ФБР заплаціла хакерам, каб узламаць iPhone "бернардынскага стралка"

ФБР заплаціла хакерам, каб узламаць iPhone "бернардынскага стралка"

Каб узламаць iPhone "стралка з Сан-Бернардына" ФБР звярнулася да прафесійных хакераў, паведамляе The Washington Post. Хакеры атрымалі разавы ганарар, памер якога не вядомы, за тое, што ўказалі агентам на раней невядомую памылку ў праграмным забеспячэнні тэлефона. Інфармацыя пра гэту памылку была выкарыстана для стварэння праграмы, якая здолела ўзламаць чатырохзначны код без спрацоўвання абароны тэлефона, якая выдаляе ўсю інфармацыю.

Узлом самога кода нескладаны і займае прыблізна 26 хвілін па ацэнках ФБР. Праблема была толькі ў тым, якім чынам адключыць функцыю на тэлефоне, якая сцірае ўсе дадзеныя пасля 10 няўдалых спробаў уводу пароля.

Саід Фарук — "стралок з Сан-Бернардына" — здзейсніў тэракт у Каліфорніі. ФБР звярталася да кампаніі Apple за дапамогай узламаць запаролены тэлефон тэрарыста. Але агенты не атрымалі дапамогі. Тады ўжо суд абавязаў Apple даць ФБР доступ да зашыфраванай інфармацыі. Apple адмовілася, спасылаючыся на Першую папраўку ў канстытуцыю ЗША. Пазней ФБР заявіла, што атрымала доступ да тэлефона без дапамогі Apple.

Цяпер стала вядома, што агенты не звярталіся па дапамогу да ізраільскай фірмы Cellebrite, як гэта паведамлялі раней.

Людзі, якія дапамаглі узламаць iPhone, вядомыя як "шэрыя капелюшы". Гэта хакеры, якія знаходзяць уразлівасці ў праграмным забеспячэнні і паведамляюць пра іх урадам і кампаніям, якія робяць праграмы для назірання за карыстальнікамі.

Ёсць таксама група хакераў вядомая, як "белыя капелюшы" — яны прадаюць уразлівасці софта фірмам-распрацоўшчыкам. Іншыя, так званыя "чорныя капелюшы" выкарыстоўваць інфармацыю для ўзлому сетак і крадзяжу персанальнай інфармацыі карыстальнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі