Газета ”Вольны горад” працягвае судзіцца з Чэрыкаўскай ПМК-280

Выдавец “Вольнага горада” Уладзімір Кудраўцаў накіраваў у Крычаўскі раённы суд заяву аб пераглядзе рашэння ад 10 верасня 2013 года.

Кудраўцаў спадзяецца, што судовае рашэнне будзе адмененае паводле заканадаўства прапісанага ў Грамадзянска-працэсуальны кодэксе. У ім прадугледжана, што рашэнні, вызначэнні і пастановы, якія набываюць законную моц, могуць быць адмененыя ў сувязі з новымі вядомымі акалічнасцям.

А такой акалічнасцю, на думку галоўнага рэдактара “Вольнага горада”, з’яўляецца адмена папярэдняга прысуду, расказвае Сяргей Няроўны:

“Мы звярнуліся ў суд таму, што 27 снежня мінулага года прэзідыум Магілёўскага абласнога суда адмяніў рашэнні, па якіх на нас былі накладзены гэтыя выдаткі з боку ПМК. Усе суды мы выйгралі. З гэтай нагоды мы звярнуліся ў суд, каб яны нам кампенсавалі выдаткі, бо чаму мы будзем цярпець з-за гэтага — грошы мы заплацілі, а рашэнні адмененыя. Значыць, яны незаконныя, а таму грошы нам павінны вярнуць”.

Няроўны адзначае, што ПМК-280 адмовілася працягваць далейшую судовую цяжбу з незалежнымі журналістамі ў сувязі з тым, што кіраўнік Чэрыкаўскага раёна Мікалай Кадаценка ўзначаліў Бялыніцкі райвыканкам, і судзіцца з журналістамі кіраўніцтву ПМК без былога кіраўніка стала нявыгадна.

Праваабаронца Барыс Бухель з аптымізмам глядзіць на будучае судовае пасяджэнне:

“Спагнаць грошы за тое, што аплаціў раней “Вольны горад” можна без праблем. Тут рашэнне мусіць быць адназначнае станоўчым. У законе так прама і напісана: “у сувязі са зноў адкрыўшыміся абставінамі”, якімі лічыцца і новае рашэнне абласнога суда аб адмене ўсіх папярэдніх рашэнняў. Гэта з’яўляецца нагодай для спагнання сродкаў. Гэты суд будзе тэхнічным і кароткім”.

Нагадаю, што 27 снежня мінулага года Магілёўскі абласны суд адмяніў рашэнне суда Крычаўскага раёна. Нагодай для судовага працэсу сталі артыкулы ў газеце. На старонках незалежнага выдання распавядалася пра парушэнні, якія адбыліся пры афармленні працоўных кантрактаў з рабочымі ПМК. Адміністрацыя будаўнічай арганізацыі убачыла ў публікацыях мэту дыскрэдытаваць начальнікаў прадпрыемства і раённую вертыкаль улады.

Cпецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі