Еўрасаюз заклікае вызваліць з-пад варты Віктара Бабарыку і яго сына

Еўрасаюз заклікае вызваліць з-пад варты Віктара Бабарыку і яго сына

Еўрасаюз звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна вызваліць з-пад варты прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-сакратара па замежных справах і палітыцы бяспекі Пітэра Стана

Таксама ЕС заклікае афіцыйны Мінск гарантаваць Бабарыкам поўнае выкананне законнасці, у тым ліку справядлівае і празрыстае расследаванне і права на доступ да адваката. 

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі 9 жніўня, афіцыйны Брусель настойліва заклікае беларускія ўлады забяспечыць змястоўнае і канкурэнтнае палітычнае спаборніцтва. На думку прадстаўнікоў ЕС, ніводнага патэнцыйнага кандыдата нельга пазбаўляць рэгістрацыі па палітычных матывах. 

"Беларускія ўлады павінны паважаць асноўныя свабоды і правы чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі. Яны павінны ўстрымлівацца ад любых абмежаванняў правоў патэнцыйных кандыдатаў, пазбягаць любых затрыманняў мірных пратэстоўцаў і неадкладна вызваляць усіх адвольна затрыманых актывістаў. Паведамленні пра выпадкі жорсткага абыходжання з асобамі, затрыманымі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, у тым ліку з Паўлам Севярынцам, выклікаюць крайнюю трывогу", — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама ЕС чакае, што афіцыйны Мінск як мага хутчэй запросіць для назірання за выбарамімісію АБСЕ/БДІПЧ. "Бяспечныя, мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі, умацаванню яе суверэнітэту і незалежнасці, а таксама пракладуць шлях да пашырэння супрацоўніцтва з ЕС і эканамічнага росквіту беларускага народа", — канстатуецца ў заяве.

Віктар і Эдуард Бабарыкі былі затрыманыя 18 чэрвеня. Старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў, што Віктар Бабарыка кіраваў супрацьпраўнай дзейнасцю былых і цяперашніх супрацоўнікаў "Белгазпрамбанка". У выніку за межы Беларусі былі выведзеныя 430 мільёнаў долараў. "Справу Белгазпрамбанка" перадалі расследаваць Камітэту дзяржбяспекі. 

Раней Еўрасаюз заклікаў зняць абвінавачанні з Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых актывістаў і выпусціць іх на волю. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі