Дырэктар, які хацеў атрымаць хабар ад манашак, атрымаў 11 гадоў зняволення

Дырэктар, які хацеў атрымаць хабар ад манашак, атрымаў 11 гадоў зняволення

Былога дырэктара мінскага Палаца спорту Сяргея Прановіча прызналі вінаватым у атрыманні і падбухторванні да дачы хабараў, у махлярстве і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Суд Маскоўскага раёна сталіцы асудзіў яго на 11 гадоў пазбаўлення волі.

Пра затрыманне Прановіча стала вядома ў лютым 2018-га. Пасля гэтага быў адпраўлены ў адстаўку міністр спорту Аляксандр Шамко. Аляксандр Лукашэнка не мог паверыць, што Шамко не ведаў пра сітуацыю ў Палацы спорту. Праваахоўнікі пасля затрымання Сяргея Прановіча заявілі, што памеры хабараў складалі ад 100 да 1200 долараў (памер залежаў ад рэнтабельнасці, чаканай ад выставы ці гандлёвай кропкі — у палацы ў арэнду здаваліся плошчы).

Старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінска Алена Крупеніна ў каментары "Беларусь сегодня" кажа, што "кіраўнік дзяржпрадпрыемства фактычна паставіў на паток атрыманне хабараў". Паводле яе слоў, "на працягу шасці гадоў ён рэгулярна атрымліваў грошы ад прадстаўнікоў розных суб'ектаў гаспадарання, пачынаючы ад арганізатараў выстаў грызуноў і заканчваючы манахінямі, з якіх патрабаваў грошы за заключэнне дамовы арэнды". Пра выпадак з манашкамі згадваў і Лукашэнка: "Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся". Паводле яго слоў, менавіта пасля гэтага выпадку і пачалі сачыць за Прановічам (у яго кабінеце ўсталявалі схаваную відэакамеру).

Даказана атрыманне дырэктарам хабараў на агульную суму 78 тысяч рублёў. У судзе сваю віну ён прызнаў толькі часткова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі