Еўрапарламент запатрабуе ад беларускіх уладаў зарэгістраваць БХД

У новай рэзалюцыі з'явяцца таксама прозвішчы 3 палітвязняў, царква "Новае жыццё" і заклік не чапаць студэнтаў
Дэлегацыя беларускіх палітыкаў знаходзілася ў Бруселі з 17 па 19 лістапада. Цягам некалькіх дзён яны разам з еўрапарламентарыямі і падводзілі вынікі года дыялога паміж ЕС і беларускімі ўладамі.

На думку старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, візіт атрымаўся вельмі паспяховым, а яго плён абавязкова праявяцца ў будучыні. Па словах палітыка, беларуская дэлегацыя канчаткова пераканала еўрадэпутатаў працягваць дыялог з афіцыйным рэжымам, але ў той жа час не паддавацца на яго шантаж.

Цягам 2 дзён беларуская дэлегацыя таксама абмяркоўвала з еўрадэпутатамі праект чарговай рэзалюцыі па Беларусі, якую Еўрапарламент разгледзіць на наступным тыдні, і ўносіла ў яго папраўкі, паведаміў Еўрарадыё Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч: “Мы ўнеслі пэўныя прапановы, якія былі падтрыманыя і ўключаныя ў праект. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі амаль што ўсіх фракцый і прасілі падтрымаць рэзалюцыю і нашы дадаткі”.

Чакаецца, што ў новай рэзалюцыі будзе каля 14 пунктаў, а некаторыя з іх будуць складацца з некалькіх частак. Аднак па сутнасці, новая рэзалюцыя будзе пашыраным варыянтам 5 старых патрабаванняў. Праўда, сустаршыня ствараемай партыі БХД Павал Севярынец упэўнены, што новая рэзалюцыя значна больш канкрэтная за папярэднюю.

Павал Севярынец: “5 ранейшых патрабаванняў можна было задаволіць або не, зрабіўшы нейкія касметычныя змены або нават тое, што грамадзянская супольнасць не патрабавала. Напрыклад, паставіць паліцыянта каля кожнай скрынкі. Мы гэтага не патрабавалі. А Лукашэнка прадае гэта захаду. Зараз ён гэтага не зможа рабіць — ёсць канкрэтныя патрабаванні. Напрыклад, зарэгістраваць БХД, названыя канкрэтна 3 палітвязні, раней гэтага не было. Царква Новае жыццё, пакіньце яе ў супакоі”.

Беларускія палітыкі таксама ўключылі ў рэзалюцыю патрабаванне спыніць пераслед студэнтаў, якія былі выключаныя з беларускіх універсітэтаў па палітычных матывах, і не могуць вярнуцца ў краіну пад пагрозай прызыву ў войска.

Яшчэ адным важным пунктам рэзалюцыі стане патрабаванне ўключыць 5 прадстаўнікоў афіцыйных уладаў і 5 прадстаўнікоў апазіцыі ў склад беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст, якая з’яўляецца часткай праграмы “Усходняга Партнёрства”.

Аднак ніхто з удзельнікаў дэлегацыі не цешыць сябе ілюзіямі, што беларускія ўлады адразу выканаюць усё, што просіць Еўрапарламент, адзначае старшыня Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч:

Аляксандр Мілінкевіч: “Не трэба спадзявацца, што ёсць дэкларацыя, а ў Беларусі сядзяць людзі, якія толькі яе чакаюць, і адразу пабягуць выконваць, як вучні ў першым класе. Гэта заява Еўрасаюза, што трэба і важна рабіць, каб мець добрую дынаміку ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва, і палітычнага таксама”.

Аднак першыя вынікі перамоваў беларускіх апазіцыянераў з прадстаўнікамі еўраструктур можна пабачыць ужо цяпер, упэўнены Павал Севярынец, — беларусы неўзабаве атрымаюць таннейшыя шэнгенскія візы.

Павал Севярынец: “Вельмі сур’ёзным вынікам стала тое, што сёння было абвешчана пра пачатак працы над рашэннем па зніжэнні коштаў візаў. Для кожнага беларуса гэта важны вынік. Пасля некалькіх месяцаў супрацоўніцтва, падчас Еўрапейскага форума, падчас шматлікіх паездак мы падымалі гэтае пытанне. Дзякуй Богу, лёд зрушыўся”.

Праўда, пакуль адзінае на што могуць разлічваць беларусы – гэта візы па 35 еўра, аднак наступным этапам можа быць і адмена коштаў. Праўда гэта пытанне будучыні, кажа Павал Севярынец.

Фота Еўрарадыё