з таго, што на падпісным лісце — 10 подпісаў, каб прызнаць 200 тысяч подпісаў неверагоднымі, трэба праверыць мінімум 20 тысяч подпісаў.

У Цэнтрвыбаркаме Еўрарадыё расказалі, што палічыць дакладную колькасць правераных подпісаў за Віктара Бабарыку нельга. У цэлым працэдура праходзіць так: для праверкі ў кожным рэгіёне адбіраюць 20% ад агульнай колькасці подпісаў. Калі 15% з іх акажуцца неверагоднымі, то для праверкі дадаюць яшчэ 15% подпісаў.

— У выніку, калі ўсяго больш за 15% подпісаў будуць неверагоднымі, то ўсе подпісы бракуюцца. Нават калі, напрыклад, з 20% першых адабраных подпісаў было 28% неверагодных, а з 15% другіх адабраных не было неверагодных наогул, — тлумачаць у юрыдычным аддзеле ЦВК.

Менавіта на выкананні гэтай працэдуры заснаваныя падлікі штаба Віктара Бабарыкі. Калі правяральнікі прытрымліваліся прынятага парадку, то павінны былі праверыць ад 73 да 128 тысяч подпісаў.

Цэнтрвыбаркам не пацвярджае версію Дабратвора пра тое, што пры адным неверагодным подпісе бракуюцца ўсе подпісы ў падпісным лісце:

— Гэта працуе толькі ў тым выпадку, калі, напрыклад, пяць подпісаў у падпісным лісце сабраныя адным сябрам ініцыятыўнай групы, а астатнія — іншым. Калі ж ёсць прэтэнзіі да подпісу канкрэтнага выбаршчыка, то толькі ён адзін і бракуецца.

Што з сябе наогул уяўляе почырказнаўчая экспертыза?

Пра гэта Еўрарадыё расказаў графолаг Арцём Файзулін. Больш за 15 гадоў ён адпрацаваў у сістэме МУС Расіі. Там ён займаўся почырказнаўчымі экспертызамі — правёў больш за 1000 такіх праверак.

Арцём Файзулін — злева / vk.com

— Гэта наогул магчыма — вызначыць, што подпіс і дата запісаныя рознымі людзьмі?

Я вам адразу скажу, што гэта немагчыма. Подпіс — гэта кароткі графічны малюнак, які часцяком не змяшчае нават літар, а лічбаў ужо дакладна. Супастаўляць подпіс з лічбамі і казаць, што яны выкананы рознымі людзьмі, — немагчыма з пункту гледжання тэорыі почырказнаўчай экспертызы.

— Як павінны праходзіць почырказнаўчыя экспертызы?

Калі ўзнікаюць падазрэнні, што подпіс выкананы не тым чалавекам, то па правілах трэба выклікаць гэтага чалавека, даць яму пяць аркушаў паперы і папрасіць спісаць іх сваім подпісам. Потым подпіс, у якім мы сумняваемся, параўноўваецца з ўзорамі. Тое ж самае адбываецца з лічбамі.

— Колькі па часе можа заняць адна праверка подпісу?

Графалагічная экспертыза лічыцца вельмі складанай і працяглай працэдурай. Параўнанне подпісу з узорамі можа заняць ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён.

— А як гэта адбываецца на практыцы ў выбарчым працэсе?

Гаворка ідзе пра зусім незразумелую працэдуру, што ў Беларусі, што ў Расіі. Адзінае, да чаго правяральнік можа прычапіцца наўскідку, — гэта калі відавочна супадае почырк зборшчыка подпісаў і выбаршчыка. Калі раптам мы маем добры літарны подпіс і бачым, што характэрныя прыкметы гэтых літар паўтараюцца ў тэксце зборшчыка. Але ўсё астатняе — гэта трызненне. Графалагічная праверка подпісаў падчас выбарчых працэдур — гэта наданне навукападобнай бачнасці фіктыўнай працэдуры з загадзя заказаным вынікам.

Што да праверкі дзясяткаў тысяч подпісаў за тры дні — гэта нават у галаве не ўкладаецца. Нават калі ўсе графолагі Беларусі зоймуцца праверкай гэтых подпісаў, выканаць столькі экспертыз за некалькі дзён — нерэальна.

Што яшчэ сказала ЦВК

Калі камісія падазрае, што подпіс і дата пакінутыя рознымі людзьмі, "ёсць розныя спосабы гэта праверыць". І гэтыя спосабы не заўсёды ўключаюць почырказнаўчую экспертызу. Выбаршчыку могуць проста патэлефанаваць і спытаць, ці ставіў ён подпіс уласнаручна.

Праўда, нам не даводзілася чуць, каб каму-небудзь тэлефанавалі з такім пытаннем.

У Цэнтрвыбаркаме дадаюць, што неверагоднымі прызнаюць перш за ўсё фіктыўныя подпісы, подпісы аднаго выбаршчыка, якія выдаюцца за подпісы іншага, подпісы з няпоўнымі звесткамі (калі адсутнічаюць пашпартныя звесткі альбо яны недакладныя) і подпісы, сабраныя за межамі таго рэгіёна, куды яны былі пададзеныя на праверку. Таксама не залічваюцца падпісныя лісты, не падпісаныя зборшчыкам подпісаў, які ажыццяўляў збор, і калі на тытульным аркушы не пазначанае прозвішча прэтэндэнта, у падтрымку якога збіралі подпісы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.