Вы тут

Гомельскі ваенком атрымаў медаль у дадатак да "зараду энергіі і рашучасці"

Ваенком Крываносаў / кадр з відэа

Ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі не толькі "зарад энергіі і рашучасці", але і медаль "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку". 

Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 26 лютага. Агулам дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі 58 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці.

Палкоўнік Крываносаў перад паездкай на Усебеларускі народны сход прапаноўваў стварыць у Беларусі свой уласны інтэрнэт, дзе кіраваць будзе дзяржава. Падчас самога сходу ён папрасіў у Лукашэнкі "зарад энэргіі і рашучасці" і паціснуў яму руку.

Гэты "зарад энергіі" ён перадаў у Гомелі вайскоўцам і міліцыянтам, што было знята на відэа. Расійскі шоўмэн Іван Ургант пашкадаваў, што Лукашэнка не пацалаваў ваенкома.  

"Вось гэта шкада. Таму што вось гэтае відэа я б таксама паглядзеў", — пракаментаваў ён.

Медалём "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" ўзнагароджваюць:

— за асабістую мужнасць, адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры затрыманні злачынцаў або ліквідацыі злачынных груп, ахове жыцця і здароўя людзей; 

— за ўмелыя, ініцыятыўныя і смелыя дзеянні, якія спрыялі паспяховаму выкананню падраздзяленнем, нарадам аператыўна-службовых і службова-баявых задач па спыненні злачынных і іншых супрацьзаконных дзеянняў; 

— за ўмела арганізаваныя і дасканалыя дзеянні па папярэджанні, выяўленні і спыненні злачынстваў, іх ўсебаковым, поўным, аб'ектыўным і аператыўным расследаванні, а таксама па ажыццяўленні судова-экспертнай дзейнасці; 

— за ўмелую арганізацыю работы і высокую плённасць дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю; 

— за актыўны ўдзел і дапамогу органам унутраных спраў і ўнутраных войскаў у ахове грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю і іншымі правапарушэннямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.